Нашы знакамітыя землякі: Міхаіл Нікіфараў – вучоны з крылатай душой

Міхаіл Нікіфараў – вучоны з крылатай душой

Акадэмік НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар. Адзіны акадэмік сярод айчынных заолагаў. Акадэмік-сакратар Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі, галоўны навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Гэта ўсё наш зямляк з Наваельні – Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў. Яму ў студзені спаўняецца 65 гадоў.

Шлях у навуку быў як і ў многіх, што нарадзіўся ў 50-я гады XX стагоддзя. Прыступка за прыступкай падымаўся Міхаіл Нікіфараў да свайго сённяшняга п’едэсталу. А вяла яго мара.

– Птушкі як магніт прыцягвалі з дзяцінства, расказавае Міхаіл Яфімавіч. – Калі мне было 10 гадоў, бацькі пераехалі з Магілёўскай вобласці працаваць у санаторый “Крыніца” ў Ждановічах. Шмат часу з аднагодкамі праводзіў у лесе. Калі натыкаўся на птушыныя гнёзды, мяне заўсёды дзівіла разнастайнасць афарбоўкі шкарлупіны яек. Паступова навучыўся распазнаваць гнёзды па іх форме, віды – па галасах. Напоўненасць лесу жыццём птушак і звяроў я ўжо бачыў зусім не так, як іншыя. Паступаць на біяфак вырашыў выключна для таго, каб прысвяціць сябе арніталогіі.

Бацька – Яфім Нікіфараў (1929-2010) і маці Таццяна Нікіфарава – урачы, пазнаёміліся ў час вучобы ў медінстытуце, напярэдадні 1954 года распісаліся, а ў верасні 1954 года ў іх нарадзілася дачка Людміла. У жніўні 1955 года па размеркаванні паехалі на працу ў шпіталь для хворых на сухоты ў Наваельню Дзятлаўскага раёна. Яфім працаваў хірургам, а яго жонка – у дзіцячым аддзяленні санаторыя.

21 студзеня 1956 года ў Дзятлаўскай раённай бальніцы ў іх нарадзіўся сын Міхаіл. У маі сям’ю перавялі на працу ў Кіраўскую раённую бальніцу. Бацька працаваў рэнтгенолагам, а маці педыятарам, пазней – неўрапатолагам. 12 верасня 1962 года ў іх нарадзіўся другі сын, якому далі імя Юрый ў гонар першага касманаўта Юрыя Гагарына. У 1966 годзе сям’я перабралася на працу ў санаторый “Крыніца” Ждановіцкага сельскага савета Мінскага раёна. Атрымалі новую кватэру на тэрыторыі санаторыя.

Міхаіл Нікіфараў скончыў Ждановіцкую сярэднюю агульнаадукацыйную працоўную політэхнічную школу ў 1973 годзе і адразу ж паступіў на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна. Яшчэ студэнтам пачаў працаваць у Інстытуце заалогіі АН Беларусі на 0.5 стаўкі, а пасля заканчэння ўніверсітэта – на поўную стаўку.

У ліпені 1978 года Міхаіл Нікіфараў ажаніўся з Ірынай Мікалаеўнай Бондар, сваёй аднакурсніцай. Яны маюць двух сыноў – Андрэя і Ілью. Жонка Ірына Мікалаеўна працавала ў Цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі медінстытута, абараніла кандыдацкую дысертацыю, затым была загадчыцай аддзела ў навукова-практычным Цэнтры “Інстытута фармакалогіі і біяхіміі НАН Беларусі”, а з 2009 года працавала кансультантам у Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях. У Міхаіла і Ірыны дружная, шчаслівая сям’я, у якой пануюць каханне, узаемаразуменне і павага. Сваіх дзяцей яны выхавалі патрыётамі, сумленнымі, шчырымі людзьмі.

Старэйшы сын Міхаіла і Ірыны, Андрэй Нікіфараў, нарадзіўся ў 1979 годзе. З залатым медалём скончыў школу, затым факультэт прыкладной матэматыкі БДУ, праграміст, працуе дырэктарам у Адкрытым Акцыянерным Таварыстве “Хелмес Бел”. У Андрэя двое дзяцей – Анастасія і Макар. Другі сын – Ілья Нікіфараў – нарадзіўся ў 1982 годзе. Скончыў  Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Адслужыў у арміі. Працуе праграмістам у замежнай фірме “ЭПАМ Сістэмз”.

За сваё доўгае жыццё ў навуцы Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў як арнітолаг зрабіў шмат для захавання прыроднай спадчыны Беларусі. Ён стаяў ля вытокаў грамадскай  арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

– Пры стварэнні «Аховы птушак Бацькаўшчыны», – дзеліцца Міхаіл Яфімавіч, – мы ставілі сваёй мэтай зрабіць яе вядомай і эфектыўнай арніталагічнай грамадскай арганізацыяй. І мы гэтага дамагліся. Нам удалося аб’яднаць веды і прафесіяналізм навукоўцаў з аднаго боку і энтузіязм аматараў-натуралістаў – з другога. Цесная сувязь з навукай, прафесіяналамі забяспечвае арганізацыі выбар правільных падыходаў, актуальных праблем і праектаў. Аматараў-арнітолагаў ў Беларусі з кожным годам становіцца больш, і гэта радуе. Цікавасць да роднай прыроды, імкненне захаваць яе біялагічную разнастайнасць – адзін з маркераў патрыятызму.

Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў усё жыццё займаючыся птушкамі, вялікую ўвагу надае відам, якія знаходзяцца на мяжы знікнення.

– Ступень пагрозы знікнення птушак, занесеных у Чырвоную кнігу, розная, дзеліцца набалемым акадэмік Нікіфараў. – Міжнародным саюзам аховы прыроды выпрацаваны крытэрыі яе вызначэння. У лік чырвонакніжнікаў трапляюць віды, якія знаходзяцца на мяжы знікнення (у нас, напрыклад, гэта аўдотка, вялікі арлец, чырвоны каршун, сіпуха), а таксама тыя, колькасць папуляцый якіх яшчэ даволі вялікая, але ўжо заўважана яе падзенне. Калі сёння гэтую тэндэнцыю праігнараваць, заўтра колькасць экзэмпляраў гэтага віду можа скараціцца настолькі, што цяжка будзе прымаць эфектыўныя выратавальныя меры.

З імем Міхаіла Нікіфарава звязаны такі накірунак у беларускай навуцы як малекулярная заалогія.

Міхаіл Яфімавіч любіць усіх птушак без выключэння. Для яго яны ўсе цікавыя. Бо гэта адзіныя прамыя нашчадкі дыназаўраў, гэта бачная сувязь з найстаражытнейшым светам. Вучоны не перастае захапляцца імі, іх разнастайнасцю, дасканаласцю. За столькі гадоў вывучэння птушак інтуітыўна іх адчувае, здагадваюся пра іх намеры і рэакцыі, многія сотні відаў пазнае па выглядзе, бо для арнітолага інфармацыі ў прыродзе значна больш, чым для звычайнага чалавека.

Ёсць у Міхаіла Яфімавіча і свае захапленні. Ён жыве ў прыватным сектары, дзе маецца сад, і па ім шпацыруюць паўліны. Многім іх крык здаецца надзвычай непрыемным, але для вучонага гэта голас дзікай прыроды, і ён не раздражняе. Побач з домам працякае штучны ручай. Летам, асабліва ў засушлівы сезон, да яго злятаюцца чароды птушак: можна ўбачыць дубаносаў, соек, зелянушак, чыжоў, снегіроў, берасцянак, крыжадзюбаў, заранак, шпакоў, розныя віды сініц, драздоў, дзятлаў, гарыхвостак. Такая паліфанія птушыных галасоў – заслухаешся! Многія з іх размяшчаюць свае гнязды проста на ўчастку ў хмызняках і на дрэвах. Напрыклад, у туі пабудавалі гняздо снегіры.

Узімку Міхаіл Яфімавіч ставіць на дрэвах кармушкі. У выходны дзень часам прачынаецца раніцай ад таго, што за акном дзяцел дзяўбе па кармушцы, патрабуючы сняданак. Кампанія птушак вельмі ўлагоджвае, здымае стрэс і напружанне пасля працоўнага дня.

У 2019 годзе  акадэмік Нікіфараў Міхаіл Яфімавіч адгукнуўся на запрашэнне і наведаў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. На сустрэчы прысутнічалі вучні гімназіі №1 г.Дзятлава, настаўнікі, грамадскасць горада, прадстаўнікі РАА. Міхаіл Яфімавіч наведаў таксама Новаяльнянскую сярэднюю школу, музей “Дзеці ліхалецця”. Сустрэча была цёплай і пазнавальнай. Вучоны пакінуў шмат экспанатаў для музея, а таксама дапаможнікі, плакаты, брашуры для школ раёна. Міхаіл Яфімавіч прапанаваў сваю дапамогу ў апісанні птушак Дзятлаўшчыны, калі знойдуцца энтузіясты, якія захочуць заняцца такой работай, а таксама ў напісанні навуковых прац вучням школ і гімназіі. Сустрэча атрымалася цёплай і вельмі плённай. Міхаіл Яфімавіч адзначыў, што, каб дасягнуць поспеху, трэба шмат працаваць, верыць у свае сілы, помніць, што любая праца марна не знікне.  Прастата ў зносінах, чалавечнасць, дабрыня – вось тыя якасці яго асобы, што так мангетычна прыцягваюць субяседніка.

Мы ганарымся нашым земляком, віншуем яго з юбілеем і спадзяёмся на плённае далейшае  супрацоўніцтва.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian