Нашы знакамітыя землякі: Вадзім Леанідавіч Лакіза

Чалавек, якому пакарыліся таямніцы мінуўшчыны

Калі ўспамінаешь Вадзіма Леанідаваіча Лакізу, нашага знакамітага земляка-гісторыка,  намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у душы ўзнікае пачуццё ўдзячнасці, вялікай павагі і гонару. Прыемна ад таго, што даўно знаёмы з ім, меў шмат стасункаў у розных жыццёвых сітуацыях, пачынаючы з часоў сумеснай працы ў кагорце дзятлаўскіх настаўнікаў, зносін у сценах гімназіі, куды Вадзім Леанідавіч неаднаразова прыязджаў на сустрэчу з вучнямі, і апошняй знамянальнай сустрэчы на навуковай канферэнцыі ў Дзятлаве, прысвечанай 520-годдзю горада. Дарэчы, канферэнцыя была арганізавана па ініцыятыве земляка і яго намаганнямі прайшла на высокім узроўні, сабрала самых вядомых беларускіх вучоных-гісторыкаў, у тым ліку і акадэміка Аляксандра Іванавіча Лакотку, таксама сына дзятлаўскай зямлі.

Прыгадваюцца падзеі пяцігадовай даўнасці, калі загадвала гімназічным музеем і рыхтавала міні-выставу пра землякоў-юбіляраў. Вадзіму Леанідавічу тады спаўнялася 45 гадоў. Не такі, здавалася б, значны юбілей, але для нас было вялікай прыемнасцю яшчэ раз сустрэцца з ім, атрымаць матэрыялы, кнігі, арганізаваць чарговую экспедыцыю ў вёску Пархуты, дзе знойдзены стаянкі першабытнага чалавека. Наш зямляк – адзін з тых вучоных, якіх не назавеш “кабінетным” работнікам. Ён у пастаянным руху, у пошуку, у адкрыццях. Ён заўсёды там, дзе вырашаецца лёс таго ці іншага гістарычнага аб’екта, того ці іншага каштоўнага экспаната. Ён са студэнтамі, аспірантамі, вучнямі. Ён у пошуку зацікаўленых, апантаных гісторыяй роднага краю, у пошуку аднадумцаў і прадаўжальнікаў справы адкрыцця гісторыі для шырокага кола беларусаў. Так было наладжана супрацоўніцтва з настаўніцай гісторыі гімназіі №1 г.Дзятлава Радомскай Аленай Вікенцьеўнай, некалькі разоў вучні гімназіі выязджалі на заскопкі ў межах Дзятлаўскага раёна, з задавальненнем займаліся пошукамі артыфактаў – доказаў таго, што на тэрыторыі раёна, на берагах Шчары каля вёскі Пархуты, жылі ў перыяд каменнага веку першабытныя людзі, будавалі сваё прымітыўнае па сённяшніх мерках жытло, лавілі рыбу, палявалі на лясных жывёл, ляпілі першыя гліняныя гаршкі і аздаблялі іх маленькімі штрышкамі-драпінкамі. Экзотыка і рамантыка адначасова. А можа, для кагосьці – шлях у жыццё, у навуку і самастойныя адкрыцці. Бо ёсць у Вадзіма Леанідавіча і паслядоўнікі-дзятлаўчане, у іх ліку Таццяна Даўгач з Хвінявіч. Вучоны валодае цудоўнай якасцю характару – ніколі не адмаўляе ў дапамозе землякам, не лічыцца ні з часам, ні з сіламі, ні з выдаткамі. І заўсёды помніць пра сваю малую радзіму, пра вёску Явар, дзе прыйшоў у жыццё, пра вёску Хвінявічы, дзе скончыў сярэднюю школу, пра Дзятлава, дзе жыве яго любімая мама – Лакіза Раіса Уладзіміраўна.

Кожны чалавек, перш чым дасягнуць вяршынь у сваім жыцці, праходзіць пэўны шлях, пераадольвае жыццёвыя прыступкі. На жыццёвым шляху ім нешта кіруе, яго нешта матывуе да дзейнасці. Што матывавала Вадзіма Леанідавіча? Хутчэй за ўсё, любоў да гісторыі і да настаўніцкай прафесіі. Ад Раісы Уладзіміраўны мне стаў вядомы цікавы факт з біяграфіі сына. Пасля дзесяці класаў Вадзім паступіў у Серпухаўскае ваеннае вучылішча, быў залічаны ў рады курсантаў. Але праз некаторы час вярнуўся дадому, падрыхтаваўся і ў тым жа годзе паступіў на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Што гэта, калі не лёс, які вёў Вадзіма Леанідавіча сваімі дарогамі, даваў магчымасць знайсці сваё прызначэнне ў жыцці.

А потым была вочная аспірантура Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па спецыяльнасці “археалогія”. У 2004 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Культурна-храналагічная ідэнтыфікацыя старажытнасцей ранняга і сярэдняга перыядаў бронзавага веку Беларускага Панямоння”. У 2012 атрымаў званне дацэнта. Рыхтуецца да абароны доктарскай дысертацыі. І ўвесь час у працы, у пошуку, у прадчуванні адкрыццяў. Так было, калі рыхтавалася пляцоўка пад будаўніцтва Астравецкай АЭС. Непадалёку ад пляцоўкі, каля новай аўтадарогі, вучоных чакала сапраўднае адкрыццё. Яны выявілі старажытнае гарадзішча. Гэта ўнікальная знаходка. Шурфаванне дало падставу меркаваць аб багацейшай насычанасці культурнага пласта. Культурны пласт – гэта пласт зямлі, які ўтрымлівае рэшткі прылад працы, посуду, жытла – усяго таго, чым чалавек карыстаўся на працягу свайго жыцця. Калі пасяленне існавала стагоддзі, то там захавалася вялізная колькасць гістарычных артэфактаў. Дарога праходзіць побач з аб’ектам, што можа ператварыць гэта месца ва ўнікальную кропку турыстычнага маршруту.

Працэс даследаванняў археолага даволі марудны, працяглы па часе і складаны. Гэту справу трэба любіць, быць апантаным ёю, быць фанатам. Самі мяркуйце. Праводзіць археалагічнае даследаванне могуць толькі спецыялісты, якія атрымалі адпаведны дазвол. Пачынаецца ўсё з правядзення так званай разведкі – папярэдняга вывучэння тэрыторыі, у тым ліку і па гістарычных і архіўных крыніцах. На другім этапе праводзяцца ўласна самі раскопкі. Вызначаецца пляцоўка раскопу. Звычайна гэта 100 – 200 квадратных метраў. Яна, у сваю чаргу, таксама разбіваецца на квадраты – метр на метр. Здымаецца паверхневы пласт зямлі – да пачатку культурнага пласта. На гэтай глыбіні пачынаецца культурны пласт, напрыклад, сярэдневяковага пасялення. Затым кожны квадрат раскопваецца пластамі таўшчынёй па 10-15 сантыметраў. Зачышчаецца. Абавязкова фатаграфуецца. Усё знойдзенае апісваецца, заносіцца ў спецыяльны каталог. І так да заканчэння культурнага пласта. Работа складаная, у тым ліку і фізічна. Але для Вадзіма Леанідавіча цікавейшай за гэту работу няма. Ён даследчык, першаадкрывальнік па сутнасці сваёй, на складу душы і розуму. Прадчуванне знаходкі, адкрыцця прыносіць незвычайную асалоду.

Зараз вучоны ўжо некалькі месяцаў запар праводзіць даследаванне ў раёне Белавежскай пушчы. Цікавыя факты “выкідае” на сваю старонку ў Фэйсбуку. Тут і знаходкі, і фотаздымкі месцаў, дзе праводзяцца даследаванні, і людзі, з якімі плячо ў плячо знаходзіцца вучоны кожны дзень, і цікавыя сустрэчы.

– Сэнс археалагічнага даследавання, па-першае, у вывучэнні, – расказвае Вадзім Леанідавіч, – а па-другое, у практычным прымяненні атрыманых ведаў. Наша галоўная задача – “зрабіць” навуку. Але мы яшчэ маем на мэце, каб гэтыя навуковыя веды былі перапрацаваны ў навукова-папулярныя. Сэнс нашай працы і ў тым, каб жыхары таго ці іншага раёна і ўсёй Беларусі ведалі, разумелі, шанавалі тую багатую гісторыю, якая ў іх ёсць. А ў тым, што яна багатая, я не сумняваюся! Ва ўсіх даследаваннях, якія мы праводзім, археалагічны матэрыял пасля навуковай апрацоўкі стараемся перадаць туды, дзе ён павінен быць – у мясцовы музей. Людзі павінны мець магчымасць яго ўбачыць, прывесці туды сына, унука і сказаць: так жылі нашы продкі. Адсюль – твае карані. Таму мы аказваем музеям любую патрэбную дапамогу. Ад кансультацый – і не толькі археолагаў, а і іншых супрацоўнікаў нашага інстытута – да практычнай дапамогі.

Вадзім Леанідавіч не шукае ўзнагарод – яны самі яго знаходзяць. Калі чалавек шчыра, самааддана працуе не дзеля матэрыяльных набыткаў  і славы, а каб прынесці карысць людзям, вышэйшыя сілы стаяць над ім. Вадзім Леанідавіч узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2009), Дыпломам НАН Беларусі як пераможца конкурсу ў намінацыі лепшы інавацыйны праект (2010), Падзякай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2011), Граматай Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы (2013), Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2014). Ён  дэлегат I З’езда вучоных Рэспублікі Беларусь (2007), лаўрэат персанальнай надбаўкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў навуцы за 2008 год, член Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Вадзім Леанідавіч з’яўляецца таксама навуковым кіраўніком аспірантаў Інстытута гісторыі АН Беларусі па тэме “археалогія”.

Акрамя любімай працы, ёсць у Вадзіма Лакізы і надзейны тыл: любімая жонка Марына, таксама дзятлаўчанка, дарадчыца, памочнік, сябра, сын Кірыл, мама Раіса Уладзіміраўна, брат Алег, пляменнікі. Іх сям’я – гэта прыклад маральнай стойкасці, узаемадапамогі і падтрымкі, прыклад глыбокай, самаадданай любові блізкіх людзей. Адкуль бы ні ехаў Вадзім Леанідавіч (падарожжы звязаны з работай і адпачынкам), заўсёды завітае ў Дзятлава, каб сустрэцца з сям’ёй, прывязе падарункі, нешта смачнае з экзатычных краін, напрыклад, з Кітая ці Сярэдняй Азіі. Часам прыпынкі вельмі кароткія, усяго на адну ноч, часам і таго меней, але цёплыя сустрэчы, доўгія начныя дыялогі не даюць разарваць тую нітку еднасці, якая злучае родныя душы.

28 ліпеня Вадіму Леанідавічу Лакізу спаўняецца 50 гадоў. Узрост для вучонага невялікі, можна сказаць, самая сярэдзіна шляху. Давайце ад імя землякоў павіншуем яго з юбілеем, пажадаем здароўя, плёну і пакарэння новых навуковых вяршынь.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian