Каштоўны экспанат: забытая кніга

Каштоўны экспанат: забытая кніга

У экспазіцыі нашага музея, у першай зале, дзе адлюстраваны трагедыі Вялікай Айчыннай вайны, якія здарыліся на Дзятлаўшчыне, знаходзіцца кніга Уладзіміра Фядотава “Мёртвыя застаюцца жывымі”. Трохі патрапаная кніжка нагадвае хутчэй брашуру, што трапіла, відаць, у наш музей са школьнай бібліятэкі, бо зверху аўтаручкай напісана 5-8 клас, а ўнізе стаіць пячатка ўстановы адукацыі, але яе цяжка разабраць, бо выцвіла за столькі гадоў.

Кніга “Мёртвыя застаюцца жывымі” – дакументальны нарыс пра ваенныя падзеі на Дзятлаўшчыне, пра партызанскі рух і трагедыю спаленых вёсак. Чытаецца лёгка, захапляе падзейнасцю і ўражвае, проста бярэ за сэрца.

Асабліва закранула трагедыя Івана Павачкі, аднаго з тых, хто выжыў у час карных экспедыцый на Дзятлаўшчыне. Успаміны Павачкі і яго фотаздымак таксама ёсць у фондах музея і ў экспазіцыі. Прапануем вашай увазе ўрывак з кнігі, якія расказвае пра выпрабаванні, што выпалі на долю Івана Павачкі.

“Летам 1943 года акупанты ў другі раз павялі наступленне на партызан. Яны зноў уварваліся ў Вялікую Волю, але больш не знайшлі тут сабе ахвяр. Забіваць не было каго, і вылюдкі, каб неяк дасаліць людзям, падпалілі вёску. Раз’юшанае полымя знішчала драўляныя пабудовы, здавалася, што ад вёскі нічога не застанецца. На шчасце, моцны дождж перашкодзіў задуме гітлераўцаў. Палавіна вёскі ўцалела ад агню. Вялікая Воля зноў засталася жыць. Вярнуліся з лесу нямногія яе жыхары, і сівыя дымкі — прыкметы жыцця — пацягнуліся з комінаў. Схлынулі смяротныя хвалі фашысцкай нечысці, і зноў гаспадарамі захопленай, але нескаронай зямлі сталі народныя мсціўцы.

Іван Павачка жыў цяпер адзін. Амаль кожны дзень наведваўся ён на магілу дзяцей і жонкі. Горкія слёзы ліліся з памутнелых вачэй адзінокага чалавека. Ворагі адабралі ў яго ўсё: дзяцей, жонку, радасць.

Трэці год зямля сатрасалася ад цяжкіх выбухаў вайны, трэці год яе пераворвалі, абпальваючы агнём, міны і снарады, трэці год савецкія людзі ў жорсткай барацьбе адстойвалі гонар, свабоду і незалежнаць сваёй сацыялістычнай Айчыны. У бітве на Волзе фашысцкаму зверу быў надломлен хрыбет, але ён працягваў агрызацца. Яго трэба было загнаць у логава і там прыкончыць. Фронт набліжаўся да Шчары. Усё часцей і часцей да Вялікай Волі дакатваўся цяжкі грукат артылерыйскай кананады. Нашы наступалі.

Партызаны прадаўжалі граміць акупантаў. Пры набліжэнні фронту іх удары ўзраслі. Гітлераўцы не на жарт былі ўстрывожаны актыўнасцю народных мсціўцаў. Ім цяжка ўтрымліваць фронт, а тут яшчэ партызаны не даюць спакою ні днём ні ноччу. Ім трэба размяшчаць франтавыя тылы, склады боепрыпасаў, рыць новыя ўмацаванні, адводзіць часці на адпачынак. Сваёй баявой актыўнасцю народныя мсціўцы зрывалі ўсе іх планы і задумы, трымалі акупантаў у пастаяннай трывозе. Тыл для іх быў таксама фронтам.

Усе гэтыя абставіны прымусілі немцаў павесці трэцяе па ліку наступленне на партызанскі раён. Вясной 1944 года фашысцкія часці з танкамі і артылерыяй блакіравалі Ліпічанскую пушчу. Яны вырашылі пакончыць з партызанамі. Толькі лясныя салдаты былі няўлоўнымі. Яны вялі няроўныя баі, гінулі, але барацьбы не спынялі. Рэгулярныя часці ворага сустрэліся ў сваім тыле з моцным і бясстрашным праціўнікам. Дзень і ноч грукацела Ліпічанская пушча. Немцы абстрэльвалі яе з артылерыі. У бяссільнай злосці яны не шкадавалі ні мін, ні снарадаў, білі наўгад, толькі б біць.

Светлым красавіцкім ранкам, калі шчодрыя праменні сонца падсушвалі яшчэ мокрую зямлю, на Вялікую Волю наляцелі фашысты. Яны ўварваліся ў вёску нечакана.

Іван Восіпавіч быў з рыдлёўкай у руках на агародзе. Вясна! Хіба можа стрымацца чалавек, каб не ўскапаць сотку зямлі, не ўкінуць туды жменьку зярнят. Ён так заняўся прывычнай справай, што не пачуў гулу машын, а калі схамянуўся,— было позна. Стары памкнуўся да лесу, але яго схапілі.

— Партызанен!—дапытваліся ворагі, наносячы ўдары прыкладам па худой спіне Павачкі.

Іван Восіпавіч нават не апраўдваўся. Навошта? Усё роўна фашысты не павераць. Перад вачыма старога раптам усплылі малюнкі смерці дзяцей, жонкі, аднавяскоўцаў… Яму хацелася плюнуць ворагу ў твар, накінуцца хоць на аднаго фашысцкага салдата і зубамі рваць яго на кавалкі. Але кожны з іх адным ударам мог зваліць яго з ног. Павачка стаяў, схіліўшы сівую галаву, і маўчаў. Старому скруцілі рукі і павялі да машын.

Вёска займалася полымем. Чорныя клубы дыму, засланяючы сонца, уздымаліся ўгору. Урэшце вылюдкі рашылі даканаць Вялікую Волю, не пакінуць ад яе і следу.

Праходзячы каля хаты Міхаіла Альховіка, якая палала, нібы свечка, Іван Восіпавіч убачыў, як салдаты, як звяры, кінуліся за чалавекам. Яны нагналі яго за грушай і, збіваючы, валаклі да хаты. Аднекуль чуўся перапалоханы дзіцячы плач. Угледзеўшыся, Павачка пазнаў у чалавеку Альховіка.

Міхаіл Альховік, як і Павачка, не паспеў схавацца. Убачыўшы праз акно фашыстаў, ён залез са сваім пяцігадовым сынам у склеп, які быў пад падлогай. Салдаты ўвайшлі ў хату, зірнулі туды-сюды, затым кінулі пад стол куль саломы і запалілі. Горкі дым пацягнуўся ў склеп. Хлопчык стаў задыхацца. Міхаіл зразумеў, што далей заставацца ў склепе нельга. У хаце бушаваў агонь. Падхапіўшы на рукі знясіленага хлопчыка, Альховік праз акно выскачыў на двор і гародамі хацеў падацца ў лес. Але вылюдкі прыкмецілі чалавека. Збітых, акрываўленых бацьку і малога сына прывалаклі да палаючай хаты.

Шчыльнай сцяной іх акружылі гітлераўцы. Не паспеў Павачка ўцяміць, што адбываецца, як бахнулі два стрэлы. Міхаіл памёр адразу, а хлопчыку куля трапіла ў жывоцік. Ён яшчэ знайшоў у сабе сілы падпаўзці да бацькі і ўчапіцца за шыю… Так, не адрываючы адзін ад аднаго, іх і кінулі ў полымя роднай хаты.

Івана Павачку немцы палічылі за партызана і разам з двума вяскоўцамі — Уладзімірам Стырнікам і Міхаілам Крупіцам — павезлі ў Дзятлава ў турму. Іх кінулі ў вялікі мураваны склеп, дзе яны павінны былі чакаць сваёй смерці.

Пацягнуліся доўгія пакутлівыя дні няволі. У гэтай падземнай камеры немцы трымалі смяротнікаў. Акрамя Павачкі і яго вяскоўцаў тут знаходзіліся і сапраўдныя партызаны. Асабліва запомніўся Івану Восіпавічу партызан па прозвішчу Казёл з вёскі Сямёнавічы, што пад Наваельняй. Яго схапілі ў палон, калі група вярталася з баявога задання. Партызаны натрапілі на засаду. У час перастрэлкі Казёл выскачыў на паляну. Яго прыкмецілі варожыя коннікі. Цяжкія падковы ўтапталі партызана ў зямлю… Яго не расстралялі адразу толькі таму, што палічылі за камандзіра. У турме яго кожны дзень цягалі на допыты, пасля якіх вяртаўся збітым да непазнавальнасці. Але партызан мужна зносіў усе катаванні, якія выпалі на яго долю.

На допыце збівалі ўсіх. Нямала зведаў пабояў і Іван Павачка. Гестапаўцы дамагаліся ад яго звестак аб партызанах, патрабавалі здрады. Але ён рашыў: лепш смерць, чым здраду.

Кожны тыдзень немцы выводзілі групы людзей на расстрэл. Іх стралялі тут жа на тэрыторыі турмы. У камеры ўрываліся перадсмяротныя крыкі людзей, глухія стрэлы. У такія жудасныя ночы ніхто не мог заплюшчыць вачэй. Акупанты наўмысна забівалі свае ахвяры на віду людзей, якія знаходзіліся ў лагеры-турме. Яны ведалі, што нішто так не дзейнічае на чалавека, як жах смерці, і ўсяляк імкнуліся паздзекавацца з тых, хто яшчэ заставаўся жывы.

У адну з такіх страшэнных начэй у партызанскую камеру ўварваліся салдаты. Забраўшы Павачку і яго вяскоўцаў, гітлераўцы павялі іх у двор турмы.

«Цяпер ужо ўсё, канец,— думаў, крочачы за фашыстамі, Іван Восіпавіч.— А як хацелася жыць! Хутка вызваленне, фронт ужо зусім блізка. Якія яны зараз, нашы воіны?..»

Моцны крык, а потым удар у спіну вывеў яго з задумення. Палонных упхнулі ў другі агульны барак. Назаўтра Павачку разам з іншымі вывелі на работу, на збудаванне земляных умацаванняў.

У дзятлаўскай турме знаходзілася ў той час каля чатырох тысяч зняволеных. Людзі цярпелі тут такія пакуты, якія немагчыма апісаць. Палонных не лічылі за людзей. За нязначнае парушэнне лагернага рэжыму збівалі да смерці. Каты марылі людзей голадам. Дзвесце грамаў трухлявага з пілавіннем хлеба і тухлая вада — вось і ўвесь рацыён палоннага. Многія паміралі. Чорныя крытыя машыны амаль кожны дзень адвозілі мёртвых некуды за лагер. У Павачкі распухлі ногі, ён ледзь валачыўся, але здавацца не хацеў.

А фронт падыходзіў усё бліжэй і бліжэй. Гарматныя выбухі сатрасалі сцены доўгіх баракаў. Нявольнікі з надзеяй узіраліся на ўсход, адкуль ішло вызваленне. Часта над лагерам праляталі самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах. Людзі не хавалі сваёй радасці, вачыма, поўнымі слёз, сачылі яны за імклівым палётам савецкіх знішчальнікаў.

У пачатку ліпеня фронт наблізіўся да Дзятлава. Да турмы даносіліся частыя чэргі з аўтаматаў, выбухі ручных гранат, аглушальна стракаталі кулямёты. Фашысты заварушыліся, наступіў крах іх панаванню. Яны падрыхтаваліся ўцякаць. Але перш чым убрацца ў сваё звярынае логава, гітлераўцы ўчынілі яшчэ адно страшэннае злачынства.

Палонных цяпер трымалі ў бараках. Яны сядзелі і не ведалі, што робіцца навокал. Кароткія радасныя весткі час ад часу прыносіў у сцены барака Рыгор. Прозвішча гэтага сумленнага савецкага хлопца Павачка не запомніў. Рыгор быў партызанам. Дзесьці пад Бешанковічамі яго, цяжка параненага, фашысты схапілі ў палон. Яго збівалі, катавалі, але партызан не выдаў ваеннай тайны. Страціўшы надзею вырваць якія-небудзь звесткі аб лясных салдатах, замест смерці гітлераўцы прапанавалі Рыгору пайсці да іх на службу ў так званую армію здрадніка Уласава. Хлопец згадзіўся ў спадзяванні, што пры першай магчымасці зноў уцячэ да партызан. У турме Рыгор з вялікай рызыкай праз зняволеных спрабаваў звязацца з народнымі мсціўцамі. Гэта яму не ўдавалася. Людзі баяліся правакацый, і хаця адчувалі, што хлопец свой, савецкі, трымалі язык за зубамі. Калі трапляўся зручны момант, Рыгор падоўгу размаўляў з Іванам Восіпавічам, расказваў аб сваім жыцці. Ён усім сэрцам ненавідзеў акупантаў, а яшчэ больш свой мундзір здрадніка. Употай ад немцаў ён прыносіў зняволеным хлеб, расказваў аб падзеях на франтах, разам з усімі радаваўся хуткаму збавенню ад акупантаў. Чым мог, ён дапамагаў нявольнікам лягчэй пераносіць пакуты. Ці застаўся ён жывым пасля крывавай завірухі, якая адбылася ў лагеры,—невядома. У апошнюю мінуту нехта бачыў, як яго вялі два гестапаўцы.

Аднойчы ранкам, калі страляніна асабліва ўзмацнілася, у вузкія вароты лагера-турмы ўехала стракатая легкавая машына. Праз некаторы час у лагеры аб’явілі трывогу. Перад баракамі нявольнікаў гітлераўцы выставілі кулямёты.

У асобным бараку фашысты трымалі палонных савецкіх афіцэраў. Іх было не менш пяцісот чалавек. Павачка бачыў іх здалёк, бо падыходзіць блізка да барака афіцэраў не дазвалялася. Гэта былі маладыя хлопцы. Нават тут, у лагеры, знясіленыя, параненыя, яны выклікалі захапленне сваёй няскаранасцю ворагу. Калі іх выводзілі на кароткую прагулку, многія плакалі, гледзячы, як яны носяць на руках сваіх таварышаў, якія ўжо страцілі апошнія сілы. Моцная салдацкая дружба дапамагала ім пераносіць цяжкасці.

Пасля аб’яўлення трывогі да барака афіцэраў пад’ехаў бензавоз. Моцны струмень бензіну заскакаў па даху і сценах барака, а праз мінуту яго ўжо лізалі чырвоныя языкі полымя… Вылюдкі падпалілі барак разам з ваеннапалоннымі.

Горкі, удушлівы дым цераз вузенькія акенцы пацягнуўся ў суседнія баракі. Людзі прыніклі да кратаў і абамлелі. Барак, дзе знаходзіліся савецкія афіцэры, палаў як свечка.

Ад жаху ніхто не мог вымавіць слова. Людзі на нейкае імгненне аслупянелі. Не паспелі яны апамятацца, як раптоўна расчыніліся вузкія дзверы астатніх баракаў. Па рупары палонным загадалі пакінуць баракі. «Хто застанецца, будзе спалены»,— папярэдзілі фашысты.

Звар’яцелыя ад жаху людзі кінуліся да выхада, і тут у твары ім секануў свінцовы град. Гітлераўцы ва ўпор білі з кулямётаў па тых, хто выбягаў. Пярэднія валіліся мёртвымі, заднія, не ведаючы, што адбываецца ў двары, ірваліся наперад, насустрач смерці…

Іван Восіпавіч не памятае, як апынуўся за варотамі барака. Кулі і на гэты раз абмінулі яго. Павачка з апошніх сіл уцякаў ад стрэлаў, ад смерці. Ззаду  раздаваліся кулямётныя чэргі.

Толькі пад вечар дайшоў да сябе, сабраўся з думкамі Іван Восіпавіч. Ён яшчэ не верыў, што застаўся жыць. Яму ўсё здавалася, што вось-вось зноў наляцяць ворагі і пачнуцца новыя катаванні.

Непадалёку пралягала дарога. 3 цяжкім грукатам па ёй каціліся машыны, танкі. Толькі чые? Высокае жыта надзейна хавала Павачку ад чужых вачэй. Пераадольваючы ўласны страх, стары асцярожна пасунуўся наперад, каб зірнуць на шашу. Ён падабраўся зусім блізка і стаў услухоўвацца. 3 дарогі несліся рускія песні, вясёлы смех, родная мова…

— Няўжо нашы?!

Павачка асцярожна расхінуў перад сабой жыта і зірнуў на шашу. Па ёй імклівай хваляй праносіліся магутныя грузавыя машыны з чырвонаармейцамі. Маладыя загарэлыя твары, знаёмыя гімнасцёркі… «А чаму пагоны? — спалохаўся стары.— Можа, гэта ворагі, можа, мае вочы перасталі бачыць?.. Не, не можа быць, каб так смяяліся ворагі. Чакай! Рыгор нешта гаварыў пра пагоны… Значыць, свае, дачакаліся!»

Іван Восіпавіч устаў і, хістаючыся, пакрочыў насустрач савецкім воінам-вызваліцелям.

— Сынкі, родныя… вярнуліся! — са слязьмі на вачах прамовіў стары і па-бацькоўску прытуліў да схуднелых грудзей маладога салдата…

Затым, супакоіўшыся, ён доўга стаяў на абочыне дарогі і ўважліва ўглядаўся ў твары салдат. Іван Восіпавіч спадзяваўся ўбачыць знаёмых чырвонаармейцаў, якія адступалі праз Вялікую Волю чатыры гады назад. Яны ж казалі, каб іх чакалі…

Так да Івана Восіпавіча Павачкі прыйшло вызваленне. Чалавек застаўся жыць. Можа, сам лёс захаваў яго ад смерці як сведку нечуваных злачынстваў, якія ўчынялі гітлераўцы на акупіраванай зямлі”.

Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

Поўны тэкст кнігі знаходзіцца на сайце: http://dyatlovo.info/book/export/html/2315

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian