Цікавы экспанат: кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх” ( “Новая база, новыя нечаканасці”)

Цікавы экспанат

Кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх”

Новая база, новыя нечаканасці

(працяг)

Пасля розных складанасцей і недарэчнасцей, якія напаткалі ў час пераправы праз Нёман, новая база пад Шчучынам была створана. Вестка пра “дэсантнікаў з Масквы” хутка распаўсюдзілася па пушчы і вёсках. Гэта дапамагло наладзіць кантакты з насельніцтвам навакольных вёсак, з’явіліся добраахвотныя сувязныя з горада. Было вызначана, што пад Шчучынам, Жалудком, Лідай і ў іншых месцах дыслацыруюцца падраздзяленні Арміі Краёвай. Некаторыя з іх, выконваючы волю ўраду ў Лондане, не вялі барацьбу з акупантамі, прытрымліваліся прынцыпу “трымаць вінтоўку ля нагі”. Частка ж палякоў уступала ў адкрытую барацьбу з акупантамі, марыла пра свабодную дэмакратычную Польшчу, падтрымлівала сувязь з дывізіяй Касцюшкі, якая разам з Чырвонай Арміяй змагаецца з фашысцкімі захопнікамі. Групе Жолабава неабходна было наладзіць з імі сувязь, дабіцца таго, каб яны не перашкаджалі партызанам ажыццяўляць дыверсіі на чыгунцы. На перамовы адправіліся Кануннікаў і Смальянаў. Сустрэча адбылася з паручнікам Панурам, дэсантнікам з Лондана. Народу сабралася шмат. Былі тут і Рагнер, і Пазуркевіч, І Крысь. Чыны немалыя, кіраўнікі падраздзяленняў Арміі Краёвай. Разведчыкі шмат чулі пра паручніка Пануру. Ён кадравы афіцэр польскай арміі, у 1943 годзе быў закінуты на парашуце ў раён горада Чэнстахова. Хутка стаў камандзірам батальёна і меў у сваім распараджэнні канніцу. Зімой 1944 года ў яго рэзка памяняліся погляды, ён інакш стаў адносіцца да партызан, стаў актыўней выступаць супраць немцаў. На гэтай глебе ў яго ўзніклі супярэчнасці з некаторымі ўдзельнікамі акаўскага падполля. Панура са сваім батальёнам разграміў нямецкія камендатуры ў вёсках Яхновічы, Пугачы, Еўлашы. Расказвалі, што ў маі група палякаў прабралася ў Шчучын і ачысціла нямецкі банк. Жолабаў менавіта ў Пануру бачыў патэнцыяльнага саюзніка ў барацьбе з немцамі. Тым больш што ён таксама шукаў кантакты з партызанамі. У адносінах палякаў і партызан было шмат непарузуменняў. Былі сутычкі, ахвяры з абодвух бакоў, але рараз узнікла вострая неабходнасць прыйсці да нейкага паразумення. Пры сустрэчы былі і пярэчанні, і спрэчкі, але адно стала зразумела: песенька Гітлера спета, і хутка сюды прыйдзе Чырвоная Армія. Большасці было зразумела: трэба быць на баку рускіх і ўступаць у партызаны, інакш дабра не чакай. Перамовы скончыліся паспяхова дзякуючы таму ж Пануру, які своечасова падтрымаў партызан. На развітанне ён папрасіў, каб група Жолабава дапамагла знайсці таварыша, якого закідалі разам з ім, але той трапіў, хутчэй за ўсё, да партызан. Магчыма, яшчэ жывы, ваюе разам з партызанамі. Смальянаў паабяцаў дапамагчы.

Калі вярнуліся на базу, зразумелі, што ўзніклі праблемы. Па шашы непадалёку рухаліся калоны машын, стаяў пастаянны гул. Відаць, у немцаў нешта здарылася. Ночь была неспакойная. Толькі раніцай па зводках Савінфармбюро зразумелі прычыну клопатнай ночы: Чырвоная Армія, паспяхова развіваючы летняе наступленне, вызваляла адзін беларускі горад за другім. Відаць, на нейкім участку дарог у гітлераўцаў узнікла крытычнае становішча і яны перакідалі падмацаванне. Начная трывога змянілася на радасць. Падмацаваўшыся, група разыходзіцца па розных маршрутах, каб сустрэць сувязных і патрыятычна настроеных мясцовых жыхароў, ад якіх павінны даведацца пра абстаноўку і планы ворага. Трэба тэрмінова арганізоўваць дыверсіі на ўчастку Масты-Ліда. Як пазней аказалася, немцы рыхтаваліся да эвакуацыі, ноччу па шашы рухалася часць, знятая з Усходняй Прусіі. Нямецкі шпіталь са Шчучына ўжо эвакуіравалі. Параненыя знаходзіліся ў лесе на санітарных машынах, і немцам трэба было знішчыць партызан ці хаця б выгнаць з лесу. Аднак сіл у іх было мала, таму яны вырашылі скарыстаць на сваім баку тых палякаў, якія знаходзяцца зараз у іх на службе. Незразумелае тварылася ў польскіх нацыяналістаў. Начальнікі атрымалі важныя ўказанні ад сваіх лонданскіх кіраўнікоў: частка членаў АК павінна ісці пад Варшаву, а частка – пад Вільню, на канцэнтрацыю. Там меркавалася даць бой часцям Чырвонай Арміі, якія наступалі. Вялася не толькі фізічная вайна, але і прапагандысцкая: каму паверыць насельніцтва, сяляне – зводкам Савінфармбюро або членам АК. І ўсё ж агітацыя партызан аказалася больш дзейснай. Разлад у радах АК быў на руку партызанам. Дайшлі чуткі, што афіцэр штаба паручнік Бартак рыхтуе цэлую роту з мэтай пераходу да партызан. Але была прычына, па якой групе Жолабава трэба было вяртацца ў Ліпічанскую пушчу: у руках групы аказаліся важныя звесткі, якія трэба было перадаць у цэнтр, а рацыя бяздзейнічала, паколькі батарэі згубіліся ў час сутычкі з ворагам, а запасныя знаходзіліся ў адным са схронаў Ліпічанскай пушчы.

У групы Жолабава ўжо была дакладная інфармацыя пра тое, што буржуазныя нацыяналісты рыхтаваліся да барацьбы з Савецкай уладай пасля прыходу сюды Чырвонай Арміі.  З гэтай мэтай на месцах павінна застацца частка афіцэрскага складу і рэзервістаў з ліку хутаран і жыхароў лясных вёсак, каб арганізаваць “службу абароны панскай” (САП). У раёне мястэчка Жалудок камендантам такіх арганізацый быў прызначаны падпаручнік па мянушцы “Віктар”. Падрыхтоўка да барацьбы ўжо вялася: у патаемных месцах рыліся схроны, завозіліся прадукты. Афіцэры адпрацоўвалі спосабы сувязі, падбіралі сувязных. Асаблівая ўвага свярталася на радню рэзервістаў і заможную частку вёскі. З гэтых сем’яў і падбіраліся сувязныя жанчыны і дзяўчаты.

Раніцай Жолабаў даведаўся, што атрад трапіў у западню і перайсці ў лясы Ліпічанскай пушчы будзе няпроста. Першы гэта зразумеў Барыс Зубкевіч, які на світанні вярнуўся са сваёй групай з задання. Вайсковы эшалон не дайшоў да фронту. Скрыгат вагонаў, якія ляцелі пад адхон, падняў настрой  хлопцаў. Няхай слязяцца вочы ад недасыпання, няхай твар ад камарыных укусаў увесь апух і пакрыўся чырвонымі пухірамі, няхай рукі, якімі капалі яму пад міну, усе параненыя, а ногі падкошваюцца ад стомы, але ўсё роўна перамога на іх баку, іх справа бярэ верх у гэтым глыбокім варожым тыле, амаль на прускай граніцы. Фашысты баяцца іх, яны мацнейшыя за ворага.  І ўсё пераадолеюць, абы паскорыць усеагульную перамогу.

Акцыя на чыгунцы выклікала ў немцаў адпаведную рэакцыю: яны сабралі сілы і рыхтаваліся прачэсваць лес, рабіць аблаву на падрыўнікоў. Трэба было адыходзіць, але куды? Пакуль вырашалі пытанне каля разгорнутай карты, былі выстаўлены дадатковыя сакрэты далей ад лагера, а свабодныя байцы рыхтавалі некалькі кулямётных кропак на выпадак нечаканага нападу немцаў. На станцыю і ў горад былі пасланы сувязныя. Пасля аналізу абстаноўкі і размовы з камандзірамі груп было вырашана з наступленнем цемнаты пераходзіць чыгунку проста на пераездзе. Калі немцы з аховы акажуцца ў гэты час там, завязаць з імі бой. А пакуль вырашылі заблытаць праціўніка. Група Аляксея Нізоўцава, узброеная аўтаматамі і кулямётам, была накіравана ў бок Гродна, каб паказаць праціўніку, быццам яны адыходзяць на захад, у вялікія лясы. А з наступленнем змроку група таемна мяняе маршрут і даганяе астатніх, каб разам пераходзіць праз пераезд. У паліцэйскім гарнізоне Шчучына служыў сувязны, які паведаміў, што нападзенне на лагер групы Жолабава плануецца зрабіць на світанні, большую частку перастраляць соннымі, а тых, хто выжыве, загнаць на міннае поле каля чыгункі. Так Жолабаву сталі вядомы планы праціўніка.

На маршруце захоўвалі асцярожнасць. Інакш нельга, мясціны былі дрэнна абжыты партызанамі. Час такі, што сюрпрызы могуць падкінуць і немцы, і нацыяналісты, і паліцаі. Яны не раз сцвярджалі, што знішчаць дэсантнікаў і нават духу іх не застанецца. Але дэсантнікі жылі, дзейнічалі і паспяхова спраўляліся з заданнем. Ішлі ноччу, “нага ў нагу”, каб не было нават лішняга гуку.  Галоўнае ў такіх пераходах – асцярожнасць. Здаецца, усё добра, а на сэрцы ў Жолабава трывожна. Вельмі адказны рэйд! Трэба падмануць ворага, вырвацца з западні і перабрацца да Нёмана. Напэрэдадні групе стала вядома, што карацелі пакінулі пушчу і партызаны там зноў гаспадары. Цяжкі месяц галоднага пайка, крывавых сутычак, смерці блізкіх скончыўся перамогай народных мсціўцаў. Хутчэй у пушчу, а там зноў запрацуе рацыя, група атрымае ўзрыўчатку, і баявое жыццё ажывіцца. Да таго ж трэба заняцца справай здрадніка Камінскага. Разведчыкі абавязаны злавіць яго і выканаць прысуд.

Небяспека чакала разведчыкаў на падыходзе да пераезда. Калі яны апынуліся ў жыце, здалёк заўважылі, што пад’ехала некалькі калёс з паліцаямі і немцамі. Яны расцягнуліся ланцугом і накіраваліся ў жыта. Трэба было адкрываць агонь, заспець ворага знянацку і знішчыць адным махам, інакш пачнуць яны і зробяць з атрадам Жолабава тое самае. І Жолабаў скамандаваў:

  • Агонь!

Усё змяшалася ў агульным ляскаце, і нельга было адрозніць, дзе б’юць кулямёты, дзе аўтаматы. Праз хвілін пятнаццаць немцы заляглі. Трэба было вырашаць, што рабіць далей. Бой спыніўся як па камандзе. Жолабаў ляжаў на краі поля і не верыў сваім вачам: аржанога поля як не было, сцябліны раслін скасіў свінец. Што ж тады з людзьмі? Камандзір загадвае праверыць наяўнасць людзей па групах і паведаміць прозвішчы параненых.  Праз некаторы час высвятляецца, што страт няма. Так і павінна быць – яны пачалі першыя. Але ў галаве засела думка: куды пайшлі немцы і куды ісці цяпер ім – у лес ці на пераезд? І ўсё ж вырашылі рухацца па раней вызначаным маршруце. Восем кіламетраў прайшлі адным махам. Спыніліся ў лесе: трэба было даць людзям адпачынак.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

(працяг будзе)

 

Іван Аляксеевіч Жолабаў са сваімі баявымі сябрамі (Жолабаў у першым радзе злева)

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian