Гонар і слава Дзятлава: касцёлу Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі – 375 гадоў

Дзятлаўскі касцёл…  Будынак у самым цэнтры нашага гарадка, на плошчы. Не проста стаіць – узвышаецца, грацыёзна і велічна. Самы стары будынак горада, гонар нашай архітэктуры. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Колькі цікавых старонак дзятлаўскай гісторыі прайшло паўз яго, колькі бачылі гэтыя моцныя сцены і радасці, і гора людскога. І не дзіва: сёлета спаўняецца 375 гадоў з часу пабудовы велічнага гмаха, са званіц якога відаць не толькі гарадок, але і ўся маляўнічая ваколіца. Цэлы год ён будзе юбілярам, ушанаваным часам, людзьмі і гісторыяй. І гэта таксама сімвалічна.

  Некалькі фактаў з гісторыі будынка

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – каталіцкі храм. Ён уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Як сведчаць некаторыя гістарычныя крыніцы, касцёл пабудаваны ў 1624-1646 гадах на рынкавай плошчы на ​​месцы драўлянага. Хто будаваў драўляны і як ён выглядаў, пакуль невядома. Магчыма, з цягам часу знойдуцца нейкія сведчанні тых далёкіх часоў. Ініцыятарам сённяшняй пабудовы стаў уладальнік горада – вялікі гетман літоўскі Леў Сапега. У 1743 годзе касцёл гарэў, быў страчаны амаль увесь інтэр’ер, уключаючы галоўны алтар. У 1751 годзе касцёл быў рэканструяваны архітэктарам А. Асікевічам на сродкі князя Мікалая Фаўстына Радзівіла, вядомага тым, што ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у мястэчку. У гады яго ўладання быў пабудаваны новы галоўны фасад касцёла  і адноўлены інтэр’ер.

У 1882 годзе ў касцёле адбыўся яшчэ адзін пажар, пасля якога быў заменены дах будынка. У 1900 годзе касцёл быў абнесены высокай каменнай агароджай з брамамі і вуглавымі четырёхгранными вежамі. Уздоўж правай сцяны агароджы цягнуліся гандлёвыя рады.

Асаблівасці архітэктуры касцёла

Касцёл належыць да самабытных помнікаў архітэктуры 1-й паловы ХУІІ ст., у якіх спалучаюцца рысы рэнесансу, ранняга барока і готыкі. Храм аднанефавы – з паўцыркулярнай апсідай, бакавыя сцены рытмічна падзелены высокімі прамымі кантрфорсамі, паміж якімі прарэзаны вялікія аконныя праёмы з паўцыркулярнымі завяршэннямі. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, якія абапіраюцца на масіўныя лапаткі. Фасад храма перабудаваны ў 1751 годзе, пасля пажару, у стыле “віленскага барока”: надстроены высокія ажурныя трох’ярусныя вежы, завершаныя маленькімі купаламі з каванымі крыжамі, паміж вежамі стромы фігурны франтон (калісьці ў ім змяшчаўся гадзіннік). Захаваўся першапачаткавы каменны партал з алебастравай ляпнінай у стылі ранняга барока. Карніз увенчаны кампазіцыяй з картуша і дзвюх ваз па баках. Картуш мае форму глыбокай рамы з паўцыркулярным верхам, у якой знаходзіцца гарыльеф “Маці Божая з Дзіцём Ісусам” – рэдкі ўзор каменнай пластыкі ранняга барока на Беларусі.   У 1751 годзе былі выкананы сем алтароў са штучнага мармуру і дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера ў стылі ракако. У прэсбітэрыі знаходзіцца ансамбль з трох алтароў, злучаных аркамі. Галоўны алтар двух’ярусны. У ніжнім ярусе чатыры калоны, паміж якімі стаяць скульптуры св. Адальберта і св. Станіслава. Разьбяны гарыльеф у цэнтры прадстаўляе на фоне аблокаў Бога-Айца ў папскай ціяры, які трымае перад сабою крыж з распятым Ісусам.

У другім ярусе, дэкараваным пілястрамі, карнізамі, кансолямі і вазамі, на воблаку паказана Маці Божая ў кароне. Алтарная кампазіцыя мае працяг на скляпенні ў выглядзе картуша з херувімамі і ўсёвідушчым вокам.  Спалучаныя з галоўным алтаром двух’ярусныя алтары св.Марыі Магдалены і св. Барбары маюць па дзве калоны. Левы алтар змяшчае карціны “Святая Магдалена” і “Узнясенне”, скульптуры Святога Мікалая і Святога Георгія. Правы – карціны “Святая Барбара”, “Святое Сямейства” і скульптуры Святога Удальрыка і Святога Фаўстына.

Рысы ракако маюць алтары ў нефе касцёла: Маці Боскай Вастрабрамскай, Ісуса, Георгія, Яна Непамука, а таксама амбон і картушы са скульптурнай групай “Водахрышча” і эпітафіяй Мікалая Фаўстына Радзівіла з яго партрэтам.

Легенды касцёла

  А можа, і не легенды. Ва ўсякім разе, некаторыя з іх пацвярджаюцца гісторыкамі.

Самай загадкавай, напэўна, можна лічыць легенду пра падземны ход. Са слоў Валерыя Міхайлавіча Петрыкевіча, вядомага ўсім дзятлаўчанам краязнаўцы, які абапіраецца на расказы свайго бацькі і іншых старажылаў горада, вынікае: падземны ход веў ад касцёла да капліцы, што на дзятлаўскіх могілках. Праходзіў ход паўз сучасную царкву, якраз каля падмурка. Калі залівалі той падмурак яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны, пры польскай уладзе, рабочыя знайшлі ход і сказалі пра яго інжынеру, які ўзначальваў работы. З кім раіўся інжынер, невядома, але даў каманду заліць ход растворам. Асноўныя работы былі прыпынены, шмат дзён рабочыя мяшалі раствор і закладалі ход. Канешне, закладзены ён не ўвесь, толькі ўваход і выхад, але назаўсёды страчаны такі цікавы гістарычны маршрут, можна сказаць, сімвал сярэднявечча, былых войнаў і небяспек, калі акружаныя ворагам гараджане маглі выбрацца на волю толькі праз такія вось падземныя хады.

Яшчэ адна легенда расказвае пра сэрца Радзівіла. І гэта таксама не легенда, а пацверджаны факт. Сэрца аднаго з уладальнікаў Дзятлава – Мікалая Фаўстына Радзівіла – сапраўды захоўваецца ў нашым касцёле.  Князь Мікалай Фаўстын Радзівіл нарадзіўся  21 мая 1688 года ў Дзятлаве. Ён дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мечнік вялікі літоўскі, пазней – ваявода наваградскі (1729-1746), генерал-лейтэнант (1725).

Быў чалавекам адукаваным і начытаным. Аўтар некалькіх прац па гісторыі свету і народаў Еўропы, публіцыстычных твораў. Радзівіл памёр у Дзятлаве 2 лютага 1746 года і быў урачыста пахаваны ў радавой пахавальні ў Нясвіжы, а яго сэрца – у Дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.    Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Нясвіжскім музеем-запаведнікам, згадка пра тое, што сэрца Мікалая Фаўстына Радзівіла знаходзіцца ў Дзятловском касцёле, знойдзена ў «Польскім слоўніку біяграфічным» Эвы Шклярскай, а таксама ў кнізе А.Т.Федарука «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны” (Мінск, “Беларусь”, 2014 год), дзе гаворыцца пра тое, што сэрца  М.Ф.Радзівіла, а таксама яго сына Ежы было змешчана ў спецыяльны шкляны посуд і знаходзілася ў нішы касцёла, дзе меўся надпіс і партрэт М.Ф.Радзівіла.

Зайдзіце ў наш касцёл, зрабіце крокаў 10-15 па дарожцы між лавак і павярніце галаву направа. Вы ўбачыце калону, а на ёй – прыгожую выяву сэрца. Гэта якраз тое месца, дзе і знайшло вечны спачын сэрца Мікалая Фаўстына Радзівіла.

А вось арган – гэта ўжо сапраўды рэальнасць. Калі беларускае тэлебачанне здымала фільм “Я хачу гэта ўбачыць”, ксенз Здзіслаў Пікула дазволіў групе, у складзе якой была і ваша пакорная служка, залезці на хоры і пазнаёміцца з арганам. Кіраўнік праекта Уладзімір Богдан расказаў проста адтуль, з вышыні, пра арган і яго гісторыю. Між іншым, арган стаў героем мастацкага фільма “Паланэз Агінаскага”, знятага ў 1971 годзе. Зараз дзятлаўскімі вернікамі-каталікамі запушчаны праект па рэстаўрацыі аргана. Адкрыты рахунак у банку, кожны жадаючы можа пералічыць грошы на яго аднаўленне. Уявіце сабе такое: заходзіш у касцёл, а там іграе арган. Мілата. Сапраўдная сустрэча з небам!

І апошняя загадка – усёвідушчае вока. Размешчана вока над уваходам у касцел. З’яўляецца масонскім знакам, які сімвалізуе Вялікага Архітэктара Сусвету, што назірае за працай вольных каменшчыкаў. Гэта выява вока, упісанага ў трохкутнік. Чаму гэты знак з’явіўся на касцёле, хто з уладароў мястэчка загадаў зрабіць яго выяву, пакуль што невядома. Але на гэта вока абавязкова звяртаюць увагу замежныя госці, калі прыязджаюць у Дзятлава. Магчыма, вока назірае за ўсімі намі і не дае рабіць дрэнных спраў? А можа, гэта напамін пра тое, што Бог бачыць нас і не пакіне ў цяжкую хвіліну. Шмат на свеце неразгаданага. І касцёл наш – таксама загадка, якой сёлета спаўняецца 375 гадоў. Плыве ён над горадам, нібы вольны птах, і няхай плыве яшчэ тысячы гадоў, пакуль жыве наша зямля і наш народ.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

 

 Алена Абрамчык

Касцёл Успення Прасвятой Марыі

Плыве пад небам праз нягоды дзён.

Пабудаваны некалі Сапегам,

Ён сімвал дзятлаўскай зямлі здавён.

 

Перацярпеў і войны, і пажары,

Збярогся, калі гінула ўсё:

Архіў царкоўны, і алтар, і крыпта.

Жыве ў стагоддзях і нясе жыццё.

 

Плыве лябёдкай белай у прасторах,

Агорнуты вясновым светлым сном.

Непадуладны ні гадам, ні бурам,

Чаруе прыгажосцю, хараством.

 

Калісьці шчыраваў тут Асікевіч,

Фасад пасля пажару аднаўляў.

А Мікалай з калена Радзівілаў

На будаўніцтва сродкі фундаваў.

 

У стылі праславутага барока

Ён сцены таго гмаху аздабіў.

Апосталаў святых, Пятра і Паўла,

Ў шырокіх светлых нішах размясціў.

 

А знакаміты кракаўскі Кастэла

Ісуса і Марыю выразаў,

Ляпіў святыя сонечныя лікі,

Малітвай край радзімы бласлаўляў.

 

Пра гэты храм народ складаў легенды

І праз віры стагоддзяў захаваў,

Прыгожыя і дзіўныя, як казкі,

Іх кожны дзед унуку перадаў.

 

Пра сэрца Мікалая Фаустына,

Які так шчыра Здзенцела любіў,

Што й пасля смерці родныя мясціны

Душою несмяротнай бараніў.

 

Пра сілу цудатворную іконаў

І ход падземны каля сцен святых,

Што быў калісь для здзецельцаў заслонай

Ад войнаў і ад ворагаў ліхіх.

 

Тут музыка арганная гучала,

Здымаўся праславуты “Паланэз”,

Ляцелі гукі радасна над светам,

Будзілі вёскі, поле, цёмны лес.

 

Наш гонар, наша памяць і надзея,

Ён шчасця знак унукаў і дзяцей.

Няхай чароўнай музыкі акорды

Нясуцца сёння над зямлёй маей.

 

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian