Па слядах памяці: 24 лістапада – гадавіна трагедыі Казлоўшчынскага гета

Па слядах памяці

24 лістапада – гадавіна трагедыі Казлоўшчынскага гета

Гета ў Казлоўшчыне  існавала з лета 1941  да  24 лістапада 1941 года. Яўрэйскае гета – гэта месца прымусовага перасялення яўрэяў пасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці і бліжэйшых населеных пунктаў у працэсе праследавання і знішчэння яўрэяў падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі войскамі нацысцкай Германіі ў перыяд Другой сусветнай вайны.

Гарадскі пасёлак Казлоўшчына быў захоплены нямецкімі войскамі ў чэрвені 1941 года і знаходзіўся пад акупацыяй больш за тры гады – да 9 ліпеня 1944 года.

Неўзабаве пасля акупацыі нацысты, рэалізуючы праграму знішчэння яўрэяў, стварылі ў пасёлку гета.

24 лістапада 1941 гады немцы загадалі некалькім дзясяткам мясцовых жыхароў выкапаць 6 ям недалёка ад Казлоўшчыны. Акупанты выганялі яўрэяў з дамоў, грузілі на аўтамабілі, вывозілі да тых загадзя падрыхтаваным ям і расстрэльвалі. Усяго за час гэтай «акцыі» (такім эўфемізмам нацысты называлі арганізаваныя імі масавыя забойствы) было зроблена 13 рэйсаў. Назаўтра, 25 лістапада, немцы знайшлі яшчэ 18 чалавек, якія хаваліся, адвялі на мясцовыя могілкі і прымусілі выкапаць магілу. Бацькі стаялі каля ямы з дзецьмі на руках. Немцы стрэлілі спачатку толькі па дзецях, а іх бацькоў расстралялі пазней – пасля катаванняў. За гэтыя два дні, 24 і 25 лістапада 1941 года, было забіта прыкладна 300 (па іншых звестках 770) яўрэяў.

Дамы забітых былі практычна разбураны ў час пошуку нібыта схаваных яўрэямі каштоўнасцей.

Сярод вязняў Казлоўшчынскага гета знаходзіўся Іехезкель Атлас з бацькамі і сястрой. У лістападзе 1941 года яго родных забілі, але ён сам (і яшчэ некалькі чалавек) здолеў збегчы, арганізаваў і ўзначаліў першы на Дзятлаўшчыне партызанскі атрад, і да сваёй смерці ў баі у кастрычніку 1942 года помсціў нацыстам і іх памагатым.

У 1944 годзе, пасля вызвалення мястэчка, высветлілася, што выратаваліся з усіх яўрэяў Казлоўшчыны толькі 2 чалавекі.

У 1967 годзе на магіле ахвяр генацыду яўрэяў за кіламетр на поўдзень ад Казлоўшчыны быў усталяваны абеліск з надпісам «Тут пахаваныя 2500 чалавек савецкіх грамадзян, па-зверску закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі 21 лістапада 1941 года” (дата не зусім дакладная).

                   Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian