Нашы землякі за мяжой: Фаня Дунец – жанчына-легенда

                                                                                   Адгалоскі мінулых сустрэч

Фаня Дунец – жанчына-легенда, жанчына-змагар, адданая дачка і сястра, ласкавая маці і бабуля. Проста цудоўны чалавек, чалавек – прыклад мужнасці і любові да жыцця ва ўсіх яго праявах. Сяброўка з далёкага Ізраіля, з горада Ерусаліма. І не толькі мая, але і Тамары Вяршыцкай з Навагрудка, навуковага супрацоўніка Навагрудскага музея, Інэсы Зубрылінай, нашай зямлячкі, пераможцы конкурса “Настаўнік года-2011”, Алены Радомскай, настаўніцы гісторыі гімназіі №1 г.Дзятлава, ды і ўсіх беларусаў, хто хоць раз пабыў у яе кватэры, якая знаходзіцца ў шматпавярховым доме для састарэлых у самым цэнтры святога горада.

15 лістапада Фані адзначыла свой юбілей – 100 год з дня нараджэння. Што давялося перажыць гэтай жанчыне ў сваім жыцці, уявіць цяжка, дастаткова сказаць, што яна перажыла Халакост, перажыла і змагла выратавацца, мала таго, выратавала свайго брата Мотэля.

Хто ж такая Фаня Бродскі (у дзявоцтве Дунец)? Чаму менавіта пра яе сёння размова, пра нашу зямлячку з Ерусаліма?

Фаня нарадзілася ў Дзятлаве (Жэтле, як яго называлі яўрэі) 15 лістапада 1920 года. Жыла ў дружнай працавітай сям’і, была вельмі сучаснай дзяўчынай, хацела вучыцца, стаць настаўніцай. Да вайны вучылася ў польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Навагрудку. Ад бацькі, які служыў у царскай арміі падчас Першай сусветнай вайны і трапіў ў палон, навучылася гаварыць па-нямецку. Гэты навык вельмі спатрэбіўся потым у жыцці. Да аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе паспела скончыць курс настаўніцкай семінарыі ў Беластоку, потым вярнулася ў Дзятлава. Трохі ведала рускую мову, і яе, 20-гадовую дзяўчыну, прызначылі на пасаду настаўніцы рускай мовы ўжо ў савецкую школу. І Фаня справілася, спасцігаючы мову разам са сваімі вучнямі, а часцей за ўсё начамі, чытаючы правілы і творы на рускай мове.

Фаня ўспамінае: “Гэта было ў жніўні 1942 года. Нас сабралі на плошчы, загадалі сесці. Частку павезлі на другі канец горада, на яўрэйскія могілкі. Што рабіць? Дзе лепш быць? Застацца на плошчы ці ехаць на могілкі? І так, і так загінем. Тут пачалі пытацца, дзе сакратар Юдэнрата. Яго не было. Падумала і кажу: “Я сакратар”. Немец саджае мяне каля сябе і загадвае запісваць прозвішчы тых, каго адбіраюць для работ на карысць Германіі. Пачынаю з ім гаварыць, пытаюся, чаму ён забівае ні ў чым не вінаватых людзей. За што? Ён адказвае: “Такі загад. Мне нельга разважаць”. Гэты немец быў нядрэнны чалавек, яшчэ некалькі разоў мне дапамагаў. У напоўпе быў мой брат Мардэхай. Мама сказала яму ўстаць, калі загадалі выйсці тым, хто мае спецыяльнасць столяра.

Потым нас павезлі у Навагрудак, у працоўны лагер. Там дзялілі таксама на групы. Зноў не ведаем, што рабіць. Пытаюся ў знаёмага немца, куды лепей накіравацца. Ён падказаў, бо ўжо мяне запомніў, можа, нават па нейкай прычыне сімпатызаваў, убачыў ува мне чалавека. Так я стала сакратаром Юдэнрата ў Навагрудку. Кантралявала работу партніх, запісвала. Брат працаваў на вырабе драўляных падэшваў для бацінак. Часам удавалася прыхаваць нарыхтоўку. Мая сяброўка з Дзятлава па прозвішчы Лускі крала кавалачкі тканіны, мы рабілі невялічкія запісныя кніжачкі і мянялі іх на ежу ў немцаў. Так і выжывалі”.

Успомніла Фаня і эпізод выратавання брата Мардэхая. Менавіта гэты эпізод вельмі цесна звязаў нас у 2012 годзе, калі я і Інэса Зубрыліна былі на 12-дзённым семінары ў Ерусаліме, у музеі Яд Вашэм. А было гэта так. Малады хлопец з вёскі Гірычы Дзятлаўскага раёна, ахоўнік у гета, якога звалі Юзэф, упадабаў прыгожую яўрэйскую дзяўчыну і, ведаючы, што яўрэяў усё роўна будуць знішчаць, прапанаваў арганізаваць ёй уцёкі. Але Фаня папрасіла яго выратаваць і брата. Хлопец сказаў, што дваіх не можа, надта небяспечна, могуць западозрыць і пакараць самога. Тады Фаня сказала, каб ён  вывеў брата, а яна застанецца ў гета. Так Мардэхай апынуўся ў яўрэскім атрадзе Бельскага, што дзейнічаў недалёка ад Навагрудка. Пазней ён перайшоў у рускі атрад, добра партызаніў.

Як было прозвішча Юзафа, Фаня не ведала, але добра запомніла, што быў ён з Гірыч, і вельмі шчыра прасіла пры сустрэчы знайсці радню гэтага чалавека, даведацца нешта пра яго, бо яшчэ былі два сведкі выратавання яўрэя падчас Халакосту, яна і брат, і маглі пацвердзіць факт. Тады Юзафу Яд Вашэм мог надаць імя Праведніка народаў свету. З Гірыч быў родам мой свёкар, яго маці і многія блізкія. Пачала распытваць. Аказалася, што тым хлопцам быў Іосіф Варган. Двух братоў прымусова загналі ў Навагрудак і зрабілі ахоўнікамі ў гета. Знайшліся фотаздымкі пасляваеннай пары, іх паслала па электроннай пошце Фані, і яна пазнала выратавальніка брата. Так мы пасябравалі, Фаня час ад часу тэлефанавала мне, перадавала са знаёмымі, якія прыязджалі ў Дзятлава з Ізраіля, невялічкія падаруначкі. Было так прыемна мець зносіны з чалавекам, якому далёка за 90 гадоў, але які размаўляе з табой на беларускай мове, ды так хораша і правільна, што проста дзівішся.

Сама Фаня выратавалася з навагрудскага гета праз знакаміты тунэль, які таемна пракапалі яўрэі, выносячы зямлю дзень за днём па жменьцы ў кішэнях. Капалі начамі, а раніцай хавалі сляды працы, бо ведалі, што іншага шляху да выратавання няма. Усе, хто выратаваўся, апынуліся ў атрадзе Бельскага. Там было вельмі строга, кожны ведаў свае абавязкі, былі і тыя, каго лічылі “бескарыснымі”. Да іх спачатку трапіла Фаня, але не змірылася з такой роляй і папрасілася даглядаць хворых на тыф, якія былі ў асобнай зямлянцы, так званым шпіталі. Пра жыццё яўрэяў у атрадзе Туўі Бельскага зняты нядрэнны галівудскі мастацкі фільм пад назвай “Выклік”. Дарэчы, у тую паездкі мы сустракаліся з нашчадкамі Бельскіх, прыязджалі яны аднаго разу і ў Дзятлава.

У атрадзе Бельскіх Фаня знаходзілася да ліпеня 1944 года. Потым вярнулася разам з братам у Дзятлава, удваіх паехалі вучыцца ў Баранавічы, у медыцынскае вучылішча. А ў 1945 годзе, пасля заканчэння вайны, апынуліся ў Польшчы, у лагеры для перамяшчэнцаў. Пасля Халакосту многія яўрэі вырашаюць з’ехаць з родных мясцін, каб забыцца пра страшную трагедыю, якая напаткала іх сем’і. У лагеры дзяўчына сустрэла будучага мужа, выйшла замуж. Маладая сям’я праз некаторы час апынулася у ЗША, дзе Фані працавала, гадавала дзяцей, чакала ўнукаў. Толькі ў 2008 годзе, ужо аўдавеўшы, вырашыла пераехаць у Ізраіль да дачкі Бэці Коган. Там і сустрэла свой 100-гадовы юбілей. Брат Мардэхай атрымаў вышэйшую адукацыю, быў журналістам.

І зноў прыгадаю 2012 год і наша першае знаёмства з Фаняй, з яе гасціннай маленькай двухпакаёвачкай, з яе шчодрым сталом, прыгатаваным па нацыянальных яўрэйскіх традыцыях. І канешне, з бясконцымі ўспамінамі, размовамі. Дзіву даваліся: чалавек столькі гадоў пражыў за мяжой, а мовы не забыўся. Нібыта ўчора з’ехала з роднага Жэтла, дзе ў брацкай магіле на яўрэскіх могілках ляжаць маці, бацька, родныя і знаёмыя, дзе прайшло шчаслівае дзяцінства і юнацтва. У Фані і сёння цудоўная памяць, яна можа размаўляць на шасці мовах, помніць прозвішчы суседзяў і многіх знаёмых з Жэтла.

Да юбілею нашай зямлячкі выйшлі матэрыялы ў сацыяльных сетках, ролік на Ютубе. Шмат фотаздымкаў, цеплых слоў сказана ў адрас Фані. І яна трымаецца, бо моцная духам, з жыццёвым стрыжнем жанчына, што і дапамагло выжыць і жыць з адчуваннем радасці жыцця і чалавечага паўсядзеннага шчасця.

Пажадаем нашай зямлячцы доўгіх гадоў і здароўя і спадзяёмся, што яна перажыве пандэмію, а мы яшчэ сустрэнемся.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian