Горкія гады або некаторыя факты пра пасляваенную калектывізацыю

Горкія гады або некаторыя факты пра пасляваенную калектывізацыю

Нядаўна ў фонды нашага музея паступіла кніга Аляксандра Татаранкі «Горкія гады. Трагедыя Заходняй Беларусі 1944-1954 гады”. Гісторыя ХХ стагоддзя поўная трагічных і загадкавых падзей, інфармацыя пра якія доўгі час захоўвалася пад грыфам “цалкам сакрэтна”. Апошні ваенны прызыў 1944 гада, рэпатрыяцыя, абмен і вываз насельніцтва ў аддаленыя раёны СССР, дзіцячыя дамы НКУС, калектывізацыя – пра гэта і пра многія іншыя таямніцы эпохі БССР чытач можа даведацца з прапанаванай кнігі.

Асабліва зацікавіла тэма пасляваеннай калектызізацыі, таму што гэтай тэме прысвечана большая частка трэцяй залы другога паверха ў нашым музеі. Там прадстаўлены фотаздымкі і ўзнагароды першых старшыняў калгасаў пасляваеннага часу на Дзятлаўшчыне. Многія з іх ваявалі, партызанілі, большасць былі людзьмі не мясцовымі, расіянамі, якія апынуліся на беларускіх землях у першыя дні вайны. Ды і тэма калектывізацыі цікавая, да канца яшчэ не вывучаная. Мала інфармацыі, а тое, што маецца, не заўсёды адпавядае рэальным фактам. Мы ўжо змяшчалі гады два таму на нашым сайце матэрыял пра жыццё ў калгасах. Было яно да канца 50-х гадоў 20 стагоддзя далёка не сытым і не шчаслівым. А тут, у кнізе, цікавыя спасылкі на архіўныя дакументы і падзеі на Дзятлаўшчыне, якая да 1954 года ўваходзіла ў склад Баранавіцкай вобласці. Захацелася падзяліцца з нашымі чытачамі, бо кнігу Аляксандра Татаранкі набыць няпроста – тыраж усяго 100 экзэмпляраў. Музею аўтар яе падараваў.

Заходнія беларусы, як сцвярджае Аляксандр Татаранка, былі ўпэўнены, што працэсы, якія адбываюцца на землях былой Польшчы пасля Другой сусветнай вайны, іх не закрануць, але жыццё пайшло па сваім сцэнарыі. Гэта быў страшны час, калі кожны выжываў, як толькі мог. Пасля таго, як мужчынскае насельніцтва пагалоўна забралі ў войска, логіка деянняў улад  не пакідала сумненняў у тым, што наступнай ахвярай стане вёска, на якую была накіравана ўся ўвага дзяржавы, што вызначыла перад сабой асноўную задачу: вывесці з гульні сваіх патэнцыяльных праціўнікаў або падпарадкаваць іх сваёй сістэме. І ўсё гэта ціха, без скандалу. Перш чым зрабіць першы крок, Сталін пачынае з сельскіх саветаў, якім ён адводзіў ролю асноўнай рухаючай сілы перабудоў у вёсцы і ўзнаўлення даваенных калектыўных гаспадарак.

На чале сельскіх адміністрацый стаялі былыя партызаны. Спачатку іх пасылалі на трохмесячныя курсы, якія адкрыліся 1 чэрвеня 1945 года.  Пасылалі туды  старшыняў і сакратароў сельскіх саветаў. Набор – 50 чалавек кожнае скліканне, стыпендыя – 300 рублёў у месяц з захаваннем заработку, двухразовае харчаванне і пражыванне. Курсы дзейнічалі пастаянна. Мяняліся толькі выкладчыкі і курсанты, ільготы заставаліся нязменнымі. Прычым, яны накідваліся шчодра і часта. Напрыклад, у 1947 годзе акрамя стыпендыі належала ўзмоцненае трохразовае харчаванне і 500 грамаў пайковага хлеба ў дзень. Тады ж было вырашана: праз курсы прапускаць выключна кіраўнікоў сельскіх саветаў, якія з’яўляюцца мясцовымі жыхарамі. Матэрыялы Баранавіцкага абласнога архіва паказваюць, наколькі рэгулярна ішло навучанне. Гэта тлумачылася тым, што ішла пастаянная ратацыя кадраў: тых, хто не справіўся, вызвалялі, выбіралі другіх. Многія з кіраўнікоў здымаліся з пасады за парушэнне законнасці.

Захавалася шмат сведчанняў таго, як кіраўнікі сельскіх адміністрацый рабілі, што хацелі, парушаючы закон. Так, 21 мая 1948 года старшыня сельскага савета Таранда (Жарабковічы Ляхавіцкага раёна) пасадзіў у падпол жанчын М.Мікулік, Ф.Леваду і М.Зенюк за тое, што яны не разлічыліся па нарыхтоўках малака. А старшыня сельскага савета Стульба (Пад’язоўле, Ляхавіцкі раён) арыштаваў, збіў і, прымяняючы зброю, пасадзіў у падпол жыхароў вёсак Сваяцічы і Падлессе. Старшыня ж сельскага савета Каваленка (Малое Гарадзішча Ляхавіцкага раёна) за нявыхад на работу збіваў сяльчан, забіраў прадукты харчавання, знішчаў хатняе начынне. Такіх прыкладаў вельмі шмат, усе яны задакументаваны.

Другім кірункам дзейнасці ўлад было ўзнаўленне гаспадарак – калгасаў і саўгасаў. 24 ліпеня 1944 года аблвыканкам абавязаў тэрмінова арганізаваць работу былых саўгасаў з прызначэннем дырэктароў і вярнуць саўгасам жывёлу, трактары, сельскагаспадарчыя машыны, інвентар і іншую маёмасць. А дакумент ад 7 жніўня 1944 года заклікаў сабраць коней і збрую, правесці абмер і ўлік пасеваў. Тады ж былі ўзяты пад ахову пасевы і праведзены мерапрыемствы па забеспячэнні выхаду на ўборку насельніцтва, якое жыве на тэрыторыі саўгасаў. С насельніцтвам было няпроста, аднак выгналі на работы каля 1000 чалавек.

Колькі было калектыўных гаспадарак у Баранавіцкай вобласці на пачатак вайны? Лічбы даюцца розныя: па адных дадзеных, налічвалася 202 гаспадаркі, па другіх – 137, па трэціх – 205. Блытаніна ў лічбах тлумачыцца тым, што справаздачы даваліся па 26-ці раёнах даваеннай вобласці, пасля вайны ў складзе вобласці было толькі 15 раёнаў. Ды наўрад ці давалі чыноўнікі недакладныя лічбы.

20 ліпеня 1944 года выходзіць пастанова “Аб узнаўленні калгасаў у вызваленых ад нямецкіх захопнікаў раёнах Бел.ССР”. Дакумент патрабаваў пачаць палітычную, арганізацыйную і гаспадарчую работу па ўзнаўленні калгасаў і на працягу ліпеня–верасня ўзнавіць калгасы і ўборку ўраджаю 1944 года, а таксама азімы сеў правесці калектыўнымі гаспадаркамі. Разумеючы, што калгаснікі доўгі час знаходзіліся ва ўмовах фашысцкай прапаганды, П.Панамарэнка заклікаў выхоўваць патрыятызм калгаснікаў, цвёрда пераадольваць прыватніцкія тэндэнцыі і выкрываць варожую агентуру, якая маскіруецца ў калгасах. Што гэта было: адгалоскі 1939, 1940 і 1941 гадоў ці палітыка ў адносінах да тых, хто перажыў акупацыю? Ва ўсякім выпадку, гэта быў прысуд вёсцы.

І перш чым паставіць на калені вёску, дзяржава вырашыла заручыцца падтрымкай самой вёскі. Шматлікія дакументы канстатуюць факт, што 4 снежня 1944 года Мінск ініцыіруе правядзенне з’ездаў і сходаў сялян заходніх абласцей. Абласны з’езд планавалі правесці ў Баранавічах з 12 па 20 снежня, раённыя з’езды – з 20 па 25 снежня, сельскія сходы – з 25 па 30 снежня. У Баранавічах чакалі Панамарэнку. Але дадзеных аб правядзенні з’ездаў і сходаў у рэгіёне, як і аб наведванні іх першай асобай, не знойдзена. Затое дакладна вядома, што сяляне не надта рваліся ў калгасы, пра што сведчыць пастанова СНК БССР ад 13 ліпеня 1945 года “Аб узмацненні масава-тлумачальнай і палітычнай работы сярод сялянскага насельніцтва па пытаннях калгаснага будаўніцтва”. Урад, прызнаўшы правал палітыкі ў вёсцы, знайшоў вінаватых – “кулакоў і польска-беларускіх нацыяналістаў”, якія “праводзяць ілжывую, паклёпніцкую антыкалгасную прапаганду”. У музеі маюцца спісы рэпрэсіраваных пасля вайны жыхароў Дзятлаўшчыны, сярод якіх пералічаны прозвішчы кулакоў і тых, хто служыў польскай уладзе да 1939 года.

Пра важнасць, якую надаваў урад БССР пытанням калектывізацыі, сведчыць палітыка таго часу, якая часам прымала выродлівыя формы, не давала чаканага выніку. Захавалася нямала сведчанняў таго, як у вёсках кожны дзень збіралі мітынгі ў падтрымку таго, чаго ніхто не разумеў і не хацеў зразумець, – арганізацыі калектыўных гаспадарак. Прывядзём для прыкладу вытрымку з успамінаў нашага земляка з вёскі Савічы Дзятлаўскага раёна М.Грыба, генерала-лейтэнанта міліцыі, заслужанага юрыста Беларусі: “У нашай мясцовасці калгасы сталі арганізоўваць на пачатку 50-х гадоў. Працэдура праходзіла па адпрацаванай схеме: людзей збіралі на сходы, дзе прадстаўнікі райкама партыі і райвыканкама агітавалі за калгас. Сяляне моўчкі слухалі, думалі. Потым задавалі пытанні і спрачаліся. Сходы цягнуліся суткамі. Разыходзіліся пад раніцу, а днём збіраліся зноў. Сяляне пакутліва думалі і разважалі, пісаць заявы у калгас ці не пісаць. Аднак улада націскала так, што выйсця не было”.

Архіўныя справы аблвыканкама сведчаць пра тое, што метады, якія прымяляліся пры калектывізацыі, сеялі паўсюдны страх.  Напрыклад, у Дзятлаўскім раёне, калі даведаліся пра сход, мужчыны пакінулі вёскі, а на сход прыйшлі жанчыны і дзеці. Нават сельскія дэпутаты, “трапіўшы пад уплыў” аднавяскоўцаў, хаваліся, даведаўшыся пра прыезд прадстаўнікоў райкама партыі.

Паколькі чыста партыйная агітацыя не дапамагала, запрацаваў адміністрацыйны рэсурс. На месцы прыехалі партыйныя, савецкія і армейскія работнікі. Сялян зноў пагналі на сходы. Зноў агітацыя, зноў абяцанне выгод, але толькі пры адной умове – ідзі ў калгас. Згодна з новымі гістарычнымі дадзенымі, урад БССР запланаваў шэраг мерапрымстваў, якія прадугледжвалі: скончыць выбары праўленняў і рэвізійных камісій калгасаў; падабраць брыгадзіраў, адданых калгаснаму ладу; да 1 верасня узнавіць граніцы калгасаў і прысядзібных участкаў калгаснікаў; да 10 жніўня 1944 года правесці ўлік інвентару і прадуктыўнай жывёлы; забяспечыць складанне вытворчых планаў, прыходна-расходных каштарысаў. І абавязкова папярэджвалі, што за ўхіленне ад здачы і ўтойванне маёмасці будзе прыменены Закон ад 7 жніўня 1932 года. Ён абвяшчаў:”…прымяняць за крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці расстрэл”. Выйшаў яшчэ адзін дакумент, ён датуецца 20.10.1944г. “Об мерах па навядзенні парадку ў справе звароту на калгасныя фермы кароў, узятых насельніцтвам для асабістага карыстання ў перыяд нямецкай акупацыі”. Тых, хто ўхіляўся, чакала судовае пакаранне. Наяўнасць жа такіх грозных дакументаў сведчыць пра тое, што насельніцтва не хацела падпарадкоўвацца загадам уладаў. А калі гаварыць пра прылады працы, якія трэба было вярнуць у калгас, то гэта быў інвентар, забраны бальшавікамі ў 1939-1941 гадах. Зразумела, што ніхто не хацеў аддаваць. Тады сельсаветчыкі пайшлі па хатах. Нічога не знайшлі. Прычым хадзілі не адзін раз. Тады звярнуліся да Мінска за дапамогай: няма інвентару, а працаваць трэба. І ўжо ў верасні 1947 года калгасы атрымалі 60 плугоў, 50 барон, 40 сеялак конных зернавых, 20 сенакасілак.

Але ў калгас сялян усё ж загналі. А прымянялася наступнае: тым, хто не ўступаў у калгас, адмаўлялі ў выдзяленні зямлі; скарачалі зямельныя надзелы (ініцыятыва Панамарэнкі), кожнаму раёну ўстанаўлівалі нормы землекарыстання ў гектарах на адзін сялянскі двор (напрыклад, у Дзятлаўскім раёне норма складала 12 га); была ўведзена забарона на абмен і продаж сялянскай прадукцыі;  канфіскоўвалі лясныя надзелы аднаасобнікаў; павялічвалі падаткі.

Згодна з пастановай “Аб падаткаабкладанні сялянскіх гаспадарак заходніх абласцей” ад 17 жніўня 1947 года падаткам абкладаліся пашы, сенакосы, сады і ягаднікі, каровы, коні, казлы і быкі, пчолы, заняткі рамяством і іншымі дадатковымі прыработкамі. Для калгаснікаў нормы былі на 25% ніжэй, чым для аднаасобнікаў.

6 верасня 1947 года Савет міністраў рэспублікі прымае пастанову “Аб падаткаабкладанні кулацкіх гаспадарак заходніх абласцей БССР”. Кулакоў вызначалі на 8 пунктах: сістэматычнае выкарыстанне наёмнай працы, эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын у другіх гаспадарках за плату, адрыманне прыбытку ад млына, сушылак і г.д. Паўсюдна складаліся спісы кулакоў і членаў іх сямей, дзе да ўсяго прыпісвалася яшчэ сувязь з нямецкімі акупантамі. Гэта пры ўсім тым, што буйных землеўладальнікаў амаль не засталося. Але кулакоў знаходзілі. У выніку пазней знайшлі шмат спраў, у якіх “памылкова” залічвалі серадняцкія гаспадаркі ў кулацкія. Так, у 1948 годзе па пяці заходніх абласцях, уключаючы Баранавіцкую, такіх набралася каля тысячы.

Падаткавая ж палітыка часта прыводзіла да трагічных вынікаў. Як вынікае з дакладной запіскі “Аб самагубстве грамадзянкі Войцік Алены Яфімаўны”, жанчына, жыхарка в. Альхоўка Нясвіжскага раёна, беларуска, якая мела 4 дзяцей, з іх двое не родныя, удава, скончыла жыццё самагубствам праз павешанне. А прычына наступная: Войцік мела прысядзібны ўчастак большы за норму – 0,2 га, на якім засеяла жыта. Даведаўшыся пра гэта, брыгадзір калгаса С.Другач жыта зжаў, а праз гадзіну жанчына павесілася.

Яшчэ адной пятлёй стала дзяржпастаўка – патрабавалі сдаваць бульбу, малако, мяса, воўну, нарыхтоўваць і вывозіць лес. Бралі вёску за горла і абавязковай падпіскай на аблігацыі дзяржаўнага займу, здачай грошай у розныя фонды.

Асобным артыкулам стаіць ваенны падатак – так званы абаронны падатак. Ужо 16 ліпеня 1944 года Мінск даводзіць да Баранавіч “План нарыхтоўкі зерня для 1 і 2 беларускіх франтоў з ураджаю 1944 года” (25 тон зерня, 14.5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, 3.4 тысячы галоў свіней). Выканкамы перапісвалі насельніцтва, каб мабілізаваць на ўборку ўраджаю.

Данінай абскладаліся і рэлігійныя арганізацыі. З 1 студзеня па 1 красавіка 1945 года ў фонды абароны і дапамогі сем’ям, сіротам і параненым воінам сабрана 168940 рублей, 7216 яек, 39 кг тлушчу, 1594 зерня, 1110 кг бульбы, 9 курыц, 1 авечку, 320 аржаной мукі, 9700 кг розных круп і г.д. Ёсць адзенне і абутак.

Былі створаны розныя фонды, у якія трэба было здаваць коней для Чырвонай Арміі, была нават уведзена пасада старшага дзяржаўнага інспектара па фондзе “Конь для Чырвонай Арміі” з акладам 900 рублёў. Сітуацыю па забеспячэнні арміі коньмі выпраўлялася рознымі спосабамі. Тых, хто не выконваў паставак, каралі, асабліва аднаасобнікаў: прыцягвалі да грамадскіх работ, прымянялі фізічнае пакаранне, уводзілі інстытут закладу, арыштоўвалі, пазбаўлялі дзяржаўных узнагарод. Так, шматдзетная маці А.Сілівончык з вёскі Войневічы Казлоўшчынскага раёна пазбавілі “Медаля Мацярынства” 1 ступені. Калі браць яшчэ пад увагу той факт, што ёй раней улітавалі 10 гадоў лагераў за антысавецкую агітацыю, то рашэнне пра медаль ад 20 ліпеня 1951 года было не што іншае, як кантрольны выстрал наўздагон.

У 1950 годзе Баранавіцкая вобласць, у якую уваходзіла Дзятлаўшчына, была самай адсталай на захадзе рэспублікі па тэмпах калектывізацыі, у ёй налічвалася толькі 928 калгасаў.

Як жа жылося сялянам у калгасах? Пра гэта пакінуў успаміны наш зямляк М.Грыб, пра яго мы ўжо ўзгадвалі раней:”Ад калгаснікаў патрабавалі вялікай выпрацоўкі. За работу налічвалі працадні, кожны павінен быў выпрацаваць за год не меней за 300 працадзён. На агульных работах выпрацаваць больш за адзін працадзень за дзень было немагчыма. Разлік за працадні рабіўся ў канцы года. Таго, хто не выпрацаваў норму, папярэджвалі аб адказнасці, а калі гэта не прыносіла карысці, то абразалі прысядзібныя ўчасткі або ўвогулі іх адбіралі. Пасля ўзбуйнення калгаса выплаты на працадні скараціліся ў некалькі разоў, а праз год сталі зусім малымі. Мама працавала ў калгасе даяркай, потым свінаркай, звеннявой па вырошчванні лёну. У год выпрацоўвала 350 працадзён, а ў канцы года атрымлівала 30 кг зерня. За адзін працадзень плацілі па 900-100 грамаў зерня. Так было прыкладна гадоў дзесяць. Гэта была прымусовая, бясплатная праца на дзяржаву. Ніякіх пенсій калгаснікі не атрымлівалі. Кожны выжываў, як мог”.

Кіравалі калгасамі часта выпадковыя людзі. Яны кралі, пілі, нярэдка здзекаваліся з сялян. Маецца шмат дакументальных сведчанняў такіх фактаў. Вось толькі адзін прыклад з жыцця Мікалая Ліцкевіча, старшыні калгаса “Перамога” Гарадзішчанскага раёна. Маецца дакладная запіска НКУС “Аб самагубстве М.С.Ліцкевіча”. Ён піў, пакінуў жонку і дзяцей у Маскве. Дома захоўваў зброю, некалькі пісталетаў, калі быў у стане алкагольнага ап’янення, скончыў жыццё самагубствам.

Всё вышэйсказанае прымушала ведамства Берыі вельмі пільна назіраць за вёскай. Кандыдаты на пасаду старшыні зацвярджаліся райкамамі партыі, на пасады старшых конюхаў, рахункаводаў, кладаўшчыкоў таксама падбіраліся адпаведныя кадры.

Матэрыял па кнізе падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Татаранка, А. Горкія гады: трагедыя Заходняй Беларусі, 1944-1954 / Аляксандр Татаранка. – Мінск: А. Н. Вараксіна, 2017. – 316 с.

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian