Народныя святы і абрады: Піліпаў дзень

27 лістапада – Піліпаў дзень

Гэта апошні дзень перад калядным постам. Пост у народным асяроддзі назвалі Піліпаўскім — у гонар святога апостала Філіпа (Піліпа), які ўшаноўваецца менавіта ў гэты дзень. На Беларусі гэты час называлі яшчэ Піліпаўка і прыгаворвалі: “Піліпаў пост — да святак мост”. Перад Піліпаўкай наладжвалі апошнія вяселлі, таму ў песнях пяецца: “Была восень, цяпер зіма, былі хлопцы, цяпер няма”.

У народным календары з Піліпаўкай звязана шмат розных прыкмет і традыцый. Лічылася, што ў гэты люты час ваўкі і сабакі пачынаюць ладзіць вяселлі. Людзі казалі: “Вые, што воўк піліпаўскі”, “Разгуляцца, як ваўкі на Піліпаўку”, “Танцаваць, як стары воўк на Піліпаўку”, “Глядзець скоса, што воўк піліпаўскі”. Менавіта таму не рэкамендавалася хадзіць у лес гэтай парой, тым больш што у сялян хапала сельскагаспадарчай працы.

Помніце радкі з паэмы Янкі Купалы “Курган”:

На купалле там птушка садзіцца, пяе,

У піліпаўку воўк нема вые;

Сонца днём распускае там косы свае,

Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Да Піліпавага посту сяляне павінны былі паспець “зрабіць свежыну”. Гэта значыць, закалоць кабанчыка і нарабіць усялякіх мясных прысмакаў. Вось толькі пачаставацца імі можна было да 28 лістапада, паколькі далей пачынаўся пост.

Жанчыны выкарыстоўвалі гэты час для прадзіва нітак з лёну і воўны. Трэба было спяшацца, бо лічылася, “што ў Піліпаўку спрадзеш, то ў Вялікі пост сатчэш”.  “Піліп дзяцей адзявае”, “Кудзеліца – першы тыдзень прадзення на Піліпаўскі пост” — да гэтага дня неабходна было скончыць падрыхтоўку да ткацтва: “У запусты на Піліпаўку  пачынаюцца вячоркі і попрадкі”. Прадзенне кудзелі было адной з важных прац у гаспадарчай дзейнасці жанчын.

У кожнай вёсцы збіралася некалькі гуртоў дзяўчат, яны былі сяброўкамі, сваячкамі або суседкамі. І кожны вечар такі гурт прыходзіў у новую хату – да наступнай дзяўчыны. Кожная з дзяўчат несла на попрадкі сваю прасніцу ці калаўрот, кудзелю, верацяно. Хадзіць на вячоркі дзяўчаты-падлеткі пачыналі з 12-14 гадоў. У гурт дзяўчат больш старэйшага ўзросту абавязкова заходзілі хлопцы, якія прыглядаліся да стараннай працы будучых нявест. Лічылася, што хадзіць на попрадкі для дзяўчат перадшлюбнага ўзросту было асабліва важным, бо падчас такіх сустрэч узнікала закаханасць паміж моладдзю і складваліся сямейныя пары. Абавязковым “угашчэннем” сябровак на гэты час станавіліся посныя прысмакі: сланечнік, семкі з гарбузоў, параны гарох, свежыя і мочаныя яблыкі.

У Піліпаўку кормілі малочным толькі дзяцей да 10 гадоў, больш нікому не давалі скаромнага: ні людзям, ні скаціне. Поснае ўсё было сваё: і грыбы сушылі, і каноплі сеялі і масла рабілі з іх, і так таўклі і елі клёцкамі, рыбу сушылі ці лавілі ў палонках. У нядзелю елі рыбную юшку: у гліняную міску рэзалі рыбу, сыпалі туды мукі, масла канаплянага, разбаўлялі вадой – і ў печ, парыцца. Управала за пару гадзін, можна было блінам макаць ці лыжкай есці з хлебам.  Гэта ў нядзелю, а ў буднія дні кіслую капусту варылі з грыбамі, бульбу парылі, потым з расолам елі.

Таксама гэты дзень стаў знакавым для вызначэння надвор’я на бліжэйшую і далёкую перспектыву: шэрань на дрэвах – да марозу, туман – да адлігі, а калі шэрань была ўначы, днём будзе снег. Пахмурна ці снежна – да непагадзі ў маі. Калі непагадзь суправаджае калядныя запусты (апошні дзень перад пастом), то можна разлічваць на ўраджайнае лета.

Доўжыцца Піліпаўскі пост 6 тыдняў з 28 лістапада па 6 студзеня ўключна: ён усталяваны царквой дзеля духоўнага прыгатавання да сустрэчы свята Раства Хрыстова.

Назва звязаная з тым, што загавіны прыпадаюць на дзень памяці апостала Піліпа, аднаго з 12 апосталаў, які паходзіў з горада Віфсаіда ў Галілеі.

Пасля Узнясення Хрыста на неба, Піліп разам са сваёй сястрой Марыяй шмат падарожнічалі па свеце з пропаведзямі. Былі ў Галілеі, Грэцыі, Сірыі і Малой Азіі, паўсюль здзяйсняючы вялікія цуды. Іх закідвалі камянямі, садзілі за краты, выганялі з населеных месцаў і аднойчы, за прапаведванне слова Божага ў Фрыгіі, святога апостала Піліпа схапілі і ўкрыжавалі ўніз галавой, праз што ён загінуў.

Стойкасць духа і веры гэтага святога — прыклад адпаведных паводзін падчас посту для вернікаў.

Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian