Цікавы экспанат

У 1993 годзе ў наш музей трапіў тэлефонны апарат , які быў знойдзены на гары аднаго з дамоў горада Дзятлава былым дырэктарам музея. Экспанат цікавы, таму і з’явіўся інтарэс яго даследаваць. Перад вамі: насценны тэлефонны апарат канца 19 – пачатку 20 стагоддзя з індуктарным вызавам. Апарат сістэмы МБ. Што гэта значыць? А значыць гэта тое, што ў кожным тэлефонным апараце маецца свая электрычная батарэя для сілкавання мікрафона. Такія батарэі маглі размяшчацца альбо ў корпусе самога тэлефоннага апарата, альбо каля яго.

Трубка з капсюльным вугальным мікрафонам і электрамагнітным слухавым устройствам на рычажным трымальніку. Для мікрафона выкарыстоўваліся вугальныя шарыкі дыяметрам ад 0,3 да 1 мм.

Сістэма апавяшчэння ў выглядзе званка, які складаецца з дзвюх металічных паўсфер, паміж якімі знаходзіцца ўдарны малаточак. Званок размяшчаецца непасрэдна на тэлефонным апараце.

 

 

 

А зараз, як жа працаваў такі тэлефон? Звонку тэлефоннага апарата маецца рукаятка (дзяржанне) індуктара – маленькага генератара пераменнага тока. Для вызаву абанента рукаятку неабходна круціць. Пры кручэнні рукаяткі індуктара ў ім выпрацоўваецца электрычны ток, які па правадах паступае на тэлефонную станцыю. Там ён прыводзіць у дзеянне вызыўныя прыборы тэлефаністкі. Тэлефонныя станцыі пачатку 20 стагодзя былі ручнымі. Адзін, два, тры павароты рукаяткі індуктара – і станцыя атрымлівае сігнал вызаву. Тэлефаністка на станцыі ўручную злучае з неабходным абанентам. Для падачы сігналу адбою, які паказаў бы тэлефанісцы аб заканчэнні размовы, неабходна палажыць на рычаг апарата трубку і два-тры разы павярнуць рукаятку індуктара. І вось гутарка адбылася.

На жаль, нам невядома імя ўладальніка нашага (музейнага) тэлефоннага апарата, і як ён трапіў у наш горад. Але, шукаючы інфармацыю пра тэлефон, мне сустракаліся падобныя на наш мадэлі. Можа я памыляюся, але мне здаецца, што перад намі мадэль насценнага тэлефона пачатку 20 стагоддзя  і выпушчана яна была Германскім імперскім тэлеграфным упраўленнем. Пры стварэнні дадзенага тэлефоннага апарата за аснову верагодней за ўсё была ўзята ўжо існаваўшая мадэль з асобным мікрафонам і слухавым устройствам, якая была зменена шляхам выключэння верхняй часткі, дзе размяшчаўся мікрафон. Такім чынам, стварыўшы мікратэлефонную трубку , была значна палепшана якасць атрымліваемай і перадаваемай інфармацыі. Людзям невялікага росту ўжо не патрэбна было дацягвацца да мікрафона, які раней размяшчаўся зверху.

Корпус тэлефоннага апарата выкананы з дубу. Зверху, мабыць, стаяла пячатка, але зараз яна не выразная, таму цяжка вызначыць яе першапачатковы выгляд.

Матэрыял падрыхтавала дырэктар музея Цюшляева Вольга.

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian