Цікавы экспанат: кніга Жолабава “на Нёмане чакаюць сваіх” (“Праз міннае поле”)

Цікавы экспанат

Кніга Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх”

Праз міннае поле (заканчэнне)

У стары лагер група Жолабава не пайшла, а размясцілася кіламетры за тры на поўдзень. Знаходзіліся зараз бліжэй да чыгункі. Пісалі лісты сувязным, раскладалі ў схованках. Трэба было паспець да дзесяці раніцы, інакш тыя не здолеюць забраць і выканаць заданне. Групу знайшоў сувязны Палуян і паведаміў, што ў Дзятлава падазрона мала паліцэйскіх. Думкі былі толькі пра адно: як выбавіцца з западні і перайсці чыгунку. Барыс Зубкевіч прапаноўваў пераходзіць па мінным полі. Спачатку ўсе баяліся, але, калі Барыс растлумачыў свой план, згадзіліся. Зубкевіч узяў з сабой пяць чалавек, сярод якіх галоўнай персонай быў Аляксей Пільгун, ленінградзец, у мінулым мінёр. Прайшлі чатыры гадзіны, а ад іх ні гуку. Зубкевіч з’явіўся пад самы вечар.

  • Рыхтуйцеся, праход размініраваны.

Пільгун застаўся на месцы, на варце, каб немцы чаго не выкінулі. Далі каманду тэрмінова рыхтавацца да выступлення. Разведчыкі прыносілі весткі, што ў варожым стане робіцца нешта незразумелае. Відаць, у немцаў не клеіцца на ўсходнім фронце. Палякі з падраздзялення Арміі Краёвай у асноўным адышлі пад Вільню. Паручнік Панура загінуў пры загадкавых абставінах, хутчэй за ўсё ад рук сваіх жа, хто быў не згодны ўступаць у рады партызан.

Жолабаўцы ішлі па мінным полі і былі ўпэўнены, што на тым баку не сутыкнуцца з немцамі. Да месца прыйшлі раней, чым меркавалі. У бярозавым гайку як з-пад зямлі ўзнік Пільгун. Ён расказаў, што зняў  толькі тры міны, і папрасіў дазволу пакінуць міны ў якасці “падарункаў” немцам: пакласці пад рэйку на чыгунцы. Які цягнік першы пройдзе, той і ўзляціць у паветра. Ідэю мінёра Жолабаў адобрыў. Дапамагчы мінёру выказалі жаданне некалькі хлопцаў. Міну паставілі ўдала, і група, дачакаўшыся падрыўнікоў, рушыла далей.

Настрой ва ўсіх быў бадзёры, аднак ісці стала ўсё цяжэй. З сабой неслі параненага Алега Кануннікава. Хлопцы стаміліся, Алегу станавілася ўсё горш. Тады вырашылі зайсці ў бліжэйшую вёску, назапасіць там прадуктаў і мабілізаваць некалькі коней з калёсамі. Дзякуючы старасту здабылі соль, сала, муку, печаны хлеб. Два старыя вяскоўцы суправаджалі групу на конях. Калі да маёнтка, дзе быў прызначаны адпачынак, засталося некалькі кіламетраў, мужчын з коньмі адпусцілі, а самі, разабраўшы некалькі драўляных масткоў, каб па іх не змаглі прайсці машыны, зайшлі ў маёнтак. Гаспадары сустрэлі партызан гасцінна, дапамаглі параненаму, аддалі яму сваю невялікую спальню.

Раніцай маці гаспадыні напісала ліст знаёмаму ўрачу з Жалудка, слёзна прасіла завітаць да яе. Урач з’явіўся хутка, падкаціў на брычцы да ганка, але, калі ўбачыў партызан, адмовіўся дапамагаць, сказаўшы, што партызаны разграбілі яго аптэку. Старога ўгаварылі, напіраючы на яго абавязак дапамагаць кожнаму, хто мае ў гэтым неабходнасць.

Доктар забяспечыў параненага ўсім неабходным, а партызаны накармілі яго сваім абедам. Адпачынак быў неспакойным, па дарогах ішло шмат войска, да разабранага моста неаднаразова падыходзілі нямецкія машыны. У такія хвіліны партызаны займалі абарону і чакалі. Але немцы, відаць, спяшаліся, а партызаны стараліся сябе не выдаць. Ноччу група пераправілася праз Нёман.

У пушчы на базе было ўсё ў парадку. Сустрэлі жолабаўцаў, як родных. Не дачакаўшыся світання, запрацавала кухня, і пакуль рыхтаваўся сняданак, групу частавалі гарбатай з кораня шыпшыны, падсалоджанай сахарынам. Усе стаміліся, разышліся ў зямлянкі. Каля вогнішча засталіся толькі Бондзіч, Зубкевіч, Смальянаў і Жолабаў. Бондзіч дастаў з планшэта рапарт, атрыманы з-пад Дзятлава ад сувязнога Канстанціна Ігнатавіча Жыгалы. Рапарт захаваўся ў архівах групы цалкам. Вось яго тэкст.

“Рапарт капітану Паўночнаму.

Даводжу да вашага ведама, што мною, Жыгалам Канстанцінам Ігнатавічам, ноччу з трэцяга на чацвертага ліпеня была падкладзена міна на чыгунцы Баранавічы-Ліда вагой дзевяць кілаграмаў 600 грамаў. У выніку аказаліся  падарванымі  паравоз і чатыры вагоны, платформа з ваённай тэхнікай. Забіты машыніст і два немцы. Рух на чыгунцы быў прыпынены на пяць гадзін.

Ноччу 2 ліпеня мною была падкладзена магнітная міна, у выніку была ўзарвана цыстэрна з бензінам.

К.Жэгала”

Такое паведамленне парадавала групу. Атрымалася, што ў самы адказны момант наступлення Чырвонай Арміі атрад толькі на пачатку месяца падарваў тры эшалоны і адну цыстэрну з палівам. Сюды ж уключылі і эшалон з дрывамі, які быў падарваны на міне, устаноўленай Аляксеем Пільгуном і Леанідам Смальянавым пасля пераходу чыгункі пад Ржанкай.

Калі ўзышло сонца, партызаны ўжо абмяркоўвалі свае новыя задачы. На жаль, ставілі задачы без уліку руху Чырвонай Арміі. Пачалося летняе наступленне савецкіх войск, і размах яго гаварыў пра тое, што вызваленне пакутнага беларускага народа не за гарамі.

Раніцай 10 ліпеня 1944 года група Жолабава сустрэлася з часцямі Чырвонай Арміі ў сасновым лесе недалёка ад лагера. У гэты час артылерыйская кананада грымела недзе на Шчары, а пехацінцы прыйшлі сюды другой дарогай.

Дзе вораг? Дзе тая агромністая армія тэхнікі і людзей, якая бесперапынна ішла на ўсход цэлую вясну? На пытанне адказаў малады камандзір з чорнымі вусікамі.

  • Фашысцкая тэхніка засталася пад Оршай, Магілёвам, Бабруйскам і Мінскам. Каб вы паглядзелі, што там робіцца, жахнуліся б. А зараз вось на Нёмане шугаем іх так, што без штаноў застануцца.

Праз некаторы час пад’ехаў маёр, на грудзях у яго красаваліся чатыры ордэны. Даведаўшыся, хто перад ім, тут жа даў групе заданне: у лясах блукаюць рэшткі дзвюх нямецкіх дывізій, яны ўзброены, галодныя і злосныя, могуць шкодзіць мірным жыхарам вызваленых тэрыторый. Іх неабходна паціху вылавіць і здаць і лагеры ваеннапалонных.

Адрад хуценька дзеліцца на дзве часткі: адна ідзе ў лес лавіць нямецкіх салдат, а другая едзе на калесах у Дзятлава, спадзеючыся натрапіць там на зграю Камінскага. Але асабняк здрадніка пусты. Усюды сляды паспешлівых уцёкаў: непрыбраныя ложкі, падрыхтаваныя да эвакуацыі і кінутыя нарабаваныя рэчы, у агромністым бамбасховішчы недапітыя бутэлькі шнапсу. Зноў Камінскі выслізнуў з рук партызан. Толькі пазней стала вядома, што ўжо за Варшавай яго проста з аўтамата застрэлілі самі абвераўцы: больш ён быў ім не патрэбны.

Група Жолабава паспяхова лавіла па лесе нямецкіх салдат. Яшчэ нядаўна немцы з сабакамі ланцугом ішлі на партызан, а зараз карціна была зусім іншая: у пушчы гаспадарылі партызаны, а немцы ад іх хаваліся. У перастэлках партызаны заўсёды выходзілі пераможцамі.

Потым група Жолабава наводзіла парадак у Дзятлаве і раёне, а ў пачатку жніўня прыбыла ў сталіцу Беларусі горад Мінск. На гэтым дзейнасць спецатрада “ Дружба” была скончана.

             Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Іван Аляксеевіч Жолабаў з моладдзю (1970- гады)

 

   

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian