Памятаць, які след ты пакінешь на зямлі…

Памятаць, які след ты пакінешь на зямлі…

Такое ўдаецца не кожнаму: жыццёвы тлум часцей прымушае думаць пра хлеб надзённы, пра звычайнае, зямное. А вось пра сляды… Кажуць жа: трэба пабудаваць жытло, пасадзіць дрэва, выгадаваць сына – і дастаткова. Магчыма, большасці з нас дастаткова, а ў многіх і таго не здараецца за доўгае жыццё. Як каму пашанцуе. Але і ад чалавека шмат залежыць таксама.

Герой нашай размовы, Фёдар Фёдаравіч Красюк, з жыццёвай місіяй сапраўднага мужчыны паспяхова справіўся. І на тым не спыніўся: няўрымслівая душа была пастаянна ў пошуку, ды і пасада дырэктара Дзятлаўскага краяўнаўчага музея вымагала рухацца, нешта мяняць, шукаць і знаходзіць. Папаўняць фонды, даследаваць, праводзіць бягучыя рамонты, перарабляць экспазіцыю, бо прыняў малады дырэктар музей народнай славы, а стаў ён пры Фёдару Красюку краязнаўчым. Розніца. Служыў ён музею з 1985 па 2009 год. Не жартачкі. Перажыў распад СССР, станаўленне незалежнай Беларусі, гады нястачаў, калі музею ніводнай капейкі не выдзялялася на развіццё, адно толькі выжываць заставалася. Фарміравалі фонты, прыводзілі ўсё да ладу, апісвалі.

Усё ж нягледзячы ні на што Фёдар Фёдаравіч няспынна займаўся даследчай работай: сустракаўся з цікавымі людзьмі, ветэранамі вайны, паэтамі, мастакамі, вучонымі, запісваў іх успаміны, пісаў артыкулы ў газеты – нашу “Перамогу” і рэспубліканскія. У архівах музея захавалася вялікая колькасць матэрыялаў, сабраных Фёдарам Фёдаравічам, імі мы, навуковыя супрацоўнікі, карыстаемся і сёння. Але самай значнай працай, працай на вякі застанецца кніга “Зецела”. Кніга выйшла ў 2015 годзе ў гродзенскім выдавецтве ЮрСаПрынт у двух варыянтах – чорна-белым і каляровым. У ёй расказваецца гісторыя нашага гарадка, робіцца экскурс у мінулае яўрэйскага мястэчка, паказваецца, якім было некалі Дзятлава. Фёдар Фёдаравіч праводзіць нас па вуліцах горада: вось  Дзятлава раней, а вось яно зараз. Дзякуючы аўтару, мы атрымалі храналагічную табліцу валадароў мястэчка, можам убачыць на фотаздымках тыя дамкі на вуліцах, якія сёння ўжо мала хто ўспомніць.

Асабіста вельмі ўдзячна Фёдару Фёдаравічу за кнігу. Калі пачалася пандэмія і нас абавязалі актыўней працаваць з наведвальнікамі віртуальна, праз сайт, сацыяльныя сеткі, канал на ютубе, давялося здымаць ролікі, заснаваныя на матэрыялах музея. Адзін з такіх ролікаў – трыццаціхвіліннае падарожжа па старых вуліцах Дзятлава. Асновай для тэкстоўкі роліка стала менавіта кніга Фёдара Фёдаравіча. Кніга стаіць на самым ганаровым месцы ў музеі. Яна таксама і прадаецца ў нас. Часта наведвальнікі, асабліва тыя, хто родам з Дзятлава, але даўна на Беларусі не жыве, набываюць яе. Былі выпадкі, калі кнігу куплялі замежныя госці, прадстаўнікі яўрэйская нацыянальнасці, якія кожны год летам прыязджаюць у Дзятлава і шукаюць вуліцы, дзе жылі да вайны іх продкі. Кніга дапамагае ў такіх пошуках.

Сёлета Фёдар Красюк паўстаў перад намі як калекцыянер. Ён даўні збіральнік мінуўшчыны. Калі працуеш з электроннымі навуковымі пашпартамі музейных прадметаў, часта трапляешь на экспанаты, здадзеныя Фёдарам Фёдаравічам. Дакументы даваенныя і ваенныя, прадметы матэрыяльнай культуры розных часоў, касцельныя кнігі, асабістыя рэчы знакамітасцей. Усё гэта ён знаходзіў, каб папоўніць фонды музея. І дома маюцца калекцыі. На нашу выставу “Я і маё хобі” Фёдар Красюк прынёс калекцыю значкоў. Чаго толькі тут няма! Атрыбутыка піянераў і камсамольцаў, значкі савецкіх часоў спартыўнай тэматыкі, героі мульцікаў, знакі вайскоўцаў. Усяго і не пералічыш. Трэба абавязкова паглядзець, пры выпадку наведаўшы наш музей.

Мне не пашчасціла працаваць з Фёдарам Фёдаравічам. Толькі некалькі разоў сустракаліся, калі настаўнічала ў школе, прыводзіла вучняў на экскурсіі. Ды яшчэ калі ў далёкія 90-я ездзіла да дзяцей генерала Сцяпана Караля з Дварца і прывезла ад яго дачкі Рэнаты Сцяпанаўны фотаздымкі для музея. Тады рыхтавалася кніга “Памяць: Дзятлаўскі раён”, уся інфармацыя збіралася ў музеі, тут рэдагавалася. Тыя фотаздымкі, дарэчы, і зараз дапамагаюць пры падрыхтоўцы экскурсій і заняткаў. Фёдар Фёдараваць здаваўся мне заўсёды вельмі вытрыманым, інтэлігентным чалавекам, з пачуццём гумару. Тыя ж нашы супрацоўнікі, хто працаваў з ім, расказваюць, як  лёгка і псіхалагічна камфортна было з ім працаваць. Супрацоўнікі музея ў асноўным жанчыны, а ўпраўляцца з жанчынамі не так проста: у кожнай свой характар, ды і настрой не ўсе ўмеюць пакідаць дома. Але дырэктар умеў заўсёды перавесці гутарку, пажартаваць, сказаць такую фразу, што псіхалагічная сітуацыя адразу ўлагоджвалася.

Летась жа давялося пабыць у сям’і Красюкоў. Мы збіралі матэрыялы для выставы “Педагагічны гонар Дзятлаўшчыны”, выбралі ў першую чаргу педагогаў, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды і званне “Выдатнік адукацыі”. Сярод такіх настаўнікаў аказалася жонка Фёдара Фёдаравіча Тамара Мікалаеўна.  І вось тады мне стала зразумела: гэта сям’я – адно цэлае, аднадумцы, людзі творчыя, апантаныя, якія не проста працавалі на сваім месцы, а робілі ўсё, каб прыносіць карысць людзям і сваёй краіне. Уразіла ўсё: добраўпарадкаванасць надворка, стыльнасць ландшафту, гасціннасць гаспадароў і шчырая размова.

Фёдар Фёдаравіч Красюк ужо даўно на заслужаным адпачынку, але краязнаўствам працягвае займацца. Разам з Міхаілам Іванавічам Лук’янчыкам выязджае на месцы трагічных падзей вайны, да цікавых людзей раёна, на мерапрыемствы, што праводзяцца краязнаўцамі і нашым музеем. Часты госць і ў родным музеі: на вечарынах, днях музея, сустрэчах да юбілейных датаў. Заўсёды з усмешкай, з жартам, з добрым словам прыходзіць ён да нас. Вялікі дзякуй Вам, Фёдар Фёдаравіч, за той след, што Вы пакінулі на дзятлаўскай зямлі.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian