ГІСТОРЫЯ МЕДЫЦЫНЫ НА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЕ
ГІСТОРЫЯ МЕДЫЦЫНЫ НА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЕ
Як развівалася медыцына на Дзятлаўшчыне ў мінулыя стагоддзі, звестак не засталося, аднак можна меркаваць, што, паколькі на нашай тэрыторыі жылі яўрэі, медыцынская дапамога аказвалася ўрачамі-яўрэямі. Іншая справа, рабілася гэта дома ці былі бальніцы. Магчыма, з цягам часу даведаемся і пра гэта. Дакладна вядома толькі, што пры польскім урадзе да 1939 года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна не было ніводнага лячэбнай установы. Як правіла, аказаннем медыцынскай дапамогі займаліся прыватныя лекары-яўрэі і народныя знахары. У 1939 г., пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі, за 6 месяцаў існавання Савецкай улады ў раёне сталі дзейнічаць зноў створаныя медыцынскія ўстановы. Першай стала бальніца ў г.п. Дзятлава на 40 ложкаў, у яе арганізацыі, згодна з указаннямі часовага кіравання г. Навагрудка, прымаў удзел урач Гулецкі М.Я. Медыцынскую дапамогу аказвалі медработнікі гэтых устаноў (11 урачоў, 13 чалавек сярэдняга медперсаналу).
Дзятлаўскі раён быў утвораны 15 лютага 1940 года і ўваходзіў у склад Баранавіцкі вобласці. 25 снежня 1962 года раён быў расфармаваны, і яго тэрыторыя была ўключана ў склад Лідскага, Слонімскага і Навагрудскага раёнаў.
У той перыяд пачала працаваць інфекцыйная бальніца на 35 ложкаў, зубалячэбная амбулаторыя ў в. Накрышкі, адчыніла свае дзверы ўчастковая бальніца на 25 ложкаў.
У час Вялікай Айчыннай вайны, паводле ўспамінаў жыхара раёна Яраша М.К., медыцынская дапамога партызанам апыналася ў доме на хутары Скрундзі ўрачом Латушынскім. У 1942 годзе быў створаны партызанскі шпіталь, у якім былі выратаваны жыцці соцень лясных змагароў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У ліпені 1944 г. у выніку працяглых баёў г.п. Дзятлава быў вызвалены. Пачынаецца перыяд аднаўлення гарадской гаспадаркі. Рашэннем кіраўніцтва ў маёнтку Радзівілаў адчыняецца бальніца. У сувязі з гэтым замак перажывае вялікія змены. Ад велічных ўпрыгожванняў у стылі ракако засталіся толькі аркавыя скляпенні, каменныя нішы, калоны і знешняя веліч. Новую бальніцу ўзначаліў Ракавер Іосіф Рахленавіч (з 1944.07.14 г. па 1944.10.01 г.)
У перыяд станаўлення аховы здароўя пасля вызвалення Дзятлаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пасаду галоўнага ўрача займаў Гулецкі Мікалай Якаўлевіч (з 1944.10.01 г. па 1948.11.05 г.).
У 1944 г. у вёсках Міроўшчына, Ахонава, Азяраны, Жукоўшчына адкрыліся ФАПы.
У 1945 г. першых пацыентаў прыняла Парэцкая бальніца на 25 ложкаў (з 1997 года – амбулаторыя), з 2014 г. амбулаторыя пераехала ў новы будынак.
У 1945 г. адкрыта Раготнаўская участковая бальніца (з 1992 года-амбулаторыя), Лапушанский ФАП.
З 1951 г. уступіла ў дзеянне 5 ФАПаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.
У 1950-1957 г. пасаду галоўнага ўрача бальніцы займаў Ляўкевіч Андрэй Ігнатавіч. З 1963 па 1973 гады – Купрыянчык Генрых Адольфавіч.
У 1947 г. у гарадскім пасёлку Казлоўшчына таксама была адчынена бальніца. У тым жа годзе ў будынку гасцініцы г.п. Наваельня была адчынена вясковая амбулаторыя з фельчарам на прыёме. З 1950 г. амбулаторыя працуе з урачом і зубным кабінетам. У 1952 г. у тым жа будынку адкрыты стацыянар на 15 ложкаў і адной медыцынскай стаўкай. З 1957 г. з адкрыццём радзільнага аддзялення стацыянар Новаяльнянскай бальніцы пашырыўся да 25 ложкаў.
У 1959 г. па в. К.Маркса ў г.п. Наваельня было адчынена новае радзільнае аддзяленне на 15 ложкаў, а па в. Снітко – новая паліклініка з тэрапеўтычным, зубным, акушэрскім і педыятрычным кабінетамі, а таксама кабінетам санітарнага фельчара. У сувязі з гэтым у вызваленым будынку бальніцы размясцілі 50 ложкаў для хворых, працавалі 3 медыкі.
З 1983 г. была пабудавана новая паліклініка з кабінетам тэрапеўта, неўролага, педыятра, хірурга, акушэр-гінеколага, стаматолага, рэнтгенолага. Пачала працаваць таксама і лабараторыя.
Падрыхтавала старшы навуковы супрацоўнік Алена Абрамчык
(працяг будзе)
Першая Дзятлаўская бальніца ў палацы Радзівілаў
Галоўны ўрач Г.А.Купрыянчык (сядзіць)
Галоўны ўрач Дзятлаўскай бальніцы Г.А.Купрыянчык (злева)
Накрышская бальніца ў маёнтку Стравінскіх (спалена партызанамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны)
Новаяльнянская бальніца (50-я гады)
Парэцкая амбулаторыя, нашы дні