Уладары Дзятлава: Станіслаў Солтан – чалавек з душой бунтара

Уладары Дзятлава: Станіслаў Солтан – чалавек з душой бунтара

Сёлета спаўняецца 265 гадоў з дня нараджэння аднаго з уладальнікаў нашага горада – Станіслава Солтана. Ён валодаў Дзятлавам 42 гады, з 1770 па 1812. Зыходзячы з дакументаў, мястэчка ён атрымаў у пасаг ад Станіслава Радзівіла, бацькі яго першай жонкі Францыскі Тэафілы Радзівіл. Францыска нарадзіла яму траіх дзяцей, сярод іх – наступны па часе ўладальнік мястэчка, сын Адам Солтан.

Солтаны – магутны магнацкі род. Было некалькі галін Солтанаў, але ў XVII стагоддзі радаводы магнацкага роду Солтанаў, шляхецкага Перасвет-Солтанаў і баярскага Солтанавічаў змяшаліся, і даследаванне таго, хто з пазнейшых асоб з прозвішчам Солтан да якога роду належыць, патрабуе працягу.

Вядома толькі, што Станіслаў Солтан належаў да герба Абданк, быў сынам Станіслава Солтана і Алены Рэмер. Жыццё яго поўнае падзей, выпрабаванняў і прыгод, ініцыятарам якіх у большасці выпадкаў быў ён сам, бо меў натуру няўрымслівую, дзейную, быў чалавекам валявым і неабыякавым да лёсу сваёй няшчаснай Радзімы, Вялікага Княства Літоўскага, якая ўжо даўно ёё        ёстраціла былую веліч.

Пражыў Станіслаў Солтан 80 гадоў, для памежжа 18-19 стагоддзяў гэта значны чалавечы век. І выпала яму на сваім вяку быць удзельнікам і відавочцам падзелу Рэчы Паспалітай, паўстання Тадэвуша Касцюшкі, вайны з Напалеонам, высылкі па-за межы радзімы, уцёкаў ад праследавання Расійскай Імперыі. Але напачатку была слава і вышыні службовай лесвіцы. У 1782 годзе атрымаў пасаду харунжага вялікага літоўскага, у 1790 годзе стаў падкаморы вялікім літоўскім. У 1782 г. атрымаў чын генерал-маёра арміі Вялікага Княства Літоўскага. У 1788 годзе быў абраны паслом на чатырохгадовы сойм (1788-1792).  Аднак не проста карыстаўся славай і пашанай на занятых пасадах, а заўсёды адстойваў сваю пазіцыю і свае палітычныя погляды. Ужо падчас працы сойма уваходзіў у патрыятычную групоўку і падтрымліваў новую польскую канстытуцыю, прынятую 3 мая 1791 года. У тым жа 1791 годзе атрымаў пасаду надворнага маршалка літоўскага. У 1792 годзе падчас руска-польскай вайны выступаў супраць далучэння польскага караля Станіслава Панятоўскага да Таргавіцкай канфедэрацыі, праследаваўся каралеўскім асяродкам, 24 ліпеня эміграваў з Польшчы ў Саксонію.

Калі разгарнулася паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, Станіслаў Солтан усёй душой падтрымаў яго, у 1794 годзе стаў адным з арганізатараў збройнага чыну ў Вялікім Княстве Літоўскім супраць рускага панавання. Пасля падаўлення паўстання быў арыштаваны і адпраўлены ў ссылку ў Казань.

Уявіце сабе Казань канца 18 стагоддзя. Горад на беразе Волгі. Летам – страшэнная гарачыня, спэпавыя пясчаныя буры, якія нясуць буйныя ветры. Насельніцтва ў асноўным татарскай нацыянальнасці. Але эліта – рускамоўная. Купцы, прамыслоўцы, памешчыкі. І культурнае жыццё было дастаткова развітым; горад будаваўся, згодна з загадам Кацярыны II у гэты перыяд пачынаецца планавая забудова паселішча, якая вызначае яго гісторыю аж да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У перыяд знаходжання там Станіслава Солтана Казань мела ўжо свой тэатр, а ў 1804 годзе адчыніўся Казанскі ўніверсітэт. Аднак Радзіма снілася начамі, клікала. Натура Станіслава Солтана не дазваляла яму сядзець на месцы. Калі ў 1796 годзе новы расійскі імператар Павел I вызваліў Станіслава Солтана з ссылкі, ён тут жа вярнуўся дадому.  У 1806-1807 гадах разам з палкоўнікам Ф. Патоцкім спрабаваў арганізаваць новае паўстанне ў Вялікім Княстве Літоўскім, спроба аказалася няўдалай, таму, пазбягаючы праследавання, у 1808 году выехаў у Вялікае герцагства Варшаўскае.

Станіслаў Солтан быў з асяродку тых магнатаў, якія вызначаліся шчырым патрыятызмам, не лічыліся са сродкамі дзеля дасягнення мэты. А мэта была высакародная – свабода Радзімы. Не маглі яны мірыцца з тым, што Расійская Імперыя ўладарыць на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, усімі магчымымі сродкамі імкнуліся вярнуць былую незалежнасць сваёй дзяржавы. Таму многія з іх падчас вайны Расійскай Імперыя з Напалеонам Банапартам аказаліся саюзнікамі французскага імператара, падтрымлівалі яго і маральна, і матэрыяльна, спадзеючыся, што у выпадку перамогі Напалеона, ён дапаможа ім вярнуць дзяржаўнасць. У 1812 Станіслаў Солтан нават быў уключаны французскім імператарам у склад Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага. 18 ліпеня прыбыў у Вільню, але з-за хваробы з 24 жніўня па 6 лістапада не выконваў свае абавязкі.

Пасля паражэння французаў Станіслаў Солтан вымушаны быў другі раз выехаць у эміграцыю. І зноў без Радзімы, у чужой старане, са сваімі думкамі і перажываннямі. Хочацца верыць, што наш герой не здаўся, працягваў душой, сэрцам і розумам служыць роднай зямлі.

Станіслаў Солтан меў значныя ўзнагароды: у 1782 годзе стаў кавалерам Ордэна Святога Станіслава, у 1791 годзе быў узнагароджаны Ордэнам Белага Арла, у 1813 г. атрымаў французскі Ордэн Ганаровага легіёна.

Пасля выезду за мяжу Дзятлава перайшло да яго сына ад першай жонкі – Адама, таксама бунтара, прадаўжальніка справы бацькі, справы барацьбы за свабоду краіны.

Станіслаў быў двойчы жанаты, меў шасцярых дзяцей. Памёр у Мітаве (Латвія), недалёка ад Рыгі. Дзе знаходзіцца яго магіла, невядома. Магчыма, з цягам часу гісторыкі адкажуць нам і на гэта пытанне.

 Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 

 

 

 

 

 

 

 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian