Сляды знакамітых шляхецкіх родаў на Дзятлаўшчыне:  род Наркевічаў-Ёдкаў і Лапушна

                                                     Род Наркевічаў-Ёдкаў і Лапушна

Недалёка ад Наднёмане, метраў за 800 ад радавога маёнтка шляхціцаў Наркевічаў-Ёдкаў, знаходзіцца фамільны могільнік  гэтага роду.

Ад сядзібнага комплекса ў згаданым кірунку да лесу ідзе палявая дарога. Каля самага лесу ад дарогі аддзяляецца невялікая сцяжынка, якая і вядзе да могілак. Пахаванні на гэтым некропалі вядуць свой адлік прыкладна з 1875 года, калі тут была пахавана сястра знакамітага навукоўцы Якуба Наркевіча-Ёдкі Анэля. Аднак, можна меркаваць, што менавіта тут знайшоў апошні прытулак яшчэ самы першы ўладальнік Наднёмана – дзед Якуба – Ануфрый Наркевіч-Ёдка, які ў свой час набыў сядзібу ў князёў Радзівілаў. Пасля гэтага тут былі пахаваныя яшчэ тры пакаленні вялікай наднёманской галіны роду Наркевічаў-Ёдкаў, у тым ліку і названы вядомы вучоны.

Пасля выгнання апошніх уладальнікаў Наднёмана ў 1921 г. могільнік стаў разбурацца, але ўсё ж перажыў ён і другую сусветную вайну. У 1947 годзе мясцовыя ўлады ўскрылі магілы Наркевічаў-Ёдкаў, капліцу і тэрыторыю вакол яе, пазней могільнік узарвалі. Ён амаль 60 гадоў зарастаў быльнікам.

І толькі ў 2005 годзе ў прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі і работнікаў Міністэрства аховы здароўя РБ з’явілася ідэя аднаўлення фамільнага могільніка. Ідэя знайшла падтрымку ў старшыні Уздзенскага райвыканкама і Уздзенскага каталіцкай парафіі. Аднаўленчыя работы вяліся 2 гады.

Месца капліцы было зноў асвечана і на ім быў усталяваны металічны крыж. Таксама былі зроблены новыя надмагільныя камяні тым прадстаўнікам Наркевічаў-Ёдкаў, чыё пахаванне на гэтых могілках было дакладна вядома. Ды яшчэ ля ўваходу быў пастаўлены камень з металічнай таблічкай, які абвяшчае аб тым, што гэта за месца.

Сярод прадстаўнікоў роду Наркевічаў-Ёдкаў самым знакамітым быў Якуб (1848-1905) – беларускі фізік, медык, біёлаг, доктар медыцыны (1893), прафесар (1900), член-карэспандэнт Рускага геаграфічнага таварыства (1889).

Яго яшчэ называюць беларускім Міколам Тэслам.

Якуб (Сармат Якуб Жыгімонт Наркевіч-Ёдка) скончыў Мінскую гімназію (1865), працягваў навучанне ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене.

У 1872 г. у маёнтку Атонава (сёння вёска Сінячова ў Капыльскім раёне) пабудаваў метэаралагічную станцыю (у 1888 годзе перанес яе ў маёнтак Наднёман, цяпер вёска Уздзенскага раёна). У 1881 г. стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. З 1890 года – супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу.

 

Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму злектрамагнітных хваляў на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, 1891), але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае прыярытет Я. Наркевіча-Ёдкі ў гэтым вынаходніцтве – пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898). У ім азначаецца, што О. Лоджу «належыць першая ідэя тэлеграфіі без правадоў, калі мы не пажадаем дайсці да Наркевіча-Ёдкі, які двума-трыма гадамі раней выканаў у Вене вельмі цікавыя перадачы са шпуляй Румкарфа (праўда, можа быць, без выразнага ўсведамлення ролі электрамагнітных хваляў у гэтых доследах)».

Апроч таго, Якуб Наркевіч-Ёдка зрабіў значныя адкрыцці ў галіне метэаралогіі (вымярэнне хуткасці руху аблокаў, вільготнасці глебы і інш.), за што ўзнагароджаны сярэбраным медалём Рускага геаграфічнага таварыства. Адкрыў у сваім маёнтку санаторый, распрацаваў метады лячэння нервовых захворванняў электрычным токам, метад электраграфіі для дыягностыкі захворванняў, выкарыстоўваў лячэнне кумысам, лячэнне святлом, гімнастыку, мясцовыя мінеральныя воды.

Якім жа чынам звязаны гэты вядомы род з Дзятлаўшчынай? Уся справа ў тым, што ў вёсцы Лапушна Дзятлаўскага раёна знаходзіўся маёнтак гэтай сям’і.

Сядзібна-паркавы ансамбль Наркевічаў-Ёдкаў — колішняя сядзіба ў в. Лапушна (Дзятлаўскі раён), існавала ў XIX — першай палове XX ст.

Гэта быў мураваны аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак, пастаўлены на высокі цокаль,  накрыты вальмавым гонтавым дахам. Меў рысы стылю ампір. Сцены (гладкая тынкоўка чаргавалася з гарызантальным рустам) былі завершаны антаблементам з плоскім фрызам і карнізам на дэнтыкулах. Прамавугольныя вокны завяршаліся трохвугольнымі і лучковымі франтончыкамі, плоскімі сандрыкамі. Цэнтральную частку галоўнага фасада вылучаў манументальны шасцікалонны порцік дарычнага ордара з антаблементам (плоская абака, фрыз з трыгліфамі, карніз на дэнтыкулах) і трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном у тымпане. На паркавым фасадзе знаходзілася слупавая галерэя з аднасхільным пакрыццём. Порцік галоўнага і галерэя паркавага фасадаў мелі тэрасы, агароджаныя балюстрадамі. Планіроўка была анфіладная з параднай залай у цэнтры.

На жаль, сядзібна-паркавы ансамбль страчаны назаўсёды, а вось збудаванне пачатку 20 стагоддзя – капліца – засталася. Там час ад часу там праходзяць адпяваніі. Яна з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ахоўваецца дзяржавай. Але з сям’ёй Наркевічаў-Ёдкаў яе пабудова не звязана.

Капліца пабудавана ў 1908 годзе з цэглы як фамільная пахавальня ўладальнікаў маёнтка Енкаў (Чэнкаў). Пабудаваў капліцу пан па прозвішчу Енка. У пана была адзіная дачка Тэрэза, якая памерла маладой. Бацька і ўзвёў капліцу ў гонар святой Тэрэзы. На фасадзе капліцы выбіта на латыні: “Няхай адпачываюць у спакоі”.

Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Сядзіба Наркевічаў-Ёдкаў у Лапушне

Карліца ў Лапушне

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian