Забытыя імёны: ліпічанскі “дзед Талаш”

                                                                               Ліпічанскі “дзед Талаш”

Многія жыхары вёсак Капці, Руда-Яварская, Малая Воля, Воля Крупіцы, Вялікая Воля ў канцы 60-х-пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя з захапленнем успаміналі пра “дзеда Талаша”, партызана з вялікай, як у Талаша барадой. 3 іх слоў можна было ўявіць вобраз гэтага мужнага мсціўцы. Ён знянацку з’яўляўся ў нямецкіх гарнізонах, даваў чаргу з аўтамата, закідваў ворага гранатамі і знікаў. «Дзед Талаш» часта бываў у Вялікай Волі, меў тут многа знаёмых. Але ніхто з тых велікавольцаў, хто застаўся жывым, не ведаў яго сапраўднага прозвішча.

— Не ведаем. У нас яго ўсе называлі «дзед Талаш». Во, гэта быў ваяка! — успаміналі пра яго сівыя дзяды.— Немцы яго баяліся.

Хто ж ён такі, гэты таямнічы «дзед Талаш»? У пошуках яго сапраўднага прозвішча Уладзімір Фядотаў, аўтар кнігі “Мёртвыя застаюцца жывымі”, гутарыў з многімі партызанамі, жыхарамі Ліпічанскай пушчы, але ніхто не змог дакладна назваць прозвішча бясстрашнага партызана.

— «Дзед Талаш», з вялікай барадой? Ведаем. Во даваў ён дыхту немцам.

— А як яго прозвішча, хто ён такі?

I вось тут пачыналіся ўспаміны. Адзін пытаецца ў другога, і выходзіць, што ўсе яго ведаюць і не ведаюць…

Урэшце «дзед Талаш» перастаў быць загадкай. У гэтым дапамог былы партызан атрада імя Калініна Дзмітрый Баклага.

Перад пачаткам вайны Восіп Францавіч Шмукста (ён жа «дзед Талаш») працаваў загадчыкам агульнага аддзела Жалудоцкага райвыканкома. Калі на яго зямлю прыйшлі фашысты, са зброяй у руках падаўся ў лес і пачаў партызаніць. Ён арганізаваў баявую групу з былых партыйных і савецкіх работнікаў і рабіў смелыя налёты на акупантаў. Шмукста пранікаў у варожыя гарнізоны, забіваў здраднікаў і зноў вяртаўся ў атрад. Фашысты не ведалі спакою. Яны прымалі ўсе захады, каб знішчыць «барадатага», але лес і людзі надзейна хавалі патрыёта. Ён з’яўляўся там, дзе немцы яго зусім не чакалі. Не адзін дзесятак гітлераўцаў і здраднікаў знішчыў уласнай рукой Восіп Францавіч.

Вясной 1943 года група разведчыкаў на чале з Восіпам Францавічам вярталася з баявога задання. Стаміўшыся ад доўгага пераходу, разведчыкі зайшлі на хутар Парэчча і зрабілі прыпынак. Яны і не падазравалі, што па іх слядах ідуць карнікі. Гітлераўцы акружылі дом, у якім размясціліся партызаны, і прапанавалі ім здавацца ў палон. У адказ загрымелі стрэлы. Героі рашылі загінуць, але не здацца ворагу.

 

Больш за дзве гадзіны працягваўся няроўны бой паміж жменькай партызан і ротай карнікаў. Было знішчана шмат гітлераўцаў. Упэўніўшыся, што жывымі разведчыкі не здадуцца, карнікі падпалілі хату. Да апошняй мінуты з ахопленай полымем хаты гучалі стрэлы. Рухнула столь. Здавалася, што ніводзін партызан не выжыве. Але, калі карнікі наблізіліся да папялішча, па іх ударыла чарга з ручнога кулямёта. Паранены, абпалены, напаўжывы Восіп Францавіч працягваў барацьбу.

Так загінуў герой-партызан, легенда аб мужнасці і бясстрашшы якога доўга жыла ў вёсках Ліпічанскай пушчы.

Запісала  Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian