Вялікі Кастрычнік і Дзятлаўшчына

  Вялікі Кастрычнік і Дзятлаўшчына

Заўтра выхадны, святочны дзень – 7 лістапада. Дзень гістарычны, добра вядомы старэйшаму і сярэдняму пакаленням жыхароў нашай краіны – гадавіна Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвацюцыі. З 1918 па 1991 гэты дзень быў галоўным святам у СССР. Што ж адбылося 7 лістапада 1917 года? У Петраградзе адбылася рэвалюцыя, быў зрынуты Часовы ўрад і ўсталявана савецкая ўлада, што значна паўплывала на ход далейшай сусветнай гісторыі, у тым ліку і гісторыі Беларусі.

Рэвалюцыйныя падзеі, што адбыліся ў Петраградзе, не маглі не адгукнуцца і ў тыле германскіх войск, якія стаялі тады на нашай тэрыторыі. Жыхары Дзятлаўшчыны не заўсёды разумелі сэнс гэтых падзей. Аднак усталяванне Савецкай улады ў Мінску выклікала рэвалюцыйны настрой, імкненне як мага хутчэй выгнаць нямецкіх захопнікаў. Нямецкае камандаванне ўзмацніла барацьбу з падпольшчыкамі і партызанамі на тэрыторыі раёна. Сюды пачалі прыбываць спецыяльныя атрады карнікаў.

Аднаўленне ваенных дзеянняў на савецка-германскім фронце ў лютым 1918 года з’явілася пачаткам краху рэжыму Вільгельма II. Лінія руска-германскага фронту ў той час праходзіла на захад ад Дзвінска (Даўгаўпілса) – Смаргоні – Карэліч, а затым на ўсход ад Пінска.

Мірны дагавор, заключаны ў Брэсце 3 сакавіка 1918 года паміж Германіяй і Савецкай Расіяй, ненадоўга працягнуў існаванне акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне.

У пачатку лістапада 1918 года як міжнародны, так і ўнутрыпалітычны стан Германіі рэзка пагоршыўся. 11 лістапада 1918 года германскае камандаванне падпісала акт аб капітуляцыі. А 13 лістапада 1918 года Савецкі ўрад ануляваў умовы Брэсцкага мірнага дагавору.

Засталіся ўспаміны Мікалая Раманавіча Гранкоўскага, відарочцы тых далёкіх падзей. Ён расказвае: “15 жніўня 1915 года родныя і аднавяскоўцы праводзілі мяне ў царскую армію. А ў хуткім часе і самі пакінулі родныя мясціны, рутуючыся ад нямецкіх акупантаў.

У дні Кастрычніцкай рэвалюцыі я знаходзіўся на Заходнім фронце, на перашыйку паміж азёрамі Нарач і Мядзель, у першай батарэі 15-га Асобнага артылерыйскага дывізіёна наводчыкам чацвёртай гарматы.

Аднойчы камандзір батарэі палкоўнік Сарычаў загадаў зняць гарматы з пазіцыі, пагрузіць у эшалон і кіравацца ў Петраград для барацьбы з паўстанцамі. Мы, салдаты, заявілі, што не маем намеру ехаць расстрэльваць сваіх братоў. Афіцэры, а іх на батарэі было сямёра, узяліся за зброю, але тут жа таварышы іх акружылі і раззброілі.

У снежні 1917 года мы пакінулі фронт. Многія з нас прыбылі на Юр’еўскі металургічны завод каля станцыі Алчаўск, дзе працавалі да прызыву ў армію.

Вярталіся на радзіму бежанцы. Змучанае акупацыяй і нядоляй насельніцтва здабывала зброю і змагалася з ворагам. У в.Ліжэйкі стварылі рэвалюцыйны камітэт, старшынёй якога стаў Герасім Аўгустынавіч Гранкоўскі.

У канцы снежня 1918 года немцы панічна адкаціліся з Наваельні, Дзятлава, Парэчча. Спыніўся рух на чыгунцы Баранавічы-Ліда. Германскі браняпоезд спрабаваў дайсці да Наваельні, але быў спынены каля станцыі Выгада і вярнуўся ў Баранавічы.

У Навагрудак прыбыў эскадрон кавалервстаў Чырвонай Арміі, з яго адзін узвод прыйшоў у Наваельню. Камандаваў узводам таварыш Рашчоцін. На станцыі Наваельня немцы пакінулі вялікі склад зброі, боепрыпасаў, амуніцыі. Яшчэ да прыходу чырвонаармейцаў мы, жыхары вёсак і Наваельні, змаглі захапіць гэты склад. З добраахвотнікаў быў арганізаваны 2-гі кавалерыйскі батальён, куды ўвайшлі два эскадроны і кулямётная каманда.  У ім служылі Максім Радзівонаў, Іосіф Радзівонаў, Мікалай Гранкоўскі, Ларывон Гранкоўскі, Гіляр Гранкоўскі, Іван Гранкоўскі, Цімох Кардаш, іншыя жыхары вёсак Ліжэйкі, Зарой, маёнтка Наваельня. Многія з іх пасля прыходу чырвонаармейцаў добраахвотна папоўнілі рады РСЧА.”

     Запісала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian