Мы – з Ленінскай: успаміны Георгія Аляксеевіча Шубіна, камандзіра Ленінскай партызанскай брыгады

Мы – з Ленінскай

Успаміны Георгія Аляксеевіча Шубіна, камандзіра Ленінскай партызанскай брыгады

  У фондах Дзятлаўскага краязнаўчага музея знаходзіцца кніга ўспамінаў партызан і падпольшчыкаў Баранавіцкай вобласці “За край родны”. Сярод іх – успаміны Г.А.Шубіна, які партызаніў на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы. Кніга напісана на рускай мове. Сёння прапаную вам пераклад успамінаў на беларускую мову.

Шубін Георгій Аляксеевіч нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Салтынь Урупінскага раёна Валгаградскай вобласці. Член КПСС з 1944 года. Напэрэдадні Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на курсах малодшых палітрукоў у горадзе Полацку. У баявой абстаноўцы быў прызначаны палітруком 62 дота Полацкага ўмацавання.

  У ліпені 1941 года ў выніку кантузіі і ранення трапіў у палон. Вясной 1942 года здзейсніў уцёкі з палону і ў ліпені 1942 года апынуўся сярод народных мсціўцаў, якія дзейнічалі ў Ліпічанскай пушчы. Быў намеснікам камандзіра партызанскай групы, камісарам атрада “Перамога”, з ліпеня 1943 года па май 1944 года – камандзірам Ленінскай партызанскай брыгады. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

  Пасля вайны ўзначальваў кафедру гісторыі КПСС у Валгаградскім сельскагаспадарчым інстытуце.

Нас было трое: Юзік Малахаў, Міша Крэтаў і я. Здзейсніўшы ўцёкі з лагера ваеннапалонных (Усходняя Прусія), накіраваліся на Радзіму. Да Ліпічанскай пушчы дабраліся ў ліпені 1942 года і там далучыліся да партызанскай групы лейтэнанта Мікалая Канаплёва з атрада старшага лейтэнанта Барыса Адамавіча Булата.

Тут я пасябраваў з Мікалаем Канаплёвым. Ён перадаў мне свой дзённік, у якім рабіў кароткія заметкі з гісторыі зараджэння партызанскай групы і атрада.

Ранняй вясной 1942 года з антыфашысцкіх груп у Слонімскім раёне ўзнік невялікі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам настаўніка Я.Юшко. Праз некаторы час з яго выдзелілася група ў складзе 26 чалавек і перамясцілася ў дубароўшчынскі лес (Казлоўшчынскі раён). Камандзірам гэтай групы быў выбраны камуніст, старшы лейтэнант Б.А.Булат. У хуткім часе тут з’явіліся групы, якія ўзначальвалі лейтэнанты Ф.Камароў і Г.Казуеў.

Дзейнічала таксама група з мясцовага актыву пад камандаваннем П.І.Булака. Яна базавалася ў лесе “Буралом” (каля вёскі Астраво). У гэты час утварылася таксама група на чале з ваентэхнікам 2-га ранга В.Пішчуліным.

На аснове дамоўленасці ў ліпені 1942 года адбыўся агульны сход партызанскіх груп. Тут размова ішла пра аб’яднанне. Сход прыняў рашэнне стварыць адзіны атрад, камандзірам выбраць Б.А.Булата. Выбралі камандзіраў і ў кожнай групе. Атрад пачаў дзейнічаць супраць акупантаў: разграміў некалькі дробных варожых гарнізонаў і здзейсніў рад дыверсій.

У канцы жніўня 1942 года камандзір атрада Б.А.Булат склікаў чарговую нараду камандзіраў партызанскіх груп і іх намеснікаў. Яна адбылася ў дубароўшчынскім лесе. Камандзір падвёў вынікі некаторых баявых дзеянняў, звярнуў увагу на неабходнасць умацавання дысцыпліны, паставіў пытанне пра правы камандзіраў, унёс прапанову аб стварэнні штаба атрада. Нарада прайшла па-дзелавому, усе, хто выступаў, гаварылі пра абавязак перад Радзімай, пра метады барацьбы з акупантамі. Камандзірам атрада зноў быў выбраны Б.Булат, а намеснікам – П.Булак, начальнікам штаба – В.Біцько. Атраду прысвоілі нумар 3649, а групы, якія ўваходзілі ў атрад, атрымалі нумары 145, 133, 121, 157 і 169. Іх камандзіры адпаведна П.Булак, Ф.Камароў, В.Пішчулін, І.Канаплёў і Г.Казуеў. На гэтай нарадзе вырашылі ўвесці пасаду камісара атрада, яго абавязкі ўсклалі на мяне. Пасля дыскусіі было прынята рашэнне прадаставіць камандзіру і камісару права прымяняць самыя строгія меры да парушальнікаў дысцыпліны.

Прыйшоў час любымі шляхамі здабываць зброю. З боем бралі яе ў праціўніка і збіралі з поля бою. Задача была ў тым, каб кожны партызан меў вінтоўку, аўтамат або гранаты. Насельніцтва ігнаравала загады акупантаў, якія абавязвалі здаваць зброю і боепрыпасы. Больш за тое, калі жыхарам удавалася знайсці што-небудзь з ваеннай маёмасці, то яны тут жа перадавалі партызанам або паведамлялі, дзе зброя знаходзіцца. Сяляне вёскі Малая Воля знайшлі ў рацэ Шчары патоплены бранявік. Калі намі было высветлена, што яго можна адрамантаваць, вырашылі ўзяць сабе на ўзбраенне.

Пры актыўнай дапамозе моладзі вёскі Дварок, пад кіраўніцтвам партызан В.Пішчыліна, А.Валетава і іншых быў таксама адрамантаваны савецкі танк.

Восенню 1942 года ў атрадзе налічвалася каля 300 партызан. На ўзбраенні мелася бронемашына, танк, гармата, некалькі станкавых і ручных кулямётаў, аўтаматы, больш за 200 вінтовак. Мы адчувалі сябе гаспадарамі Ліпічанскай пушчы і прылеглых населеных пунктаў. У многіх вёсках Казлоўшчынскага, Дзятлаўскага, Слонімскага, Жалудоцкага раёнаў грамілі нямецкія пункты па нарыхтоўцы сельгаспрадуктаў, акупацыйныя органы ўлады, пазбаўлялі сялян ад розных падаткаў.  Паліцэйскія, жандармскія ўчасткі захоўваліся звычайна толькі ў буйных населеных пунктах.

Рашучыя дзеянні нашых байцоў прымушалі гітлераўскае камандаванне выдзяляць частку войскаў на барацьбу з партызанамі. Акупанты пры дапамозе сваіх шпіёнаў дазнаваліся пра галоўных арганізатараў партызанскай барацьбы ў Ліпічанскай пушчы і прымалі меры для іх фізічнага знішчэння.

Помню, што такая спроба была зроблена ў адносінах да мясцовага актывіста Паўла Іванавіча Булака. А было гэта так. У групе Булака знаходзіліся жыхары хутара Мошкі Сяргейчыкі: бацька, Рыгор Сямёнавіч, і сыны Іван і Мікалай. Часам яны наведваліся на свой хутар. Калі ў жніўні Рыгор Сямёнавіч і Коля апынуліся дома, гітлераўцы акружылі хутар. Вораг пайшоў на хітрасць. Рыгора Сямёнавіча адпусцілі пад ўмову: калі ён прывядзе жывым ці мёртвым Булака, тады сын яго будзе жыць. Бацька прыйшоў у партызанскі лагер і расказаў пра гэта здарэнне. Партызаны паспрабавалі выратаваць Мікалая, але беспаспяхова. Пазней партызаны даведаліся пра апошнія дні юнага героя. У час першага дапыту Мікалая спрабавалі задобрыць. Вопытны следчы, убачыўшы збітага хлопца, разыграў з сябе дабрадзея, пачаў абурацца грубымі адносінамі да яго. Ён распарадзіўся накарміць хлопчыка, запрасіў урача для агляду. У другую ноч паўтарылася тое самае. Але Коля не паддаўся на правакацыю. Ён ведаў: у стане ворага няма і не можа быць добрых. Калі Мікалай зноў вымавіў сваё рашучае “не ведаю”, маска дабрыні была скінута. Яго пачалі катаваць, заганяць іголкі пад ногці, выкручваць рукі. Ад болю Коля траціў прытомнасць. Яго адлівалі вадой і зноў катавалі. А потым прышла самая страшная, самая цяжкая Колева ноч. Ахоўнікі зноў упіхнулі яго ў кабінет следчага. Хлопец застыў на парозе. На стуле, згорбленая, да непазнавальнага састарэлая, сядзела маці. У яе прысутнасці следчы пачаў патрабаваць ад Мікалая прызнання, затым у шаленстве пачаў пагражаць: “Калі не скажаш, дзе партызаны, дзе Булак, ты і твая маці будзеце расстраляны”. Але Коля ў адказ – ні слова. І так да апошняга ўздыху.

Рыгор Сямёнавіч і яго другі сын Ваня працягвалі барацьбу да самага вызвалення.

Найбольш значнай аперацыяй нашага атрада ў кастрычніку 1942 года было нападзенне на гарнізон праціўніка ў Рудзе Яварскай. Удзельнічалі ў аперацыі ўсе групы. Партызаны знішчылі больш за 50 гітлераўцаў і каля двух дзясяткаў паранілі.

У канцы кастрычніка 1942 года да нас прыбылі два разведчыкі з усходніх раёнаў вобласці. Яны расказалі, што ў Налібоцкай пушчы дзейнічаюць атрады імя Сталіна, імя Чкалава і іншыя, каторыя маюць сувязь з Масквой. Няма неабходнасці даказваць, што адсутнасць у нас такой сувязі ўсіх моцна прыгнятала. Па ініцыятыве Б.А. Булата яшчэ вясной 1942 года пасылаліся дзве групы за лінію фронту, але беспаспяхова. І вось нечакана з’явілася новая магчымасць заявіць пра сябе. Гэтым разам было даручана ісці на сувязь мне – камісару атрада – і адшукаць у Налібоцкай пушчы кіраўніцтва, па рацыі інфармаваць камандаванне Чырвонай Арміі або ЦККП(б)Б пра нашу барацьбу ў тыле ворага і прасіць, каб накіравалі ў Ліпічанскую пушчу вопытнага камандзіра, здольнага аб’яднаць усе атрады ў адну баявую адзінку. Адначасава дамовіліся, што разам са мной, акрамя разведчыкаў з Налібоцкай пушчы (прозвішча яго я, на жаль, забыўся), пойдзе яшчэ адзін партызан. Выбар упаў на лейтэнанта П.Смірнова. Ён аказаўся цудоўным таварышам, граматным камандзірам. Пазней Пеця Смірноў быў прызначаны намеснікам камандзіра па разведцы Першамайскай брыгады, а затым з’яўляўся камісарам брыгады “5 год БССР”.

Пераадолейшы больш за 160 кіламетраў, мы апынуліся ў партызанскім атрадзе імя Сталіна. Праваднік прадставіў нас камандзіру атрада лейтэнанту П.І.Гулевічу. Я выклаў мэту прыбыцця. Гулевіч расказаў нам пра тое, што ў Налібоцкай пушчы дейнічае Асобае злучэнне партызанскіх атрадаў (АЗПА). Камандзір гэтага злучэннямае мае сувязь з Масквой. Мне дапамаглі ўстанавіць кантакт з намеснікам камандзіра гэтага злучэння маёрам Р.Васілевічам. Апошні згадзіўся перадаць па рацыі ў Маскву змест падрыхтаванай намі даведкі пра склад і баявыя дзеянні атрада №3649. Васілевіч станоўча ацаніў нашу ініцыятыву пра аб’яднанне партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі ў Ліпічанскай пушчы і прылеглых раёнах. На пасаду камандзіра ён рэкамендаваў капітана Ф.М.Сінічкіна, з якім я ўжо пазнаёміўся.

Сінічкін быў кадравым афіцэрам Чырвонай Арміі, узнагароджаны ордэнам Чырвонвай Зоркі, у зносінах быў просты, пакінуў па сабе добрае ўражанне. Маёр Васілевіч папярэдзіў, што канчаткова гэта пытанне будзе вырашана па звароце камандзіра АЗПА. Атрымаўшы запэўненне, што капітан Сінічкін і прадстаўнік АЗПА прыбудуць у Ліпічанскую пушчу, мы ў сярэдзіне лістапада 1942 года вярнуліся на сваю базу.

У пачатку снежня да нас прыбылі маёр Р.Васілевіч і капітан Ф.Сінічкін у суправаджэнні старшага лейтэнанта Н.Пацалуева з партызанскага атрада імя Варашылава, які быў пасланы для наладжвання сувязі з Масквой.

12 снежня 1942 года ў цэнтры Ліпічанскай пушчы, у доме патрыёта Пуйты, адбылася нарада камандзіраў, камісараў, начальнікаў штабоў партызанскіх атрадаў. Тут дамовіліся аб стварэнні партызанскай брыгады. Быў выдадзены загад за подпісам прадстаўніка АСПА маёра Васілевіча. У загадзе гаварылася, што з мэтай актывізацыі барацьбы супраць акупантаў ствараецца Ленінская партызанская брыгада, у якую ўключаны атрады “Перамога” (былы №3649), камандзір П.Булак, камісар Г.Шубін, колькасны склад – 400 партызан; “Барацьба” (былы “Арлянскі”), камандзір Н.Вахонін, камісар В.Кавязін, колькасны склад – 200 партызан; атрад імя Варашылава, камандзір П.Макараў, камісар Н.Белякоў, колькасны склад – 70 партызан. Камандзірам брыгады быў прызначаны капітан Ф.М.Сінічкін, начальнікам штаба – старшы лейтэнант Б.А.Булат, намеснікам камандзіра па разведцы – старшы лейтэнант Н.Н.Пацалуеў. У красавіку 1943 года кіраўнік міжрайпартцэнтра Шчучынскай зоны С.П.Шупеня прызначыў камісарам брыгады батальённага камісара Г.В.Макарава.

Зімой 1942-1943 гадоў Ленінская партызанская брыгада ўжо аб’ядноўвала шэсць атрадаў з асабістым складам больш за 2 тысячы чалавек, мела на ўзбраенні танк, бронемашыну, танкетку, артылерыю, кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі і ператварылася ў грозную сілу для ворага.

Партызаны наносілі ўдары па вялікіх і малых гарнізонах праціўніка ў населеных пунктах Галынка, Дзярэчын, Аставо, Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна, у раёцэнтрах Жалудок і Дзятлава, знішчалі паліцэйскія ўчасткі, валасныя ўправы і г.д.

16 снежня 1942 года стала вядома, што праціўнік дзейнічае вялікімі сіламі рэгулярных войскаў, у кантакце з мясцовымі гарнізонамі і мае на мэце ачысціць тэрыторыю ад народных мсціўцаў. Намі было прынята рашэнне перайсці да манеўраных баявых дзеянняў. У баі каля рэчкі Шчары партызаны нанеслі праціўніку вялікія страты і сарвалі яго злачынныя планы. Так у ходзе фарміравання Ленінская партызанская брыгада атрымала баявое хрышчэнне.

Сутыкненні з акупантамі былі пастаяннымі на дарогах, у населеных пунктах, на чыгуначных магістралях.

Разведчыкі групы паведамілі, што ў мястэчка Рось Валкавысскага раёна  дзейнічае буйны цэментны завод. На ім працуюць сяляне з навакольных вёсак у прымусовым парадку. Цэмент вырабляецца кругласутачна і штодня вагонамі адпраўляецца на фронт.

У мяне і памочніка начальніка штаба атрада Я.Давыдкіна ўзнікла ідэя ўзарваць завод. Да гэтага часу мы ўжо навучыліся выплаўляць тол са снарадаў, бомбаў і выкарыстоўваць яго ў якасці ўзрыўчаткі. Прапанову падтрымаў камандзір атрада П.І.Булак і начальнік штаба В.Біцько. Распрацавалі план аперацыі. Мне даручылі выконваць гэта заданне.

Стварылі пяць баявых груп. Прызначылі пункты падыходу і адыходу. 1-я група – камандзір Г.Шубін. Задача – прабрацца ў будынак электрастанцыі і ўзарваць турбіны. 2-ая – камандзір Я.Давыдкін – прыкрывае  падыход і адыход першай групы. 3-я (камандзір Ф.Лабойка), 4-я (камандзір А.Чуйкоў), 5-я (камандзір А.Ухналевіч) блакіруюць  шляхі падыходу праціўніка да дотаў і завода.

Ноч. Нервы напружаны дарэшты. Я, Вася Марак і Саша Кудраўцаў пераадольваем плот. Падымаемся на нейкі земляны насып. Перад намі, метраў за 70-80, электрастанцыя. Тэрыторыя ярка асветлена. Рабяты падаліся назад. Мне таксама каштавала вялікіх высілкаў, каб не спыніцца. Кінуліся наперад. Адлегласць да ўваходу ў электрастанцыю пераадолелі імгненна. Уварваліся ў будынак станцыі, бяжым на другі паверх. Там сутыкаемся з двума чалавекамі, апранутымі ў цывільнае адзенне. Падаю каманду:

  • Рукі ўверх! Не хвалюйцеся, мы партызаны. Якая турбіна працуе?
  • Тая, – спужаным голасам адказаў адзін з рабочых.

Вася Марак паставіў вядро з толам пад турбіну. Я ўставіў запал з бекфордавым шнурам у зарад. Вася паднёс запалку. Шнур зашыпеў. Рабочыя збеглі. Выскачылі з будынка і мы. У гэты час адбыўся выбух страшнай сілы. Гэта было ў сакавіку 1943 года. Так на доўгі час быў выведзены са строю цэментны завод у мястэчку Рось.

У красавіку нам стала вядома, што ў брыгаду прыбыў кіраўнік Шчычынскага міжрайпартцэнтра, член Баранавіцкага падпольнага абкама партыі Сцяпан Пятровіч Шупеня з групай таварышаў. Яны мелі рацыю. Сам факт з’яўлення ў брыгадзе прадстаўнікоў з масквы падняў баявы дух партызан. Нашы сэрцы былі перапоўнены пачуццём радасці. Здавалася, што зараз мы ўсе зліліся ў адно са сваёй Радзімай, сваім народам.

Сцяпан Пятровіч валодаў вялікім жыццёвым вопытам. Ён удзельнік грамадзянскай вайны, у складзе дывізіі пад камандаваннем Кіквідзе прымаў удзел у баях супраць Дзянікіна, затым з’яўляўся партыйным работнікам. Напэрэдадні вайны працаваў першым сакратаром Шчучынскага райкома партыі. Спакойны, удумлівы і ўважлівы з падначаленымі.

Міжрайпартцэнтр, якім кіраваў Шупеня, з’яўляўся важным партыйным органам, што ўзначаліў партызанскае злучэнне і кіраўніцтва партыйнымі арганізацыямі ў Шчучынскай зоне, якая ахоплівала тэрыторыю Васілішскаўскага, Дзятлаўскага, Жалудоцкага, Зельвенскага, Мастоўскага і Шчучынскага раёнаў. У міжрайпартцэнтры фарміраваліся падпольныя райкомы партыі і райкомы камсамола, ажыццяўлялася каардынацыя баявых дзеянняў партызанскіх брыгад і атрадаў.

Пазнаёміўшыся са становішчам спраў у нашай брыгадзе, С.П.Шупеня правёў нараду камандзіраў і палітработнікаў брыгады, партыйна-камсамольскага актыву, партыйныя сходы ў атрадах. На іх абмяркоўваліся рашэнні V Пленума ЦК КП(б)Б і іншыя дырэктывы вышэйстаячых партыйных органаў.

Міжрайпартцэнтр ажыццявіў рэарганізацыю і ўмацаванне існуючых партызанскіх фарміраванняў, а таксама па меры стварэння новых удасканаліў структуру і метады работы партыйных арганізацый, ажыццяўляў пераразмеркаванне членаў ВКП(б) па атрадах. Расстаноўка камуністаў ажыццяўлялася з такім улікам, каб у новых брыгадах і атрадах, а таксама ў існуючых можна было б мець першасную партарганізацыю.

Напрыклад, першасная партарганізацыя атрада “Барацьба” была арганізавана ў красавіку 1943 года і складалася з трох членаў ВКП(б) і аднаго кандыдата партыі. Да моманту злучэння з часцямі Чырвонай Арміі яна вырасла на чатыры члены партыі і 27 кандыдатаў. Пры фарміраванні атрада “Непераможны” (май 1943 года) быў усяго адзін камуніст (камісар атрада), ды і той стаяў на партуліку ў партарганізацыі штаба брыгады. Да ліпеня 1944 года тут мелася тры члены і дзевяць кандыдатаў партыі. Партарганізацыя атрада “Чырвонагвардзейскі” ў снежні 1943 года складалася з трох членаў  ВКП(б), а летам 1944 года ў ёй мелася дзесяць новых кандыдатаў у члены партыі.

Усяго ў Ленінскай партызанскай брыгадзе ў чэрвені 1944 года налічвалася 59 членаў і 139 кандыдатаў у члены партыі.

У баях з акупантамі партызаны Шчучынскага злучэння адваявалі значную тэрыторыю, якая атрымала назву Ленінскай партызанскай зоны. Яна ўтварылася ў трохкутніку чыгунак Ліда-Ваўкавыск-Баранавічы. Агульная плошча складала больш за 2300 квадратных кіламетраў.

Варожыя гарнізоны і акупацыйныя ўлады знаходзіліся ў раённых цэнтрах, іх уплыў распаўсюджваўся толькі на населеныя пункты, якія знаходзіліся на аддаленай адлегласці да трох кіламетраў адзін ад другога.  Акрамя таго, гарнізоны размяшчаліся на чыгуначных станцыях, у населеных пунктах Галынка, Накрышкі, на заводзе “Нёман” (пасёлак Бярозаўка), Малькавічы, Руда Яварская. Але яны былі блакіраваны, неаднаразова знішчаліся партызанамі.

У партызанскай зоне сапраўднымі гаспадарамі былі мы. Часта задаюць пытанне: ці існавала якая-небудзь форма арганізацыі насельніцтва ў партызанскай зоне? Так, існавала. Населеныя пункты зоны былі размеркаваны і замацаваны за брыгадамі і атрадамі. Камандаванне несла поўную адказнасць за захаванне ў іх парадку. Для аховы жыхароў у кожнай вёсцы з ліку партызан прызначаліся каменданты. Брыгада, асобна ўзяты атрад вялі разведку ў строга вызначаным раёне, куды ўключаліся гарнізоны праціўніка і спецыяльныя аб’екты.

У зоне Ленінскай партызанскай брыгады камендатуры дзейнічалі па інструкцыі, зацверджанай упаўнаважаным ЦК КП(б) Беларусі і БШПР па Баранавіцкай вобласці. Інструкцыя вызначала мэты, правы і функцыі камендантаў. У іх абавязкі ўваходзіла наступнае: забяспечваць парадак у вёсках, аказваць дапамогу насельніцтву ў вырашэнні сельскагаспадарчых пытанняў, выяўляць шпіёнаў, дыверсантаў і г.д. У інструкцыі падкрэслівалася, што распараджэнне каменданта абавязковае для кожнага, хто пражывае ў дадзеным населеным пункце. Забараняўся выезд грамадзян без дазволу каменданта.

Каменданту прадастаўлялася права затрымліваць і правяраць асоб, якія выклікалі падазрэнне. Толькі з яго дазволу можна было праводзіць нарыхтоўку прадуктаў, выкарыстоўваць транспарт, які належыць сялянам, спыняцца на начлег і адпачынак. У адпаведнасці з інструкцыяй камендант абавязаны быў таксама  арганізоўваць кругласутачнае дзяжурства, мець сувязных і паведамляць камандаванню брыгады ці атрада пра з’яўленне ворага і дзеянні здраднікаў.

Партызанскія атрады, антыфашысцкія, камсамольскія арганізацыі пад кіраўніцтвам партыйных органаў вялі барацьбу супраць эканамічных і палітычных мерапрыемстваў ворага. Напрыклад, калі створаны акупантамі марыянетачны ўрад фашысцкага стаўленіка Астроўскага аб’явіў у пачатку 1944 года мабілізацыю ў так званую “Беларускую краёвую абарону”, камандаванне Ленінскай брыгады выдала спецыяльны загад ад 15 сакавіка 1944 года, у якім указвалася, што партызанскія атрады не павінны дапускаць, каб насельніцтва нашых раёнаў было гвалтоўна загнана ў нямецкую рабаўніцкую армію. Загад патрабаваў ад камандзіраў, камісараў атрадаў узмацнення  агітацыйна-масавай работы ў вёсках з мэтай зрыву нямецкай мабілізацыі ў раёнах дыслакацыі партызан.

Камандзірам атрадаў “Барацьба”, “Ленінскі”, “Непераможны”, “Чырвонагвардзейскі” было дадзена ўказанне выдзеліць па 70-80 чалавек добра ўзброеных байцоў і накіраваць у сваю зону ў якасці баявой рухомай групы з наступнымі задачамі: не дапусціць захопу і згону насельніцтва ў Германію, знішчаць варожыя карацельныя групы, ліквідаваць нямецкія прызыўныя камісіі. Праз камендантаў была арганізавана сапраўдная вахта ў вёсках, жыхарам якіх пагражала невяспека. Партызаны забяспечвалі ахову насельніцтва пры выхадзе яго ў лес. Рухомыя баявыя групы Ленінскай брыгады зрывалі мерапрыемствы акупацыйных улад, дапамагалі сялянам у час севу, выдзялялі коней, ахоўвалі сялян, якія працавалі ў полі, ад рабаўніцкага нападу карацеляў.

Жорсткія баі ў Шчучынскай зоне разгарнуліся ў сакавіку 1944 года. Упачатку гітлераўцы разлічвалі мясцовымі сіламі і рассылкай шпіёнаў зрабіць разведку, вызначыць месцазнаходжанне лагераў, маршруты руху, сілы і ўзбраенне, затым блакіраваць партызан у лесе, а працаздольнае насельніцтва вёсак вывезці на прымусовыя работы ў Германію, захапіць жывёлу, харчаванне і, нарэшце, знішчыць нашы стаянкі. Атрымаўшы разведдадзеныя пра намеры праціўніка, камандаванне Ленінскай брыгады, брыгад імя Варашылава і “Перамога” арганізавала шчыльную абарону, у выніку чаго задума ворага правалілася.

У другой палове мая 1944 года гітлераўскае камандаванне распачало спробу сіламі тылавых часцей блакіраваць нашу зону. Камандзір Шчучынскага злучэння С.П.Шупеня паставіў перад Ленінскай партызанскай брыгадай задачу: манеўрыраваць у Ліпічанскай пушчы, ахоўваць насельніцтва ад бандыцкіх налётаў карацеляў, актывізаваць дыверсійную дзейнасць на іх камунікацыях. Камандаванню партызанскіх брыгад “Перамога” і імя Варашылава было прапанавана прарваць блакаду праціўніка ў паўднёва-ўсходнім кірунку, выйсці ў раён горада Слоніма і развярнуць там баявыя дзеянні.

Пасля абарончых баёў на правым беразе ракі Шчары брыгады “Перамога”,  імя Варашылава і атрад “Непераможны” Ленінскай брыгады (агульны лік байцоў звыш 2 тысяч чалавек) засяродзілі свае сілы на тракце Слонім-Ліда паміж населенымі пунктамі Руда-Пузавічы. Зрабіўшы разведку, партызаны ноччу з 10 на 11 чэрвеня нечакана напалі на ворага і распачалі жорсткі бой. Яны ўрываліся ў абарону ворага, закідвалі бункеры гранатамі. Камандзір атрада імя Будзенага Г.Л.Кірылаў з групай байцоў расстралялі ва ўпор некалькі гітлераўцаў.

З боку Казлоўшчыны на трох пяцітонных аўтамабілях вораг падкінуў падмацаванне. Партызаны не адступілі, залеглі ў кюветах і адкрылі агонь. Машыны загарэліся. Карыстаючыся панікай у стане ворага, народныя мсціўцы перасеклі тракт і зніклі ў лесе. Звыш 100 гітлераўцаў было забіта і трыццаць цяжка парнена.

18 чэрвеня кіраўніцтва зводнай партызанскай групіроўкі (П.І.Булак і Г.Г.Іўліеў) даведалася, што праціўнік даведаўся пра месца яе дыслакацыі і зноў блакіраваў. Тады камандаванне прыняло рашэнне прарваць блакаду ў раёне вёсак Высоцк-Дзераўная і вярнуцца ў сваю зону. Дзеля выканання гэтай задачы камандзіру атрада імя Молатава (брыгада “Перамога”) І.Т.Мядзведзеву было загадана выставіць заслон на правым фланзе, камандзіру атрада “Непераможны” Ленінскай брыгады П.Н.Герасімчыку – на левым фланзе, а камандзіру атрада імя Будзёнага (атрад “Перамога”) Г.Л.Кірылаву – знаходзіцца ў авангардзе групы прарыву. Пачаўся бой. Нягледзячы на моцны агонь праціўніка, партызаны ноччу пераадолелі раку Ісу і пачалі збіраць сілу для прарыву варожага акружэння. У гэты час на месца бою з вёскі Дзераўная на дапамогу праціўніку перакідаліся войскі на сямі машынах у суправаджэнні браневіка. Але шлях варожай калоне перапынілі разлік ППР і група партызан, высланая камісарам брыгады “Перамога” Г.Г.Іўліевым. Ад першых стрэлаў з ППР выйшаў са строю бранявік і загарэлася галаўная аўтамашына. Калона спынілася. Тым часам партызаны кінуліся ў атаку, у двух месцах прарвалі супраціўленне праціўніка і вырваліся з акружэння. Акупанты страцілі 180 чалавек забітымі, 132 параненымі, а таксама бранявік і чатыры аўтамашыны.

У баях з карацелямі загінулі камісар партызанскай брыгады “Перамога” Г.Г.Іўліеў, камісар атрада “Непераможны” С.С.Касцярэнка, камандзір атрада імя Суворава І.В.Абрамаў і многія іншыя партызаны.

Наша брыгада на працягу амаль месяца не давала праціўніку магчымасці пранікнуць у вёскі, размешчаныя ў Ліпічанскай пушчы. Вораг змог захапіць тракт Дзятлава-Руда Яварская, але намеры яго спаліць вёскі, прылеглыя да яго, не здзейсніліся. Нягледзячы на складанасць абстаноўкі, падступныя планы гітлераўскага камандавання пацярпелі поўны правал.

З часу стварэння і па час злучэння з часцямі Чырвонай Арміі (12 снежня 1942 – 16 ліпеня 1944 года) партызаны Ленінскай брыгады пусцілі пад адхон 267 варожых эшалонаў, разбілі сотні паравозаў, вагонаў і платформаў з жывой сілай, тэхнікай, боепрыпасамі і іншым грузам, узарвалі 50 чыгуначных і 49 дарожных мастоў, тысячы чыгуначных рэек, узарвалі цэментны завод у мястэчку Рось. Праведзена 239 баёў з засад. Забіта і паранена вялікая колькасць гітлераўскіх салдат і афіцэраў, пашкоджана звыш 100 кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, 91 аўтамашына, спалены адзін самалёт.

     Пераклала з рускай мовы і падрыхтавала да друку Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian