Рыхтуемся да выставы “Я і маё хобі”: адкрыць для сябе чалавека

Адкрыць для сябе чалавека

Гэта сапраўдная радасць і ўдача, асабліва ў такім маленькім гарадку, як наша Дзятлава. І чым больш жывеш, тым больш пераконваешся, што такіх арыгінальных, незвычайных людзей у нас шмат. Але яны вельмі сціплыя, не выстаўляюць сябе, можа, саромеюцца, а можа, асцерагаюцца быць асуджанымі, трапіць на языкі. Сціпласць – спрадвечная рыса беларуса, таму мы не заўсёды адважваемся сказаць нават самім сабе пра сваю таленавітасць і адметнасць, а ўжо людзям паказаць – сапраўднае табу.

Сям’ю Андруніных ведала даўно, яшчэ з тых часоў, калі яны, Света і Слава, займаліся рамонтам мяккай мэблі. Потым Святлана Уладзіміраўна прыйшла ў гімназію №1 г.Дзятлава, мы сталі калегамі. Шмат зрабіла для мяне, дапамагала падбіраць фанаграмы да песень, падтрымлівала, калі трэба было выйсці на сцэну і спець. І атрымлівалася рабіць гэта з ёй у пары лёгка і хораша, з задавальненнем. Часта і размаўлялі, як кажуць, па шчырасці, расказваючы адна адной жаночыя таямніцы. Але ніколі ў гэтых гутарках не пачула пра тое, што яе муж – калекцыянер.

І вось музей запланаваў на гэты год выставу з прыватнай калекцыі Генадзя Шлыковіча, нашага земляка, які зараз жыве ў Слоніме. У яго арсенале – вялікі сбор гадзіннікаў. Аднак у сувязі з пандэміяй ён адмовіўся выстаўляць сваю калекцыю, і тады мы вырашылі шукаць у Дзятлаве людзей, якія таксама займаюцца калекцыяніраваннем. Даведаліся пра Славу Андруніна і разам з Якаўчык Ірынай Станіславаўнай, галоўным захавальнікам музея, цёплым асеннім дзяньком завіталі да яго ў госці.

Сказаць, што была ашаломлена яго зборам, – нічога не сказаць. Калі зайшла ў памяшканне, дзе захоўваецца ўвесь гістарычны скарб Андруніных, інакш і не назавеш, нават дух захапіла. Хуценька дастала фотаапарат – і давай здымаць. А Слава вадзіў нас па памяшканнях і расказваў, што і дзе ў яго размяшчаецца. Усё раскладзена, усё па калекцыях, так, што ў любую хвіліну можна знайсці любую рэч. Тут і запанкі, і значкі, і радыёапаратура, і магнітафоны бабінныя і касетныя, і фотаапараты, і гадзіннікі, і чайнікі, і самавары, і вышыўкі… Чаго толькі няма! Не вытрымала, выпаліла: вось каб нам у музей гэта ўсё, не музей бы быў, а сапраўдны кладзезь савецкай гісторыі! Слава толькі ўсміхнуўся: яму і самому было прыемна, што нас, музейшчыкаў, так зацікавіла яго калекцыя.

Вячаслаў Іванавіч Андрунін родам з Гродна, скончыў вучылішча № 164 пры прамысловым прадпрыемстве Хімвалакно. У той час Святлана вучылася ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Так і пазнаёміліся. Пасля заканчэння вучобы пераехалі жыць у Дзятлава.

Калекцыяніраваць Слава пачаў не так даўно, гадоў шэсць таму. Пачалося ўсё з парттабакаў. Адзін, другі набыў, потым нехта падарыў, захацелася змясціць іх у рамкі, каб можна было павесіць на сцяну. Потым зарэгістраваўся на віртуальным аўкцыёне, пачаў абменьвацца прадметамі з такімі ж фанатамі, як і сам. Збіральніцтва падштурхнула да чытання гістарычнай літаратуры, да спасціжэння гісторыі таго ці іншага прадмета. Па словах жонкі, унікае ў гісторыю рэчаў глыбока, вышуквае цікавыя факты пра іх. Асабліва цікавіцца рэчамі савецкіх часоў.

  • Гэта, мусіць, таму, – тлумачыць Вячаслаў Іванавіч, – што ўсе мы настальгіруем на сваім дзяцінстве і юнацтве. Рэчы тых часоў такія мілыя, родныя, блізкія, што нават паглядзець на іх – ужо радасць. Вось такі магнітафон быў у мяне некалі (паказвае на паліцу), а вось такі механічны гадзіннік стаяў у нашай кватэры, будзіў мяне ў школу. Возьмешь у рукі – і нібы вяртаешся ў сваю маладосць, у той бесклапотны, шчаслівы час.

Пад прыватны музей у Славы адведзена некалькі памяшканняў, у першым, адразу каля дзвярэй, стаіць агромністы самаробны стол з інструментамі, на якім гаспадар даводзіць да розуму некаторыя рэчы, робіць і рэстаўрацыю, і мастацкае аздабленне: устаўляе ў рамкі, чысціць, падшліфоўвае, разбірае. Апошнім часам захапіўся вырабам макетаў. Рэчы, напрыклад, фотаапарат пэўнай маркі, якіх у яго некалькі, разбірае і на цвёрдай аснове робіць макет – кожны можа ўбачыць, з якіх дэталяў ён складаецца. Потым устаўляе ў самаробную рамку, якую сам жа і выточвае, і вешае на сцяну. Некаторыя драўляныя рэчы сельскага ўжытку аздабляе самомкай. Тое, што да душы, што, як кажуць, зачапіла. Наклейвае арнаменты, фігуркі, робіць рэч сувенірнай. А потым можа падарыць, памяняць або прадаць. А за тыя грошы набыць нешта новае.

Калі пачаў займацца калекцыяніраваннем, з’явілася шмат сяброў, такіх жа збіральнікаў старых рэчаў. Ён ездзіць да іх, яны прыязджаюць да яго. І не толькі дзеля цікавасці – хутчэй каб набыць нешта арыгінальнае, зрабіць абмен.

Прадметы ж у калекцыю самі не прыйдуць, іх трэба знайсці, набыць, а гэта сапраўднае “ціхае” паляванне. Найперш Слава знаходзіць іх па вёсках, у тых хатах, якія ідуць на знос. Усе ужо ведаюць пра хобі Андруніна, тэлефануюць яму, каб прыехаў. Калі вольны, тут жа садзіцца за руль – і на месцы. Перш чым да справы падключыцца бульдозер ці амкадор, можна забраць усё, што мае каштоўнасць для калекцыянера. І,канешне, аддзячыць хлопцам.

  • Па натуры Слава – вельмі добры і шчодры чалавек, – расказвае яго жонка Святлана. – У яго ўяўленні ўсе людзі першапачаткова добрыя. Ён вельмі шчодры. Можа падарыць любую рэч, нікому не пашкадуе, хаця сам набыў яе з вялікімі цяжкасцямі.

Частка калекцыі Вячаслава Андруніна будзе прадстаўлена на музейнай выставе “Я і маё хобі”, якая будзе працаваць на працягу кастрычніка – лістапада для жыхароў горада і раёна, а таксама для нашых гасцей з іншых гарадоў Беларусі.  Шчыра запрашаем.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian