Трагедыя сям’і Івана Павачкі з вёскі Вялікая Воля Дзятлаўскага раёна  

Трагедыя сям’і Івана Павачкі з вёскі Вялікая Воля Дзятлаўскага раёна

 

Пра страшную трагедыю, якая напаткала нашых землякоў, жыхароў вёсак Вялікая Воля, Дубраўка, Дубароўшчына, Трахімавічы, Малая Воля, Гарадкі на пачатку зімы 1942 года, ведаюць усе дзятлаўчыне. У фондах музея засталіся успаміны тых, хто выжыў. Сярод іх – успаміны Івана Павачкі. Ён успамінае пра расстрэл жыхароў Вялікай Волі і сваё выратаванне.

Вялікавольцаў сабралі на  плошчы каля царквы, а потым павялі на месца расстрэлу. Сям’я Івана Павачкі крочыла ў хвасце калоны.

Карнікі дзейнічалі моўчкі. Яны разумелі адзін другога інстынктыўна, як звяры. Нават каманда ім падавалася не словамі, а ўзмахамі рук. Грузавікі, завываючы маторамі, ехалі перад калонай, за машынамі пад моцнай аховай ішлі велікавольцы.

Калі наблізіліся да шашы, калоне загадалі спыніцца. Ворагі замітусіліся. Некалькі карнікаў, ускінуўшы на плечы ручныя кулямёты, цераз шашу накіраваліся да Шчары. Неўзабаве адзін з іх вярнуўся на шашу і падаў рукой знак. Велікавольцаў пачалі дзяліць на дзве групы.

Падзяліўшы чалавек сто пяцьдзясят ад калоны, карнікі загадалі ім стаяць на месцы, а астатніх павялі далей. Як толькі калона схавалася за паваротам, групу велікавольцаў, у якой аказаўся і Павачка ў акружэнні карнікаў, павялі праз шашу ў густы хмызняк. Велікавольцаў падвялі да гары, якую яны называлі Высокія Могліцы. Людзей агарнуў жах. Каля гары былі ўстаноўлены фашысцкія кулямёты.

Маці са слязамі пачалі развітвацца са сваімі дзецьмі. Яны прыціскалі маленькія жывыя камячкі да грудзей, цалавалі пахаладзелыя тварыкі. Крык жанчын разносіўся над Шчарай.

3 даўніх часоў ля Высокіх Могліц бралі пясок на будаўніцтва дарог. Тут утварылася вялікая ўпадзіна, на якой параслі маладыя бярозкі і сосны. Людзей пачалі зганяць у гэтую ўпадзіну і класці ніц адзін да аднаго…

У той час, калі карнікі ўкладвалі людзей на халодны пясок Могліц, ад бацькоў адлучыліся многія дзеці. Спахваціўшыся, маці сталі клікаць іх, паўставалі з зямлі і, не звяртаючы ўвагі на ўдары, якія сыпаліся з усіх бакоў, кідаліся шукаць дзяцей. Як жа паміраць, не зірнуўшы ў апошні раз на родны тварык, не пацалаваць пасінелыя вусны. Перадсмяротны жах апанаваў людзей. Яны падымаліся з зямлі і шукалі свае сем’і, прыціскаліся бліжэй сусед да суседа. I мёртвымі велікавольцы не жадалі разлучацца адзін з другім.

 

Іван Павачка са сваёй сям’ёй ляжаў на краі ўпадзіны. Пад левай рукой, бліжэй да сэрца, трымаў сямігадовага сына Міхаську. Справа тварам да зямлі ляжала яго жонка Сцепаніда. Да маці прытулілася дзяўчынка Ніна. Два дні назад ёй споўнілася тры годзікі. Велікавольцы чакалі стрэлаў, жадалі, каб хутчэй скончыліся іх пакуты, а ворагі наўмысна не спяшаліся.

– Перш чым пачуць стрэлы, – успамінае Іван Восіпавіч, – я адчуў, што мне апякло пальцы на левай руцэ. Спачатку не зразумеў, што такое. Затым чакаю новых стрэлаў, а іх няма і няма. Кругом стогнуць людзі. Раптам чую: «Ой, татка, мне ў галоўцы баліць». Гэта ледзь чутна прамовіў мой паранены сынок. Толькі я паспеў сказаць: «Цярпі, Міхаська, зараз перастане балець», – як ударыла новая чарга. I зноў кулі мінулі мяне. Зноў перадсмяротныя крыкі людзей пранесліся над Шчарай. Тут я хацеў паварушыцца, каб глянуць на сыночка, але здранцвелае цела не слухалася. Тады я паклікаў: «Міхаська, ты жывы?» Хлопчык маўчаў. Левы бок пачало заліваць ліпкае цяпло. Гэта была кроў Міхаські.

Прагучала трэцяя чарга. Куля рванула паясніцу. У гарачцы я павярнуўся на бок. Павярнуўся і цяпер шкадую аб гэтым. Лепш бы мне ляжаць нерухома, тады б я не бачыў пакут сваіх блізкіх. Павярнуўшыся, я ўбачыў, як б’ецца аб зямлю жонка. Побач з ёю, закінуўшы ўгору акрываўлены тварык, ляжыць дзяўчынка. Я памкнуўся да іх, але новы страшэнны боль у правай назе стрымаў на месцы. Нейкі час я яшчэ чуў стогны людзей, чуў асобныя стрэлы, якімі карнікі дабівалі тых, хто ў смяротнай агоніі ўзнімаўся на ногі. Затым для мяне наступіла ноч, я нібыта праваліўся ў цёмную бездань. Больш я нічога не чуў. Не чуў, як секла чалавечыя целы апошняя чарга, як вылюдкі дабівалі дзяцей, якіх маці захінулі ад першых куль пад сваімі сэрцамі. Цяпер я ўспамінаю, што першай чаргой з кулямёта фашысты білі па галовах людзей, другой па грудзях, трэцяй – па спінах. I тут у іх была свая сістэма.

Прыйшоў да сябе, калі стала дужа горача, не хапала паветра, задыхаўся. Адразу ніяк не мог зразумець, дзе знаходжуся, што са мной сталася. Затым у галаве пачалі ўсплываць жудасныя малюнкі расправы. Няўжо жывы?  Не веру сабе. Але што так цісне на мяне зверху? Паварушыўся, паспрабаваў прыўзняцца. За каўнер пасыпалася зямля, у галаву шыбануў свежы струмень паветра. Дыхаць стала лягчэй. Яшчэ раз сабраў сілы, прыўзняўся мацней і расхінуў над сабой зямлю. Перадыхнуўшы, стаў выбірацца з магілы. Была ноч. Прыслухаўся –  нідзе нікога. Начное паветра асвяжыла памяць. Тут я да канца зразумеў, што адбылося са мной і маімі вяскоўцамі.

Колькі часу мне давялося прабыць пад зямлёй – не памятаю. Калі выбіраўся з ямы, то здзівіўся. Ноч, а зямля белая. Спачатку падумаў, што гэта мне здаецца. Не, зямля сапраўды была белай. Памацаў рукамі – снег! Нясцерпна пякло ў грудзях. Тварам  лег на снег і з прагнасцю пачаў есці. Снегам сцёр з вачэй і твару кроў, яшчэ раз прыслухаўся, навокал – цішыня. Паспрабаваў ісці. Ступіў некалькі крокаў і зваліўся. Закруцілася ў галаве, і я страціў прытомнасць. Праз некаторы час зноў прыйшоў да памяці. Дапамог холад. Акрываўленае адзенне змерзлася, нельга было паварушыцца. Пачынала світаць. Трэба было хутчэй уцякаць ад месца забойства. Мне здавалася, што карнікі абавязкова дагоняць і даб’юць. Намагаючыся з апошніх сіл, я поўз па пульхным снезе наперад у Казённы лес. Паўзу, а перад вачыма – акрываўлены тварык Ніны і слабенькі голас Міхаські: «Татка, балюча…» Думкі аб дзецях, якіх ужо няма, надавалі мне сілы. На злосць ворагам я вырашыў абавязкова выратавацца, выжыць, не здавацца смерці.

Ранак застаў мяне далёка ў лесе. Рухацца далей не было ўжо сіл. Я зарыўся ў снег і сцішыўся.

Iван Павачка не здаўся. Трое сутак прабыў ён у лесе – паранены, знясілены холадам і голадам. Толькі на чацвёртыя суткі дабраўся да вёскі Капці. Дачакаўшыся прыцемку, ён, ледзь жывы, увалокся ў хату Адама Куршука. Гаспадар не адразу прызнаў у акрываўленым, змардаваным чалавеку Івана. У доме Куршукоў яго абагрэлі, перавязалі раны, накармілі, паклалі на ложак.

На другі дзень Адам па просьбе Павачкі пераправіў яго да Віктара Касача, які даводзіўся Івану Восіпавічу сваяком. Там ён прабыў шэсць дзён. Крыху ачуняўшы, падаўся ў вёску Заяварка да Фамы Халопіка. Па суседству з Фамой жыў Аляксей Копаць, які некалі служыў у польскай арміі санітарам. Ён і лячыў Івана Восіпавіча аж да вяртання партызан.

      Запісала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian