17 верасня – гадавіна ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі

Да гадавіны ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі

Крыжавыя дарогі Юрыя Тарасюка

Шмат гадоў прайшло з таго часу, калі 17 верасня 1939 года адбылася важная на той час гістарычная падзея – Беларусь вярнула сабе заходнія землі, якія амаль два дзесяцігоддзі былі ў складзе буржуазнай Польшчы. Розныя былі меркаванні ў мясцовых жыхароў пра тую падзею: некаторыя трымалі нейтралітэт, чакалі, што будзе далей, многія былі супраць, асабліва тая частка сялянства, якая мела добры надзел сваёй зямлі, а былі і такія, хто аддаваў сілы і маладую энергію душы дзеля таго, каб наблізіць доўгачаканы час яднання. Сярод іх – Юрый Аляксандравіч Тарасюк з г.п.Казлоўшчына.

Сям’я Тарасюкоў у 30-я гады актыўна ўдзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым руху Заходняй Беларусі. Прагрэсіўных поглядаў прытрымліваўся бацька Юрыя – Аляксандр Тарасюк, сыны Міхась і Юрый, а таксама сястра Клава, якая дапамагала братам-падпольшчыкам, выконвала ўсе іх даручэнні, удзельнічала ў мітынгах, распаўсюджвала нелегальную літаратуру. Клаву закатавалі фашысты ў 1942 годзе ў Слоніме. Братоў Міхася і Юрыя напаткаў лёс многіх заходнебеларускіх змагароў – яны пасля вайны апынуліся ў сталінскіх лагерах, дзе Міхась загінуў, а Юрый шмат гадоў правёў у нечалавечых умовах высылак.

У архівах Дзятлаўскага музея знаходзяцца ўспаміны Юрыя Аляксандравіча Тарасюка, запісаныя ў 80-я гады мінулага стагоддзя Фёдарам Фёдаравічам Красюком, былым дырэктарам музея. У іх ветэран-падпольшчык, член КСМЗБ распавядае пра тыя далёкія гады.

Нарадзіўся Юрый Тарасюк  7 красавіка 1913 года ў вёсцы Лявонавічы Дзятлаўскага раёна. Бацька яго быў настаўнікам царкоўнапрыходскай школы, маці – хатняй гаспадыняй. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я эвакуіравалася на ўсход, пачаліся блуканні на прасторах Расійскай Імперыі.

Пасля  Кастрычніцкай рэвалюцыі бацька быў прыняты на працу ў губчэка горада Саратава, дзе жыла сям’я. Арганізаваў школку, дзе навучаў мясцовых дзяцей грамаце. У дваццатыя гады сям’я вырашае вярнуцца дадому, на Беларусь. Калі прыехалі ў Мінск, даведаліся, што родныя мясціны знаходзяцца пад уладай буржуазнай Польшчы. Цягніком даехалі да Баранавіч, адтуль – у Слонім, а са Слоніма на кані – да Казлоўшчыны.

Польскія ўлады падазрона ставіліся да тых, што вяртаўся з Савецкай Расіі, бацьку Юрыя Тарасюка называлі бальшавіком. Неўзабаве бацька падаў прашэнні аб адкрыцці беларускай школы, бо ў вёсцы Задвор’е знайшоў жадаючых вучыцца. Спачатку ўлады дазволілі адчыніць школу, але пра некалькі дзён паліцыя прыехала ў вёску, дзяцей адправілі дахаты, а школу зачынілі. Дом, у якім жыў у 80-я гады Юрый Тарасюк, у 20-я ператварыўся ў месца, дзе збіраліся прагрэсіўна настроеныя людзі акругі. Сюды прыходзілі Віктар, Уладзімір і Анатоль Мазалі, Павел Якубчык і многія іншыя.  Людзі гаварылі пра палітыку, пра сваё беднае сялянскае жыццё, спявалі беларускія песні, ставілі спектаклі. Крыхі пазней вырашылі арганізаваць бібліятэку, пачалі збіраць кнігі. Паліцыя была незадаволена такой актыўнай дзейнасцю, пагражала забараніць спектаклі, бо здагадвалася, што пад прыкрыццём культурных мерапрыемстваў актыўна дзейнічалі мясцовыя камуністы і камсамольцы. Лідарам камуністаў быў Віктар Мазоль. Сам Юрый Тарасюк ў той час быў ужо камсамольцам. Членамі арганізацыі былі Анатоль Мазоль, Уладзімір Лябецкі, Аляксандр Лябецкі. Перад камсамольцамі і камуністамі стаяла задача пашыраць нацыянальна-вызваленчы рух. У Казлоўшчыну паступала шмат падпольнай літаратуры: лістоўкі, газеты, кнігі. Яе хавалі ў хлявах, у гумнах, дома трымаць баяліся: калі знойдзе паліцыя, гаспадару паграджаў вялікі тэрмін зняволення.

У Казлоўшчыне Юрый вучыўся ў польскай школе, а пасля заканчэння, у 1927 годзе, паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Там пачалося актыўнае падпольнае жыццё: падпольная арганізацыя гімназіі мела сувязь з гарадской арганізацыяй КПЗБ і КСМЗБ. Камсамольцы гімназіі ўдзельнічалі ва ўсіх рэвалюцыйных выступленнях гарадскіх арганізацый. Так паступова Юрый Тарасюк падключыўся да падпольнай барацьбы ў Вільні. Што рабіла моладзь, у чым заключалася іх падпольная дзейнасць? Яны развешвалі чырвоныя сцягі ў людных месцах, расклейвалі і раскідалі лістоўкі, іншую літаратуру, якую друкавалі ў Вільні або прысылалі з Варшавы, удзельнічалі ў дэманстрацыях. Канспірацыя была строгая. Кожны ведаў толькі тое, што павінен быў ведаць. Гэта рабілася дзеля таго, каб не выдалі таварышаў, калі трапяць у дыфензіву. Забастоўкі таксама рыхтавалі ў строгай кансперацыі.

За час вучобы ў Віленскай гімназіі Юрый зблізіўся з Валянцінам Таўлаем, земляком са Слонімшчыны, які ў будучым стаў вядомым паэтам, вучыўся з ім у адным класе, нават сядзеў за адной партай. Валянцін быў камсамольскім лідарам. У час вучобы давялося Юрыю пабыць і вязнем Гродзенскай турмы – адседзеў у малюсенькай камеры усю зіму 1929-1930 гадоў. Судзілі камсамольцаў у Слоніме. Юрыю было тады 17 гадоў, Таўлаю – 16. Далі хлопцам на тры гады ўмоўна, Юрый быў вымушаны вярнуцца ў Казлоўшчыну. Тут ён адразу падключыўся да камсамольскай работы, аднак пастаянна знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Таму вырашыў паехаць назад у Вільню. Праз некаторы час было адменена рашэнне слонімскага суда, у Вільні адбыўся новы суд, які  прысудзіў Юрыя Тарасюка і дваіх яго таварышаў да 5 гадоў зняволення.  Хлопцам удалося схавацца і праз некаторы час перайсці мяжу. Так яны апынуліся ў Савецкай Беларусі. З пагранічнай заставы іх забраў прадстаўнік КПЗБ і перавёз у Мінск. Маладых людзей забяспечылі працай. Юрый каля двух гадоў працаваў у Камісіі па вывучынні Заходняй Беларусі пры Акадэміі навук БССР.

Аднойчы Юрыя і Валянціна Таўлая выклікалі ў ЦК партыі, у кабінет другога сакратара. Было вырашана накіраваць іх у Заходнюю Беларусь для работы ў падполлі. Таўлай паехаў вясной 1933 года, а Юрый павінен быў ехаць восенню, але яго нечакана напіравалі ў падпольную партыйную школу КПЗБ. Там ён прабыў нядоўга, ужо 27 жніўня Юрыя на спецыяльнай машыне адвезлі ў УНК (Усесаюзная надзвычайная камісія) і пад рукі завялі на самы верхні паверх, пасадзілі на табурэтку і пачалі праводзіць паўз яго відных дзеячаў падпольнай барацьбы ў Заходняй Беларусі – дэпутатаў польскага сейма: Мятлу, Рак-Міхайлоўскага, Бурсевіча, Дварчаніна, Гаўрылюка. Навошта гэта рабілася, хлопец тады не зразумеў. Калі ж яго завялі ў кабінет да следчага, ён наіўна кінуўся распытваць, чаму гэтыя людзі тут: яны ж камуністы, старыя бальшавікі. Следчы скоса паглядзеў на Юрыя і пачаў допыт. Праз паўгадзіны Юрый ужо сядзеў у камеры.

Толькі на наступным допыце стала зразумела, што хлопца абвінавачваюць у антысавецкай дзейнасці. Пытанні следчага былі наступныя: “Кім і калі завербаваны? Якія заданні выконваў?”  Юрый адмовіўся адказваць на пытанні. Допыты ішлі па некалькі гадзін, дапытвалі ўжо ўтраіх, выкарыстоўвалі перакрыжаваныя пытанні, блыталі. Працягваліся допыты тыдні тры, затым хлопца адправілі ў гарадскую турму, у агульную камеру. Усе, хто там сядзеў, не ведалі сваіх спраў, не разумелі, у чым іх абвінавачваюць.

Толькі ў лютым усіх з камеры выстраілі на калідоры, пачалі выклікаць да століка, за якім сядзеў ахоўнік, і аб’яўляць тэрміны пакарання: “Дзесяць гадоў, на Поўнач, артыкул 58, 6,11”. Вось і ўвесь суд. Потым зняволеных адпраўлялі ў нейкі клуб. Калі там сабралася каля дзвюх тысяч чалавек, усіх павялі на вакзал.  Ішлі пеша, калонай. Юрый адчуваў жах, не разумеў, што адбываецца, за што ён стаў злачынцам.

Потым была Масква, перасадка, смерць таварышаў, слабейшых фізічна, Котлас. Далей дарогі не было, ад Котласа да горада Чыб’ю (зараз Ухта) павялі пеша, кожны дзень ішлі па 25-30 кіламетраў. Спыняліся ў спецыяльна пабудаваных прыпынках. Прайшлі этапам больш за 800 кіламетраў. У лагеры выконвалі розныя работы, пераважна земляныя і будаўнічыя: спавілі сваі, дзяўблі вечную мерзлату.

Толькі ў канцы 1944 года Юрыя вызвалілі, але без права пераезду і без дакументаў. Калі скончылася вайна, выдалі часовыя пашпарты і дазволілі ехаць, хто куды пажадае.

Пасля доўгіх блуканняў Юрый Тарасюк у 1965 годзе вярнуўся ў Казлоўшчыну. Яшчэ жыла яго маці, таму пасяліўся ў яе. Калі ў 1972 годзе маці памерла, застаўся жыць адзін.

Канчаткова справа Юрыя Тарасюка была перагледжана ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 11 верасня 1956 года. Судзімасць была знята за адсутнасцю складу злачынства.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian