Працуе выстава “Дзятлаўскі касцёл: гісторыя і сучаснасць”

Выстава “Дзятлаўскі касцёл: гісторыя і сучаснасць”, прысвечаная 375-годдзю будынка, атрымалася змястоўнай і відовішчнай дзякуючы дапамозе ксяндза касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Здзіслава Пікулы і ксяндза Новаяльнянскага касцёла Алега Жураўскага. Шмат экспанатаў на выставе і з нашага музейнага фонду.

Давайце пазнаёмімся з імі.

  КЕ́ЛІХ (лац. calix) — першапачаткова быў даволі вялікім начыннем з дзвюма ручкамі па баках, каб вернікам было зручна прымаць святую Камунію ў выглядзе віна. Пазней келіх набыў той выгляд, які добра вядомы нам сёння: найчасцей ён мае форму цюльпана або перавернутага конуса на ножцы і прыгожа аздоблены. Келіх можа быць зроблены з розных матэрыялаў, аднак яны павінны быць трывалыя і высакародныя.

У Старым Запавеце келіхі напаўнялі крывёю ахвярных жывёл, каб потым выліць яе на алтар і акрапіць народ, што было знакам заключанага запавету. Езус нагадаў менавіта гэтую практыку падчас Апошняй Вячэры, калі сказаў, трымаючы келіх: “Гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў“ (Мц 26, 28). Такім чынам, келіх з’яўляецца знакам мучаніцтва, крывавай ахвяры. Таму ў Аліўным садзе спрадвечны Сын просіць Айца, каб Яго абмінуў “гэты келіх“.

ЦЫБО́РЫЙ (лац. ciborium) — літургічнае начынне для раздавання і захоўвання Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ужо св. Юстын (II ст.) павучаў вернікаў, каб яны годна захоўвалі Найсвяцейшы Сакрамэнт. 3 цягам часу паўсюдным стаў звычай захоўваць Святыя Дары ў спецыяльных начыннях, якія накрываліся тканінай і падвешваліся над алтаром. Яны называліся цыборыямі і мелі розную форму, напрыклад, вежачкі, галубкі ці скрынкі. Паколькі падвешаны цыборый быў непрактычным, для гэтай мэты пачалі выкарыстоўваць вялікі келіх з накрыўкай, які ўжываецца і сёння. Такія цыборыі хаваюць у табэрнакулюм, які замыкаецца на ключ і знаходзіцца ў цэнтральнай наве касцёла, на самым бачным месцы, або ў капліцы Найсвяцейшага Сакрамэнту.

КРЫЖ (лац. crux) — прылада збаўчай мукі Хрыста, сімвал хрысціянскай веры, а таксама адзін з самых важных літургічных прадметаў.

Хрысціяне ніколі не сумняваліся ў надзвычайнай моцы Хрыстовага крыжа, заўсёды бачылі ў ім прыладу збаўлення. Аднак першапачаткова яны карысталіся выключна скрытым сімвалам крыжа, упісаным у іншую выяву (напрыклад, якара, мачты або ветразя). Гэта рабілася найперш для таго, каб пазбегнуць абурэння, бо ў старажытнасці смерць на крыжы была самым жорсткім пакараннем, на якое звычайна асуджаліся самыя вялікія злачынцы, і лічылася знакам Божага праклёну і ганьбы. Сапраўды, крыж быў глупствам для язычнікаў. Таму рабіць выявы крыжа і выказваць пашану да іх было абурэннем і ўспрымалася як недарэчнасць. Яскравым пацвярджэннем такіх адносін з’яўляецца знойдзены пры раскопках на Палатынскім узгорку ў Рыме малюнак, што прадстаўляе ўкрыжаванага асла, якому пакланяецца хрысціянін. Малюнак быў знойдзены ў той частцы палаца, дзе месцілася школа, і, хутчэй за ўсё, з’яўляецца справай рук якога-небудзь вучня, які хацеў пацвяліць свайго сябра, вызнаўцу Хрыста. Пад малюнкам змешчаны надпіс: “Алексамен пакланяецца свайму Богу“.

Пачынаючы з IV ст., калі ў 326 г. св. Алена знайшла рэліквіі Святога Крыжа, пасля спынення пераследу хрысціянаў, крыж становіцца знакам, які выкарыстоўваецца паўсюдна; у V ст. ужо з’яўляюцца першыя распяцці – крыжы са змешчанымі на іх выявамі ўкрыжаванага Збаўцы. На працягу доўгага часу Хрыстус на іх быў у доўгай белай туніцы, якую пазней замяніла павязка на сцёгнах. Да XII ст. укрыжаванага Хрыста прадстаўлялі з адкрытымі вачыма, выпраставанага, поўнага моцы, што павінна было сведчыць пра Яго боскасць і каралеўскую годнасць. Пазней, для таго каб падкрэсліць чалавечую натуру Збаўцы, а таксама рэальнасць Яго смерці, Хрыста пачалі прадстаўляць на крыжы з закрытымі вачыма і нахіленай галавой.

Ставіць крыж на алтар пачалі толькі ў XII ст., раней яго змяшчалі над алтаром. Крыж павінен быў нагадваць святару, што таямніца, якую ён здзяйсняе, з’яўляецца актуалізацыяй мукі Хрыста, той самай Ахвяры, якую Хрыстус прынёс Айцу на Галгофе. Такую функцыю крыж выконвае да сённяшняга дня – не толькі ў адносінах да цэлебранта, але і да ўсіх, хто ўдзельнічае ў літургіі.

Крыж можа мець розныя формы: працэсійны крыж – ёсць у кожным касцёле; папскі, арцыбіскупскі, біскупскі – гэта пектарал; а таксама лацінскі крыж, грэчаскі, Ерузалемскі, крыж святога Андрэя (Х). У каталіцкіх краінах крыж стаіць на вежах і купалах касцёлаў, ёсць таксама прыдарожныя крыжы, надмагільныя, якія непазбежна звязаныя з ландшафтам. Крыж прысутнічае ў кожным хрысціянскім доме, школе, на працоўным месцы. Сімвалічная структура крыжа вельмі падобная да структыры Эўхарыстыі. Вертыкальная балка злучае неба і зямлю, а гарызантальная – сімвалізуе рукі Хрыста, які хоча прыцягнуць усіх да сябе (пар. Ян 12:32); і такім чынам аб’яднаць людзей паміж сабой.

Міністрант, які нясе крыж падчас працэсіі, ніколі не ўкленчвае, але робіць невялікі паклон.

ПАДСВЕЧНІК — падстаўка пад свечкі на алтары альбо пад пасхал. Таксама некаторыя тыпы падсвечніка выкарыстоўваюцца міністрантамі святла падчас святой Імшы альбо працэсіі.

  БУРСА — гэта квадратны, упрыгожаны кантэйнер у выглядзе мяшка, у якім святар, дыякан ці акаліт заносіць святую Камунію да хворых. Вісіць на шыі і, наколькі гэта магчыма, павінна падтрымлівацца на грудзях. Бурса павінна быць бачная для тых, хто праходзіць побач, каб яны маглі ўшанаваць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Той, хто нясе святую Камунію, не павінен размаўляць у дарозе, але заставацца ў малітоўным маўчанні. Кансэкраваныя Гостыі схаваны ў малы цыборый (pyxis), той, у сваю чаргу, пакладзены ў карпарал і ўсё цалкам змешчана ў бурсу.

 

ЛІТУРГІЧНАЕ АДЗЕННЕ

А́ЛЬБА (лац. alba – белая) — эта белая вопратка да пят з доўгімі рукавамі. Паходзіць яна ад старажытнай тунікі. У гарачых краінах да сённяшняга дня носяць падобную вопратку. Традыцыйна рабілі яе з ільну. Сёння выкарыстоўваюцца таксама іншыя матэрыялы белага колеру, напрыклад, поліэфір.

Альба з’яўляецца асноўным літургічным адзеннем дыяканаў, прэзбітэраў, біскупаў (таксама альба можа ўжывацца міністрантамі і лектарамі). Першыя згадкі пра яе мы сустракаем у IV стагоддзі. У сярэднявеччы альбы часта ўпрыгожвалі вышыўкаю. Асабліва вылучаліся біскупскія і святочныя альбы.

Сімволіка гэтага літургічнага адзення грунтуецца на Бібліі. Адным з наступстваў першароднага граху стала тое, што чалавек спазнаў сваю галізну, убоства, тленнасць. У людзях, якія пажадалі быць, «як Бог», парушылася гармонія. 3 таго часу галізна стала знакам прыніжэння і звязваецца з пачуццём небяспекі. Але гаворка тут ідзе не столькі пра цялесную галізну, колькі пра духоўную, пра духоўнае ўбоства. У гэтым сэнсе можна сказаць, што чалавек да граху быў апрануты ў Божую ласку. А калі ён здрадзіў гэтай ласцы, то адчуў, што ён голы.

У Хрысце ўсё перамянілася. У Хрысце мы зноў апрануліся. Той, які аб’явіўся на гары Табор у адзенні, «белым, як святло» (Мц 17,2), хоча апрануць у такое ж адзенне кожнага чалавека. У Хрысце нам ужо больш не трэба хавацца, бо мы атрымалі адзенне ласкі і збаўлення. Падчас святога хросту святар, даючы новаахрышчанаму белае адзенне, кажа: «Ты стаў новым стварэннем і апрануўся ў Хрыста». Такім чынам, у святым хросце мы апранаемся ў Хрыста, апранаемся ў Яго любоў. Хрыстус чыніць так, што ў нас памірае стары чалавек і нараджаецца новы. Пра белае адзенне, у якое апранутыя збаўленыя, мы чытаем і ў Апакаліпсісе.

  ГУМЕРА́Л (лац. humerale) — гэта белая палатняная хуста, якую святар ускладае на плечы. Першапачаткова гумерал не меў глыбокай сімволікі. Ён захоўваў літургічнае адзенне ад поту, ахінаў аголеную шыю і быў своеасаблівым шалікам, які выкарыстоўваўся ў халодных базыліках. Дзе-нідзе яго называлі custodia vocis — ахоўнік голасу. Пачынаючы з X ст., гумерал пачалі багата ўпрыгожваць залатою і шаўковаю вышыўкаю. У XVII ст. з практычных меркаванняў вышыўка знікла, сёння пра яе нагадвае толькі маленькі крыжык, які часам вышываецца на гумерале.

У сярэднявеччы перад распачаццем святой Імшы святар ускладаў гумерал на галаву і толькі непасрэдна перад выхадам да алтара здымаў яго, так што на шыі ўтвараўся своеасаблівы каптур. Такім чынам, гумерал сімвалізуе той «шлем збаўлення», пра які піша св. Павел (Эф 6, 13-17), што павінен абараняць ад нападаў злога духа падчас Літургіі.

СТУ́ЛА (лац. stola) — гэта доўгая шырокая стужка, крыху расшыраная на канцах, пашытая з той самай тканіны, што і арнат. Біскуп і прэзбітэр (святар) носяць стулу на шыі, так што яна абодвума канцамі звісае свабодна спераду. Дыякан жа апранае стулу з левага пляча наўскос да правага боку. Колер стулы адпавядае колеру літургічнага адзення ў дадзены літургічны перыяд. Паўсюднае выкарыстанне стулы ў Касцёле адзначаецца дастаткова позна. У Рыме стула, як знак, што адрозніваў духавенства, была прынятая толькі ў IХ-Х стагоддзях.

Стула – гэта сімвал святарскай улады. Яна з’яўляецца абавязковым элементам адзення падчас цэлебрацыі сакрамэнтаў або сакрамэнталіяў (напр., благаслаўлення), гэта значыць падчас усіх дзеянняў, звязаных са святарскім служэннем. Яна сімвалізуе ўладу, атрыманую падчас пасвячэння. Часам стулу называюць ярмом Пана, бо служэнне святара няпростае, але разам з тым ярмо Пана «любае і лёгкае» (Мц 11, 30), бо сам Бог сваёю невымернаю ласкаю падтрымлівае пакліканага.

АРНА́Т (лац. ornatus) паходзіць ад верхняй рымскай вопраткі, якая была свайго роду плашчом без рукавоў, з адным толькі маленькім выразам для галавы. Сведчанні выкарыстання плашча падчас літургіі можна знайсці ўжо ў дакументах III ст. (Тэртуліян). Выкарыстоўвалі яго пры ўсіх святарскіх дзеяннях. Першапачаткова ён быў па форме падобны да звона, закрываў рукі, а яго даўжыня даходзіла да пят. Шылі гэтае адзенне з воўны або палатна, радзей — з шоўку. Матэрыя была гладкай, часцей за ўсё барвовага колеру, пазней на ёй пачалі вышываць манаграмы, літары і крыжыкі. З VII ст. арнаты становяцца большымі і прыгажэй аздобленымі, а значыць, больш каштоўнымі. Пачынаючы з ХIII ст., арнат пачалі разразаць з абодвух бакоў, каб ён не перашкаджаў рукам, а ў XVII ст. ён набыў форму двух кавалкаў тканіны, якія пакрывалі толькі плечы і грудзі, прычым пярэдні кавалак быў значна карацейшы. Пасля Другога Ватыканскага Сабору арнат пачаў пакрываць усё цела і рукі святара, але традыцыйна арнат выкарыстоўваецца таксама вельмі часта (асабліва на вялкія святы і ўрачыстасці).

Арнат — гэта святарскае адзенне, яго могуць апранаць толью прэзбітэры і біскупы. Як і стула, ён сімвалізуе «любае і лёгкае» ярмо Пана, аднак акцэнт у сімволіцы зроблены не на самім «ярме», а на той любасці і лёгкасці, якую дае Божая любоў. Паколькі арнат апранаецца зверху на іншае літургічнае адзенне і з’яўляецца самай прыгожай яго часткай, яго параўноўвалі з любоўю, якая ёсць спалучэннем ўсіх цнотаў і найвышэйшай дабрадзейнасцю.

КА́ПА (лац. cappa) — літургічнае адзенне ў заходніх літургічных абрадах, мае форму шырокага плата, які пакрывае плечы і замацоўваецца спераду стужкай або шпількай. Нагадвае плашч-накідку, якую насілі падчас дажджу. Капа прыкладна з VI ст. выкарыстоўвалася святарамі як верхняе адзенне ў тых выпадках, калі не апранаўся арнат, г.зн. у асноўным падчас набажэнстваў, якія праводзіліся па-за храмам. Пачынаючы з Сярэднявечча да цяперашняга часу, святар апранаецца ў капу для правядзення працэсій і некаторых іншых абрадаў.

  ВЭЛЮМ ужываецца падчас благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам або падчас працэсіі для нясення манстранцыі. Не мае ніякой сімволікіi. Вэлюм падкрэслівае належную пашану да Хрыста ў постаці Хлеба.

Вэлюм – гэта вопратка ў выглядзе доўгага прастакутніка, са спражкай. Накідваецца на плечы. У Касцёле ўжываюцца два віды вэлюмаў. Вельмі аздоблены вэлюм ужывае святар ці дыякан падчас благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам, трымаючы ягонымі канцамі падстаўку манстранцыі. Вэлюм без аздобаў ужываюць міністранты, трымаючы з ягонай дапамогаю мітру і пастарал падчас святой Імшы, якая цэлебруецца біскупам. Таксама пад гэтым самым жа словам маецца на ўвазе іншы від вэлюма – невялікае квадратнае палатно, якое служыць для накрыцця падрыхтаванага да цэлебрацыі святой Імшы келіха.

СУТАНА (фр. soutane) — гэта доўгая да шчыкалатак вопратка, злёгку падагнаная ў поясе, з нізкім стаячым каўнерыкам, зашпільваецца наперадзе шэрагам дробных гузікаў, носіцца духавенствам розных хрысціянскіх канфесій, у тым ліку каталіцкай, англіканскай і прэсвітэрыянскай.

 

Колеры сутаны адпавядаюць месцу ў іерархіі: у Рымска-каталіцкім касцёле белую сутану носіць Папа, чырвоную – кардыналы, фіялетавую – біскупы (“на кожны дзень” яны могуць насіць чорную сутану з фіялетавымі гузікамі), чорную – святары і дыяканы, а таксама семінарысты, якія рыхтуюцца да святарства і якія атрымліваюць сутану падчас урачыстага абраду пад назвай інвестытура. Святары ў місійных краінах – з-за клімату – носяць сутану белага колеру. Папа, біскупы, некаторыя дыяцэзыяльныя святары, а таксама святары некаторых супольнасцяў і манаскіх законаў да сутаны яшчэ дадаюць шырокі палатняны пояс. Таксама дадаткам да сутаны з’яўляецца галаўны ўбор – бірэта адпаведнага колеру.

Сутана ў цяперашнім выглядзе з’явілася ў XVI стагоддзі. Першыя адметныя адзенні насіла духавенства яшчэ ў хрысціянскай старажытнасці. Сінод у Бразе ў 572 годзе загадаў насіць духоўнае адзенне ўсім святарам, якія выходзяць з хаты. У цяперашні час святары апранаюцца ў сутану, калі выступаюць афіцыйна: падчас літургічных дзеянняў, пры катэхізацыі, падчас афіцыйных мерапрыемстваў.

  БІРЭТА (лац. birretum) не з’яўляецца, у строгім сэнсе гэтага слова, літургічным адзеннем. Бірэта з’яўляецца пазалітургічным галаўным уборам духавенства, які выкарыстоўваецца з ранняга сярэднявечча. Бірэта, калісьці называная pileus або infula, першапачаткова мела форму каўпака. У XIV і XV стагоддзях бірэты сталі вышэйшымі, а з XVІ стагоддзя яны прынялі форму, падобную да сённяшняй; яны мелі выгляд шапкі з чатырма плісіраванымі рагамі (так званыя cornua ад лац. cornu – рог), якія сыходзіліся ў цэнтры бірэты. Там таксама часам змяшчаюць пампон. У XVІІІ стагоддзі бірэты пачалі рабіць цвёрдымі, і з тых часоў яны маюць цяперашнюю форму. З 1464 года са згоды Папы Пія II кардыналы носяць чырвоныя бірэты, біскупы – фіялетавыя, а святары і семінарысты, якія маюць духоўнае адзенне – чорныя.

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian