Да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча: памятныя сустрэчы

Памятныя сустрэчы

 Знакамітыя людзі на Дзятлаўшчыне

Мы, беларусы, жывём штогод у святле шматлікіх культурных падзей і датаў. Сярод іх- святкаванне 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, беларускага пісьменніка, паэта, сцэнарыста, гісторыка, публіцыста, арыгінальнага творцы, які зрабіў свой значны ўнёсак у беларускую літаратуру і культуру.

Пісьменнік любіў наведваць гістарычныя мясціны нашай Радзімы, знаёміўся з  людзьмі, збіраў  успаміны пра вайну, з многімі потым  ўсё жыццё сябраваў, вёў перапіску. Сябрам Уладзіміра Караткевіча быў і першы дырэктар Дзятлаўскага краязнаўчага музея Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч. Пра стасункі Міхаіла Фёдаравіча з Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём і іншымі знакамітымі людзьмі нам расказаў Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч, краязнаўца, сын Міхаіла Фёдаравіча.

 

Дзед Філон і вёска Любча

Менавіта ў Любчы пяцігадовы Валера Петрыкевіч упершыню ўбачыў Янку Брыля на надворку дзедавай сядзібы. Дзед займаўся да вайны сплавам лесу па Нёмане, і ў двары стаяла лодка, агромністая драўляная лодка, якая звычайна ішла ў канцы плытоў і балансавала іх ход пры дапамозе вялізнага металічнага якара. Малы зрабіў лодку сваім сховішчам, і хатай, і замкам. Ды чым яшчэ хочаце- у дзяцей багатая фантазія. Дык вось сядзіць Валера ў лодцы і бачыць, што ў двор заходзіць “велікан”, высокі, прыгожы, малады дзядзька,  і пачынае з ім размаўляць. Распытвае пра лодку, і хто яе гаспадар, і куды хлопчык паплыве на гэтай лодцы. Вядзе размову як з дарослым.

Гэта быў 1951 год. Янка Брыль прыехаў па лодку спецыяльна, прыехаў на “Масквічы”. Такой машыны хлопчык ніколі не бачыў. Тады малады пісьменнік працаваў над “Нёманскімі казакамі” і хацеў праплыць па рацэ, бо не ўсюды на машыне можна было даехаць. Валерый Міхайлавіч помніць, як вывозілі з двара тую вялізную лодку, як пяцёра мужчын грузілі яе на палутарку. Ён ціхенька залез у кузаў і схаваўся пад лодкай. Але калі з “Масквіча” пачалі пераносіць рэчы ў  палутарку, хлопчыка ўбачылі, і бацька такі хлыснуў на сцёгнах крапівой. Канешне, плакаў: было крыўдна, што не ўзялі паплаваць і доўга пяклі ўкусы крапівы. Брыль заступіўся за малога  і  пачаставаў цукеркамі, закручанымі ў паперку- сталічнымі. Да гэтага хлопчык смакаваў толькі падушачкі, што прадаваліся на вагу.

Разам з Янкам Брылём  на надворку быў і Уладзімір Калеснік. Яны сплавіліся на лодцы ад Ярэміч і вярнуліся назад у Любчу.

 

Турнэ Ул. Караткевіча па Гродзеншчыне

У 1963 годзе Янка Брыль, Уладзімір Калеснік і Уладзімір Караткевіч ездзілі па Гродзеншчыне. Караткевіч збіраў матэрыялы пра Беларусь, знаёміўся з нашай Радзімай, стараўся пабыць у розных яе куточках. Яго цікавасць да матэрыяльнай культуры беларусаў, этнаграфіі, фальклору пазней вылілася ў цудоўны  нарыс “Зямля пад белымі крыламі”.

Заехалі і ў Зельву, дзе жыла  Ларыса Геніюш. Пагасцявалі ў яе. Потым вярнуліся да Міхаіла Фёдаравіча. Размясціліся на беразе рэчкі. Проста на траве разаслалі посцілкі. Харчоў панскіх не было: сала, бульба, малако, кавалак хлеба. Потым спрэчкі, абмеркаванні. Караткевіч абараняе Ларысу і яе мужа Янку, Брыль пярэчыць. Не сышліся з Янкам погледамі. Валерый Міхайлавіч, зусім малады хлопец, не надта прыслухоўваўся і няшмат разумеў з тых размоў, але ўзбуджанасць размовы  запомнілася.

 

“Я з вогненнай вёскі” і дзятлаўская зямля

Ішоў 1973 год. Набліжалася святкаванне 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. П.М.Машэраў даручыў Я.Брылю, У.Калесніку і А.Адамовічу стварыць кнігу пра вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Планавалася зрабіць кнігу дакументальнай прозы- успаміны тых, што выжыў. Ездзілі па ўсёй Беларусі, трапілі і  на Дзятлаўшчыну. Спыніліся ў сям’і Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча. У нашым раёне таксама ёсць знішчаныя вёскі- Трахімавічы, Пушча Ліпічанская, Вялікая Воля і іншыя. Выязджалі на месца, гутарылі з людзьмі, запісвалі. Потым вярталіся вечарам у Дзятлава, абмяркоўвалі, супастаўлялі расказы розных людзей, імкнуліся дайсці да ісціны: як было на самой справы? Часам Валерыя Міхайлавіча выдалялі з пакоя: не ўсё можна было гаварыць пры маладым настаўніку-камсамольцу. Самым катэгарычным з траіх быў Алесь Адамовіч, патрабаваў, каб было напісана са слоў відавочцаў. Янка Брыль праяўляў жыццёвую мудрасць, разумеў, што ёсць партыйная цэнзура. Кніга  атрымалася выдатная, яна паклала пачатак  беларускай дакументальнай прозе. Па ёй пастаўлена ваенная драма Элема Клімава “Ідзі і глядзі”.

Турпаход у летнік Крынічнае

У 1975 годзе Валерый Міхайлавіч ужо працаваў у Дзятлаве настаўнікам фізкультуры. Чалавек ён заўсёды быў актыўны, ініцыятыўны і на месцы не сядзеў. Летам задумаў арганізаваць з вучнямі цікавы турпаход: сплаў па Нёмане на лодках. Паход планаваўся на дванаццаць  дзён, з прыпынкамі на беразе каля вёсак. Спусцілі лодкі на ваду, а яны пацяклі. Тады выцягнулі на бераг і пачалі латаць- пакляй, смалой. У гэты час аднаго з вучняў-Бондара Валодзю- укусіў сабака. Звярнуліся ў бальніцу, два дні рабілі ўколы, а астатнія далі з сабой, іх ужо калоў сам настаўнік. І паколькі доўга прастаялі, то няспешна прасмалілі лодкі і рушылі далей. Янка Брыль быў ў той час добра знаёмы Валерыю Міхайлавічу. У пісьменніка яшчэ не было свайго летніка,  ён здымаў на лета хутар Крынічнае непадалёк ад свайго Загор’я.  Плывуць нашы вучні на лодках і бачаць: стаіць рыбак, закінуў вуду і чакае. Калі наблізіліся, Валерый Міхайлавіч пазнаў Брыля, павітаўся:

– Іван Антонавіч, ці можна да Вас?

Вырашылі наведацца на наступны дзень, адразу пасля начоўкі. Пайшлі не ўсе, чалавек 5-6, астатнім хацелася яшчэ паспаць. Пасядзелі, пачаставаліся, пагаварылі. Пазней Янка Брыль купіў хутар Крынічнае для сваёй сям’і: вельмі любіў тыя мясціны. І Валерый Міхайлавіч падчас турпаходаў завітваў туды з вучнямі яшчэ разоў пяць, апошні раз у 1992 годзе. Пісьменнік быў яшчэ рухавы, сам працаваў на летніку і расказаў Валерыю Міхайлавічу, як выбіў сабе вока, секучы дровы, – трэска адскочыла і трапіла ў вока. Пасля гэтага жыў і пісаў са штучным.

 

Ужо без бацькі

У 1999 годзе Міхаіла Фёдаравіча не стала. Пасля пахавання ў Вільні да Валерыя Міхайлавіча завіталі пляменнікі і ўсе разам вырашылі наведацца да Брыля на летнік. Без папярэджання, бо ведалі, што летам ён заўсёды там. І сапраўды, на летніку былі Янка Брыль, жонка, малодшая дачка. Гасцінна сустрэлі, пачаставалі. Пыталіся, як пахавалі Міхаіла Фёдаравіча, на якіх могілках.

У пачатку 2000-ых Валерый Міхайлавіч яшчэ некалькі разоў гасцяваў у пісьменніка ў Мінску. Жонка Івана Антонавіча памерла. Ён жыў адзін, ужо не ў цэнтры Мінска, а на вуліцы Дразда. Амаль нікуды не выходзіў. Прыязджалі дочкі, прывозілі ўсё неабходнае. Заўсёды шчыра сустракаў госця з Дзятлава, стараўся пачаставаць тым, што мелася ў халадзільніку.

У 2007 годзе, калі Валерый Міхайлавіч трапіў у бальніцу, Янка Брыль напісаў яму апошні ліст, у той час  сам пісьменнік  таксама быў у шпіталі. Пра сябе ніводнага слова. Ліст гучаў прыкладна так:”Шаноўны Валерый. Даведаўся ад Светы (сястра Валерыя Міхайлавіча), што лёс выпрабоўвае цябе. Але трымайся. Усё будзе добра, я веру ў гэта”.

Пражыў Янка Брыль доўгае і шчаслівае жыццё. Быў чалавекам памяркоўным, шчырым, адкрытым. Такім яго помніць Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч і шкадуе, што ў маладосці няшмат часу праводзіў з такімі людзьмі, хоць і можна было. Ды все ж засталіся дарагія  ўспаміны.

             Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian