Героі-партызаны: яшчэ раз пра Васіля Пішчуліна

Яшчэ раз пра Васіля Пішчуліна

Мы ужо знаёмілі чытачоў нашага сайта з асобай Васіля Іванавіча Пішчуліна, чыім імем названа адна з вуліц г.Дзятлава, але працуючы з архіўнымі матэрыяламі музея, кожны раз знаходзіш нешта новае, цікавае, чым тут жа хочацца падзяліцца з людзьмі. Так і гэтым разам, чытаючы кнігу Уладзіміра Фядотава “Мёртвыя застаюцца жывымі”, натрапіла на ўспаміны пра Пішчуліна і ў думках падзякавала аўтару: Васіль Іванавіч выступае ў іх больш як чалавек, асоба, раскрываецца яго характар. І гэта вельмі важна, бо часта за голымі лічбамі і фактамі мы забываем, якім на самой справе быў чалавек. У інтэрнэце можна знайсці пра яго няшмат, таму спадзяюся, што матэрыял з задавальненнем пачытаюць многія дзятлаўчане, карыстальнікі сацыяльных сетак.

У 1942 годзе адначасова з баявой групай Булака ў Ліпічанскай пушчы пачала дзейнічаць партызанская група Пішчуліна.

  • У Васіля Іванавіча шырокі рускі твар, цёплы задуменны позірк шэрых вачэй выдае мяккі пакладзісты характар. Шырокія шурпатыя далоні рабочага чалавека. Густыя валасы крануты ранняй сівізной. Гаворыць ён нетаропкім голасам, часта задумваючыся, хаця памятае тыя дні да дробязей, – расказвае Уладзімір Фядотаў.

18 чэрвеня 1941 года асобны танкавы батальён 29-й механізаванай дывізіі, у якім праходзіў тэрміновую службу старшы сяржант Пішчулін, па баявой трывозе быў перакінуты са Слоніма ў мястэчка Саколкі, на самую граніцу. А праз чатыры дні, 22 чэрвеня ў пяць гадзін раніцы, 104-ы асобны танкавы батальён уступіў у бой з ворагам. Чатыры дні сталёвыя Т-34 грамілі ашалелых гітлераўцаў, пакуль не атрымалі загад адыходзіць.

3 цяжкімі няроўнымі баямі, губляючы тэхніку, танкавая дывізія, у якой служыў Пішчулін, адыходзіла праз Гродна — Ваўкавыск — Слонім на Мінск. Стаяла нясцерпная гарачыня. Пераграваліся маторы. За дзень так награвалася браня, што да танка нельга было дакрануцца. Ісці даводзілася з закрытымі люкамі. На ўсім шляху калону абстрэльвалі і бамбілі варожыя самалёты. Не раз танкі вымушаны былі разварочвацца і прымаць бой, прыкрываючы адыход.

Перад Ваўкавыскам Пішчуліна параніла. Куля, выпушчаная нямецкім сцярвятнікам, прабіла нагу. Ён не пакінуў танка, а ў баявым парадку працягваў адыход.

У пачатку ліпеня восем танкаў — усё, што засталося ад дывізіі,— падышлі да Бярэзіны. Але наперадзе былі немцы. Пераправіўшыся праз раку, танкісты рашылі любой цаной прарвацца праз варожае кальцо, выйсці з акружэння. Танкі зараз ішлі па фашысцкім тыле, наганяючы жах на акупантаў.

Выйсці з акружэння так і не змаглі. У машынах скончылася гаручае. Байцы вымушаны былі пакінуць бездапаможныя танкі і пеша прабівацца да сваіх. Ішлі лясамі, глухімі сцяжынкамі. Кругом былі ворагі. Пішчуліну не пашанцавала. Запалілася рана. Рухацца далей ён не мог.

У цяжкім стане яго падабралі і выхадзілі савецкія людзі. У вёску, дзе ён знайшоў прытулак, часта наведваліся акупанты, дапытваліся пра чырвонаармейцаў, пагражалі шыбеніцай, але ніхто не выдаў чужаземцам параненага танкіста.

Прайшло трывожнае лета. Восень пазалаціла кроны дрэў. Далёка на ўсход адсунуўся фронт. Пахмурным лістападаўскім днём Васіль падняўся на ногі. Схуднелы, знясілены фізічна, ён не ведаў, дзе фронт, дзе свае. Ён ведаў толькі, што ніколі не спыніць змагацца з ворагам. Змагацца! Але як?

У вёсцы Васіль пазнаёміўся з Іванам Зайцам, Іванам Сердзюком і другімі хлопцамі, якія, як і ён, выпадкова аказаліся ў варожым тыле. Іван Заяц быў малодшым лейтэнантам. Сышоўшыся разам, яны падоўгу раіліся, што рабіць. Адны жадалі прабівацца праз фронт да сваіх, другія, у іх ліку быў і Васіль, прапанавалі заставацца на месцы і весці партызанскую вайну. Не адну ноч правялі яны, забіўшыся дзе-небудзь у закутак, абдумваючы сваё становішча. Да фронту далёка, ды і зіма на парозе. Ісці па незнаёмых месцах — значыць трапіць у лапы фашыстаў. I тут Васіль выказаў сваю думку. Ён прапанаваў сябрам ісці не ў бок фронту, а падавацца ў тыл ворага, да Слоніма і Дзятлава. Там Пішчулін праходзіў ваенную службу, добра ведае мясцовасць. На яго думку выходзіла, што ў лясах каля Шчары зручней, чым дзе-небудзь, разгортваць партызанскую барацьбу. З планам Пішчуліна пагадзіліся ўсе.

Цёплым было развітанне Васіля Іванавіча і яго сяброў з вяскоўцамі. Быў марозны надвячорак. Дзевяць чалавек выйшлі з вёскі і ўзялі кірунак на захад. Пішчулін крочыў наперадзе групы. Ён адзін ведаў шлях у Ліпічанскую пушчу.

У лютым 1942 года партызанская група Пішчуліна з вялікімі цяжкасцямі дабралася да Ліпічанскай пушчы. У ёй налічвалася ўжо 28 чалавек. На шляху да групы Васіля далучаліся новыя і новыя людзі. У многіх была зброя, з якой яны не жадалі разлучацца. Узброены народныя мсціўцы былі, як кажуць, да зубоў. У групе мелася 4 кулямёты, 16 аўтаматаў, вінтоўкі, у кожнага байца — наган. А галоўнае — быў моцны баявы дух.

Спачатку партызаны размясціліся каля Малой Волі, а затым перабазіраваліся ў Казённы лес, бліжэй да Вялікай Волі. У маі партызанская група Пішчуліна, якая мела на сваім баявым рахунку каля 64 забітых немцаў і паліцэйскіх, злучылася з атрадам, якім камандаваў Павел Іванавіч Булак.

Пішчулін быў смелым партызанам. Але памятаюць яго ў народзе не толькі за храбрасць, а і за залатыя рукі. Уменне майстраваць цанілася ў суровым партызанскім жыцці не ніжэй, чым смеласць і адвага. Цяжка падлічыць, колькі зброі і баявой тэхнікі адрамантавалі Васіль Іванавіч і яго сябар Валетаў. (Пасля вайны Аляксандр Валетаў паехаў да сябе на радзіму ў Краснаярскі край). Яны давалі партызанам вінтоўкі, аўтаматы, гарматы, Умелыя рукі, руская кемлівасць Пішчуліна і Валетава рабілі цуды. Два браневікі, дзве танкеткі, газагенератарная машына, адзінаццаць гармат і, урэшце, танк Т-34 былі адрамантаваны і пушчаны ў ход партызанскімі ўмельцамі. Уся гэта зброя знішчала ворага ў яго ж тыле.

     Падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian