Святы і абрады: Вадохрышча

Свята Хрышчэння Гасподняга адзначаецца 19 студзеня: гісторыя, традыцыі, што можна і нельга рабіць

Богаяўленне, або Вадохрышча, займае асаблівае месца сярод найгалоўнейшых святаў у царкоўным календары. Хрышчэнне традыцыйна адзначаецца 19 студзеня. У гэты дзень хрысціяне ўсяго свету ўспамінаюць хрышчэнне Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдан прарокам Іаанам Прадцечам (Хрысціцелем). Не трэба забывацца на Вадохрышчанскую куццю – гэта вечар і ноч 18 студзеня. У гэты час пачынаецца богаслужэнне і асвячэнне вады ў царкве.

Гісторыя свята

Пасля посту і падарожжаў у пустыні прарок Іаан Прадцеча прыйшоў на раку Ярдан, у якой юдэі традыцыйна праводзілі рэлігійныя абмыванні. Ён расказаў народу пра набліжэнне Збаўцы, пра пакаянне і заклікаў усіх хрысціцца дзеля адпушчэння грахоў.

Народ верыў прароцтвам Іаана Прадцечы, і многія хрысціліся ў Ярдане. І вось аднойчы да берагоў ракі прыйшоў сам Ісус Хрыстос, які дасягнуў узросту 30 гадоў. Збаўца папрасіў Іаана хрысціць Яго. Прарок быў здзіўлены і сказаў: «Мне трэба хрысціцца ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?». Але Хрыстос настойваў і прыняў Хрышчэнне паводле Іаана.

Гэтае свята таксама называюць Богаяўленнем. Другая назва дадзена святу ў памяць пра цуд, які адбыўся падчас хрышчэння: на Хрыста з нябёсаў сышоў Дух Святы ў абліччы голуба. Евангеліст Лука так піша пра гэта: «Дух Святы сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас з нябёсаў, які сказаў: “Ты Сын Мой Любімы. Цябе ўпадабаў!»

Гэта было першае з’яўленне Хрыста народу Ізраіля. Менавіта пасля Богаяўлення ўслед за Настаўнікам рушылі першыя вучні (апосталы).

Асвячэнне вады

Галоўная асаблівасць вадохрышчанскага набажэнства – гэта асвячэнне вады, альбо вялікае вадасвяцце. Ваду асвячаюць два разы. Першы – 18 студзеня, у вадохрышчанскую куццю, чынам вялікага асвячэння вады, у купелі, якая стаіць у цэнтры храма. Другі раз – у сам дзень Вадохрышча, 19 студзеня.

Асвячоную ваду можна ўзяць у храме у дзень самога свята, пасля Вадохрышча альбо ў наступныя дні.

Богаяўленская святая вада называецца ў Праваслаўнай Царкве вялікай агіясмай – вялікай святыняй. Да вадохрышчанскай асвячонай вады хрысціяне са старажытных часоў ставяцца з вялікай павагай. Па традыцыі калядную ваду захоўваюць год, да наступнага свята Вадохрышча. П’юць яе звычайна нашча, з глыбокай пашанай і з малітвай.

Народныя традыцыі і звычаі свята

Святу Хрышчэння папярэднічае вадохрышчанская куцця, або вячэрняе Богаяўленне. Напярэдадні свята праваслаўныя хрысціяне трымаюць строгі пост.

Ён устаноўлены ў знак асаблівага шанавання вадохрышчанскай вады як вялікай святыні: не прынята нічога есці да яе асвячэння. Традыцыйная страва гэтага дня – куцця, якую рыхтуюць з адваранай пшаніцы ці рысу, дадаўшы мёд, разынкі, сухую садавіну, арэхі, мак.

Святкаванне Вадохрышча звязана з асвячонай вадой і нават нябеснымі ападкамі, якія выпалі ў гэты дзень. Так, у ноч з 18 на 19 студзеня збіралі снег. Па павер’ях, у ім сканцэнтравана гаючая сіла, таму яго і ў калодзеж кідалі, каб той не пересыхаў, і вада з яго не псуецца, у лазні выкарыстоўвалі – немач з цела выгнаць, прыгажосці дадаць, для мыцця ўжывалі – хваробы выганяе, хатнія кветкі палівалі.

Снег раставаў пры пакаёвай тэмпературы, збіралі ў кадушкі або бутлі і захоўвалі ў склепе, пад падлогай, дастаючы гаючую ваду для аздараўлення або ачышчэння.

Традыцыйна галава сямейства асвячаў дом і двор толькі што прынесенай вадохрышчанскай вадой. Ёю мыюцца, лечацца, купаюцца і акрапляюць памяшканне, каб абараніць свой ачаг ад зла.

Пералік асноўных абрадаў ўключае:

– акунуць галінку асвечанай у Вербную нядзелю вярбы ў ваду з ёмістасцю;

– праходзячы ўсе памяшканні па крузе, апырскаць усе куты накрыж;

– чытаць малітвы (лепш за ўсё – спевы трапара Богаяўлення) альбо вымавіць тройчы: «Госпадзі, выратуй і захавай”;

– перад пачаткам і пасля заканчэння дзеяння ахінуць сябе тройчы крыжам;

– пагрузіцца ў купель;

– нанесці крыж на аконныя і дзвярныя рамы.

Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian