Успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: І.Е.Калмыкоў

Партызанскі шпіталь

(успаміны Івана Елізаравіча Калмыкова, начальніка шпіталя Шчучынскага партызанскага злучэння)

 

  І.Е.Калмыкоў нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Сухі Атрог Балакаўскага раёна Саратаўскай вобласці. Член КПСС з 1946г. З 1939 года служыў у радах Чырвонай Арміі, быў механікам-вадзіцелем бронемашыны ў 26-м танкавым палку 13-й танкавай дывізіі Забайкальскай ваеннай акругі.

  У партызанскім руху Беларусі ўдзельнічаў з 17 чэрвеня 1942 года. Быў радавым партызанскага атрада №3649 (“Перамога”), са снежня 1942 года – начальнік шпіталя Шчучынскага партызанскага злучэння, а з лютага 1944 – камандзір узвода партызанскага атрада “Чырвонагвардзейскі” Ленінскай брыгады Шчучынскага аб’яднання. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і многімі медалямі.

  Пасля вайны жыў і працаваў у гарадскім пасёлку Дзятлава.

Лета 1942 года. У Ліпічанскай пушчы ўжо дзейнічала некалькі партызанскіх атрадаў. Яны ўсё актыўней наносілі ўдары па акупантах. Безумоўна, у час сутычак з праціўнікам былі параненыя і сярод партызан. Іх звычайна пакідалі пад апеку мясцовых жыхароў.

Помню, партызаны атрадаў, якімі камандавалі Б.А.Булат, П.І.Булак нанеслі ўдар па варожым гарнізоне ў мястэчку Дзярэчын Зельваенскага раёна. Шмат фашысцкіх захопнікаў было забіта і паранена. Але ў ходзе бою атрымалі раненне і некалькі партызан. У той абстаноўцы, якая склалася, іх нельга было пакідаць на хутарах. Там маглі загінуць яны самі, а разам з імі і тыя, хто іх хаваў.

І вось тады востра паўстала пытанне, дзе размяшчаць параненых і хворых. Адбылася нарада камандзіраў. Было прынята рашэнне стварыць аб’яднаны партызанскі шпіталь, падабраць для гэтай мэты бяспечнае, ціхае, зручнае месца дзе-небудзь у глыбіні лесу, пабудаваць там зямлянкі. Пакуль было цёпла (лета 1942 года), наш шпіталь размяшчаўся ў палатках у лесе (у “Бураломе”), каля вёскі Астраво Зельвенскага раёна.

Я быў паранены яшчэ ў час нашай засады каля гарадскога пасёлка Казлоўшчына і знаходзіўся на лячэнні ў селяніна Караля ў вёсцы Голі Зельвенскага раёна. Але калі раны пачалі зажываць, мне, які ўжо мог хадзіць на кастылях, было даручана арганізаваць і ўзначаліць шпіталь. Вось ніколі не думаў, што давядзецца займацца такой работай: токар, механік-вадзіцель бронемашыны, партызан, і раптам – начальнік шпіталя. Урача запрасілі з мястэчка Дзярэчын. Ён прыйшоў у партызаны пасля разгрому нямецкага гарнізона. Разам з ім прыйшла і медыцынская сястра цёця Лена, як звалі яе параненыя.

Першапачаткова ў шпіталі знаходзіліся на лячэнні каля дзесяці партызан. Ішоў час. Барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў актывізавалася. Павялічылася колькасць партызан, больш праводзілася баявых аперацый. У сувязі з гэтым узрасла колькасць параненых. Безумоўна, узнікала шмат розных праблем. Па-першае, патрэбны быў медыцынскі персанал і персанал для абслугоўвання, па-другое, забеспячэнне аховы, па-трэцяе, забеспячэнне харчаваннем, матэрыяламі і медыкаментамі.

Згодна з нашым хадайніцтвам камандаванне атрада  №3649 выдзеліла і залічыла ў штаб шпіталя групу партызан. Усе яны атрымалі пэўны ўчастак работы. Але для лячэння параненых патрабаваліся медыкаменты. У рашэнні гэтай праблемы нам прыйшло на дапамогу насельніцтва.

Быў такі выпадак. У аднаго параненага пачалося заражэнне крыві. Патрабавалася тэрміновае хірургічнае ўмяшальніцтва. Урач шпіталя бездапаможна разводзіў рукамі, даказваючы, што без інструментаў, перавязачнага матэрыялу і медыкаментаў ён бяссільны што-небудзь прадпрыняць. Тады камандзір атрада Барыс Адамавіч Булат запрасіў свайго намесніка па разведцы В.К. Лябецкага і даручыў яму звязацца з мясцовымі медыкамі. Ад знаёмых з гарадского пасёлка Наваельня Лябецкі даведаўся, што на хутары за чыгуначным пераездам  па дарозе  Дварэц-Азяраны жыве ляснічы Іван Кляменцьевіч Лягеза, які мае лякарствы. Лябецкі завітаў да яго. Гэты факт пацвердзіўся. У 1941 годзе пры адступленні адна наша воінская часць пакінула на хутары дзве санітарныя машыны, у якіх знаходзілася шмат інструментаў, перавязачнага матэрыялу, розных медыкаментаў. Лягеза прыхаваў іх, а зараз прапанаваў нам. Тады ж партызаны Г.Сцепанішчаў і В.Котцаў прывезлі ў атрад чатыры скрыні рознай медыцынскай маёмасці, у тым ліку лекаў і два наборы хірургічных інструментаў, што фактычна і з’явілася матэрыяльна-тэхнічнай базай нашага шпіталя. Цяжкапаранены быў выратаваны.

Ад мясцовага насельніцтва, ад нашых сувязных, якія рызыкавалі жыццём, мы атрымалі неабходную дапамогу. Перадыслацыраваўшыся ў Дубароўшчынскі лес, мы размясціліся ў палатках. З наступленнем халадоў трэба было падабраць другое месца. У вырашэнні гэтага пытання дапамог наш сувязны Іван Іосіфавіч Філідовіч з вёскі Пушча Ліпічанская Дзятлаўскага раёна. Сям’я Філідовічаў пастаянна нам дапамагала, за што галава сям’і Іосіф Юр’евіч аддаў жыццё.

А здарылася гэта вось як.  У час блакады ў снежні  1942 года фашысты вельмі блізка падышлі да вёскі. Ведаючы пра тое, што карацелі набліжаюцца, я прапанаваў Іосіфу Юр’евічу разам з сям’ёй часова перабрацца да нас. Але ён адмовіўся, заявіўшы, што параненыя партызаны могуць не хвалявацца – ніхто з Філідовічаў не выдасць ворагу месца размяшчэння шпіталя.

У сярэдзіне снежня раніцай усе жыхары вёскі Пушча Ліпічанская прачнуліся ад гукаў матораў нямецкіх машын, узрываў снарадаў, кулямётных і аўтаматных чэргаў. Фашысты вялі наступленне на партызан. Яны ішлі шчыльным ланцугом. Група карацеляў акружыла хату Філідовіча і арыштавала ўсіх, хто ў ёй знаходзіўся. Відаць, нехта данёс, што гэта сям’я ведае, дзе дыслацыруюцца партызаны. Фашысты вывелі Іосіфа Юр’евіча, яго ўнука Фёдара з маці і пачалі патрабаваць, каб яны паказалі месца, дзе знаходзяцца партызаны. Філідовічы адказвалі, што нічога не ведаюць. Акупанты падпалілі хату і павялі арыштаваных да пясчанага кар’ера. Адзін з карацеляў накінуў Фёдару на шыю пятлю з вяроўкі, а другія нагнулі маладую бярозу і пачалі канец вяроўкі прывязваць да яе верхавіны.  Стары не вытрымаў і заявіў:

  • Адпусціце яго, я павяду вас.

Фашысты згадзіліся, пайшлі за ім… Толькі ў сакавіку 1943 года цела Іосіфа Юр’евіча Філідовіча было знойдзена партызанамі, прычым зусім у працілеглым баку ад шпіталя – у балоцістай мясцовасці. Ён ляжаў уніз тварам, у патыліцы знойдзены дзве раны ад кулі.

Вялікую дапамогу аказвалі нам і іншыя жыхары Пушчы Ліпічанскай. Трымала сувязь з партызанамі сям’я Мацукевічаў – Іосіф Іванавіч, яго жонка Юлія Лявонцьеўна і сын Іван. Па рэцэптах, напісаных урачамі, яны даставалі ў Дзятлаве лекі і перадавалі ў шпіталь. З каўстычнай соды выраблялі мыла, якім забяспечвалі партызан. Многія патрыёты вёсак Вялікая Воля, Трахімавічы, Дзям’янавічы, Гузні, Шаршні, Дубраўка таксама перадавалі нам харчаванне і іншыя матэрыялы.

З дапамогай сувязнога І.І.Філідовіча было падабрана месца для нашай стаянкі. Сапраўды, яно аказалася на дзіва зручнае: востраў, плошчай каля аднаго гектара, знаходзіўся пасярод велізарнага непраходнага балота. Як сам востраў, так і балота былі пакрыты густым лесам. Прайсці на яго можна было толькі ў адным месцы па спецыяльных кладках. Чалавек, які не ведаў гэтага праходу і рызыкаваў дабрацца туды, быў асуджаны на гібель.

На востраве закіпела работа. Для аказання дапамогі прыйшла сюды група партызан. Выкарыстоўваючы рэльеф мясцовасці, мы рабілі зямлянкі тыпу пячор, што забяспечвала добрую маскіроўку зверху. Да 12 снежня 1942 года ўсе работы былі ў асноўным завершаны, і для хворых наладзілі ўваходзіны.

У снежні 1942 года адбылася вельмі важная падзея. На базе атрадаў “Перамога”, імя Варашылава і “Барацьба” ўзнікла Ленінская партызанская брыгада. Камандзірам яе стаў Фёдар Міхайлавіч Сінічкін, начальнікам штаба – Барыс Адамавіч Булат. Стварэнне брыгады станоўча адбілася і на нашай рабоце. Фактычна і раней у шпіталі лячыліся параненыя ўсіх партызанскіх атрадаў і груп, аднак клопат пра іх ляжаў у асноўным на атрадзе “Перамога”. Зараз шпіталь перайшоў у падначаленне штаба аб’яднання, а ў сувязі з гэтым палепшылася забеспячэнне ўсім неабходным.

Ледзь толькі мы паспелі назапасіць асноўныя прадукты харчавання, пасцельныя прыналежнасці, медыкаменты, як акупанты ў сярэдзіне снежня 1942 года пачалі наступленне на партызан. Гэта была сапраўдная блакада (мы называлі яе першай блакадай).

Фашысты разлічвалі заціснуць Ленінскую брыгаду ў вусце рэк Шчара і Нёман. У гэтай аперацыі ўдзельнічалі рэгулярныя вайсковыя часці акупантаў.

На працягу некалькіх дзён партызанскія атрады вялі зацяжныя баі. Калі ж навісла пагроза акружэння, давялося змяніць тактыку. Камандзір брыгады Ф.М.Сінічкін загадаў прарывацца на двух кірунках – на паўднёвы ўсход, у бок Налібоцкай пушчы, і на паўднёвы ўсход, у бок лесу, размешчанага паміж Слонімам і Баранавічамі, ва ўрочышчы “Воўчыя норы”. Умела манеўрырыючы, выкарыстоўваючы ледзь прыкметныя сцяжынкі, асноўныя сілы партызан выйшлі з кальца.

У шпіталі знаходзілася некалькі дзясяткаў цяжкапараненых і хворых партызан. Лёгкапараненыя заставаліся ў атрадах і там абслугоўваліся сваімі медыцынскімі работнікамі. Што было рабіць нам? У гэтай складанай сітуацыі камбрыг загадаў: параненым і медперсаналу заставацца на месцы, нічым сябе не выдаваць.

Мы прынялі неабходныя меры перасцярогі: замаскіраваліся так, каб не было нават падазрэння, што тут калі-небудзь знаходзіліся партызаны. Кладкі ўбралі і схавалі. Размову вялі шэптам. Ніхто не меў права выйсці за межы шпіталя. Паліць вогнішчы забаранялася. Кожнаму выдалі сухі паёк.

Усе схаваліся ў зямлянках і чакалі. Побач чулі страляніну, нямецкую гаворку. Здавалася, вось-вось прыйдзе бяда. Дні здаваліся гадамі. А блакада працягвалася два тыдні. Потым у Ліпічанскую пушчу пачалі вяртацца нашы атрады.

У красавіку 1943 года пачаў дзейнічаць Шчучынскі міжрайпартцэнтр. На базе Ленінскай узніклі брыгады Першамайская, імя Кірава, імя Варашылава і “Перамога”. Усе яны ўваходзілі ў склад Шчучынскага партыйнага злучэння, камандзірам якога быў Сцяпан Пятровіч Шупеня.

Варожая блакада нас шмат чаму навучыла. Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што ва ўмовах партызанскага жыцця, калі фактычна няма тылу, а ўсюды фронт, асаблівае значэнне набывала стварэнне прыпасаў: прадуктаў харчавання, абмундзіравання, медыкаментаў. І трэба сказаць, што С.П.Шупеня, камандзір Ленінскай брыгады Ф.М.Сінічкін, камісар брыгады Г.В.Макараў надавалі гэтаму вялікае значэнне.

У адносна кароткі час шпіталь забяспечваўся свежым харчаваннем: малаком, мясам, агароднінай. Але рабіць гэта было складана. Таму камандаванне Шчучынскага злучэння даручыла намесніку камандзіра Ленінскай партызанскай брыгады па разведцы Уладзіміру Канстанцінавічу Лябецкаму

(пасля вайны жыў і працаваў у Навагрудку) рэгуляваць забеспячэнне шпіталя ўсім неабходным. Быў зацверджаны строгі графік, у адпаведнасці з якім брыгады і атрады пры любых абставінах павінны былі дастаўляць нам пэўную колькасць мяса, мукі, бульбы, солі, пасцельных прыналежнасцей.

З мэтай бяспекі доступ на тэрыторыю шпіталя быў строга абмежаваны. Гэтым займаліся асобыя аддзелы, якія павінны былі агранічваць доступ у шпіталь. Таму на подступах да шпіталя і на яго тэрыторыі кругласутачна дзяжурылі вартавыя. Параненых падвозілі да балота, а адтуль на насілках дастаўлялі ў шпіталь толькі нашы санітары.

Летам 1943 года вораг распачаў другое наступленне на Ліпічанскую пушчу. Як і ў час першай блакады, асноўныя сілы партызан выходзілі з акружэння ў тых жа накірунках. А шпіталь заставаўся на месцы.

Наша становішча выклікала трывогу. Справа была ў тым, што праціўнік ведаў пра існаванне шпіталя, толькі не меў звестак, дзе ён знаходзіцца. Нам трэба было нешта рабіць, і мы пайшлі на такую хітрасць: на месцы стаянкі аднаго з атрадаў раскідалі акрываўленыя бінты, вату, якія былі ва ўжытку. Рабілася гэта з разлікам на тое, што праціўнік, заўважыўшы прыкметы шпітальнай стаянкі, не будзе працягваць пошукі.

Каб схаваць нават сляды ў кірунку да шпіталя, мы сабралі сухія хвойныя іголкі і засыпалі імі ўсе дарожкі. Кладкі зноў знялі. На жаль, давялося пазбавіцца ад кароў і авечак, каб яны мычаннем і бляяннем не выдалі наша месцазнаходжанне. Хворых зноў перавялі на сухі паёк. Варта адзначыць, што наша партызанская кемлівасць дапамагла. Шпіталь і гэтым разам не быў знойдзены ворагам.

Акрамя ўрачоў, у шпіталі было некалькі медыцынскіх сясцёр, санітарак і санітараў, у іх ліку – санітар Ягор Рашэтнікаў (пазней загінуў на фронце), Мікалай Савін (забіты бандытамі ў 1944 годзе). Медсястра Кацярына Іванаўна Трыфанава не толькі даглядала параненых, але і пякла хлеб, гатавала ежу, мыла бінты і бялізну хворых.

Калі мы сёння вымаўляем слова “шпіталь”, у нашым уяўленні ўзнікаюць светлыя карпусы, белыя халаты, неабходныя медыцынскія прыборы і прыналежнасці, аперацыйны стол з лямпавым купалам. Нічога падобнага ў нашым партызанскім шпіталі не было. Працаваць даводзілася ў вельмі цяжкіх умовах. У зямлянках туліліся параненыя, асобна ляжалі хворыя на тыф і другія захворванні. Тэрміновыя начныя аперацыі хірургі рабілі пры лучыне, а днём пры цьмяным святле, якое паступала праз адтуліны ў страсе зямлянкі. Вясной жа і летам пры добрым надвор’і аперацыі рабіліся на адкрытым паветры.

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, параненыя параўнальна хутка папраўляліся. Большасць з іх перажылі вайну, паспяхова працавалі ў мірны час і добрым словам успаміналі работнікаў партызанскага шпіталя.  У нас лячыўся Іван Дзмітрыевіч Калашэінаў – былы камандзір атрада “Чырвонагвардзейскі”, які пасля вайны працаваў дырэктарам Мастоўскага фанерна-дрэваапрацоўчага камбіната; Спірыдон Спірыдонавіч Кузняцоў, таксама пасля вайны працаваў у Мастах; Васіль Трафімавіч Мяшчэраў – пенсіянер, жыў у Дзятлаўскім раёне; Георгій Мікалаевіч Павачка, жыў у Наваельні; Ілья Міхайлавіч Глазкоў, у мірны час працаваў намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР, і многія, многія іншыя.

За перыяд работы шпіталя ў ім прайшлі лячэнне сотні параненых і хворых партызан. Мы абслугоўвалі не толькі Шчучынскае, але і брыгады і атрады Беластоцкага партызанскага злучэння, якія базаваліся некаторы час у Ліпічанскай пушчы. Тут жа знаходзіўся Беластоцкі абкам КП(б)Б. Наш медперсанал аказваў таксама вялікую дапамогу ў лячэнні мясцовага насельніцтва.

Як мы здабывалі медыкаменты?

Выкарыстоўваючы бестурботнасць немцаў, іншы раз партызаны бралі медыкаменты проста з раённых бальніц і аптэк.

Восенню 1943 года ў Ленінскі партызанскі атрад прыйшоў урач па прозвішчы Пупко і паведаміў, што бальніца ў вёсцы Урбанаўшчына, за 1,5-2 кіламетры ад райцэнтра Казлоўшчына, нікім не ахоўваецца. Тады начальнік асобага аддзела атрада К.К.Каско ўзяў двух партызан і ноччу разам з Пупко накіраваўся ў бальніцу. Паход быў паспяховым: мы значна папоўнілі свае прыпасы.

Пасля гэтай аперацыі ўзнікла пытанне: магчыма, можна здабыць медыкаменты такім жа шляхам у больш буйной, Дзятлаўскай бальніцы? У райцэнтры стаяў нямецка-паліцэйскі гарнізон. Бальніца – стары, масіўны будынак, пабудаваны ў сярэдзіне 18 стагоддзя, – знаходзілася на заходняй ускраіне, але за 400-500 метраў ад яе размяшчалася жандармерыя. Каля бальніцы гітлераўцы ўстанавілі пост, таму пранікнуць туды было не так проста. Узяць медыкаменты з боем? Будуць ахвяры. Аперацыю вырашылі ажыццявіць з дапамогай нашых сувязных – падпольшчыкаў, якія працавалі ў Дзятлаве. Камандаванне злучэння даручыла гэту задачу партызанскаму атраду “Барацьба”. Выбар быў невыпадковым. Адзін з арганізатараў атрада Мікалай Рыгоравіч Вахонін, у той перыяд намеснік камандзіра атрада па разведцы, са згоды райкама партыі ажыццявіў сувязь з дзятлаўскім падполлем. Не аднойчы ён наведваў райцэнтр, добра ведаў падыходы да бальніцы. Трэба было толькі падабраць чалавека, які ведаў бы, дзе ляжаць медыкаменты і інструменты, што дакладна трэба ўзяць. Такім чалавекам аказаўся партызанскі ўрач Аляксандр Антонавіч Станкевіч, які да восені 1943 года працаваў у бальніцы (у мірны час доктар медыцынскіх навук, загадчык аддзялення лучавой тэрапіі Ленінградскага НІІ анкалогіі імя Н.Н.Пятрова).

План аперацыі ўзгаднілі са старшынёй Дзятлаўскага раённага антыфашысцкага камітэта Георгіем Паўлавічам Русіным і галоўным урачом бальніцы Мікалаем Якаўлевічам Гулецкім. Апошні ўжо даўно падтрымліваў сувязь з партызанамі і аказваў магчымую дапамогу. Ведала пра наш намер і яшчэ адна работніца бальніцы – фельчар-акушэрка Праскоўя Іванаўна Селуянава (Якушава) – сувязная партызанскага атрада “Барацьба”, якая падрыхтавала медыкаменты і паведаміла, дзе яны знаходзяцца. І вось ноччу з 13 на 14 студзеня 1944 года, калі на варце каля бальніцы стаяў паліцэйскі Вячаслаў Глебавіч Сцяцко, дзятлаўскі падпольшчык, група партызан на чале з Мікалаем Вахоніным дасягнула мэты.

Бальніца была адчынена. Далей усё ішло як па масле. Пад кіраўніцтвам А.А.Станкевіча партызаны зайшлі ў кабінет, узялі ўсё неабходнае і без перашкод выйшлі. Толькі пасля гэтага вартавы Сцяцко, як і дамаўляліся, падняў трывогу.

Акрамя гэтага, усім партызанскім атрадам і брыгадам неабходна было даставаць медыкаменты дзе толькі магчыма.

Неацэнную дапамогу медыкаментамі аказвалі партызанам дзятлаўскія падпольшчыкі.

Партызанскі шпіталь дзейнічаў да 9 ліпеня 1944 года, г.зн. да дня вызвалення тэрыторыі раёна ад фашысцкіх захопнікаў.

Заканчваючы свае ўспаміны, хачу выказаць словы падзякі ўсім тым, хто дапамагаў нам у лячэнні хворых і параненых.

    Успаміны пераклала на беларускую мову Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian