Да 95-годдзя з дня нараджэння Віталя Губарэвіча: той, каго не зламалі жыццёвыя буры

Той, каго не зламалі жыццёвыя буры

  Віталь Губарэвіч… Гэта імя знаёмае мне з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў часопісах “Роднае слова”, “Спадчына” з’явіліся імёны рэпрэсіраваных літаратараў. Многія з іх загінулі на высылках і ў лагерах, многія вярнуліся і прадоўжылі творчы шлях. Колькі трэба было мужнасці, сілы волі, жадання жыць, каб у тых нечалавечых умовах застацца сабой, не зламацца. Уразіла тады кніга Сяргея Грахоўскага “Зона маўчання”, у якой праследжваўся лёс беларускай інтэлігенцыі, якая трапіла ў жэрала сталінскай рэпрэсіўнай машыны. Сярод тых, хто не здаўся, быў і Віталь Губарэвіч.

Віталь Губарэвіч – наш зямляк, нарадзіўся 3 студзеня 1926 года ў Наваельні Дзятлаўскага раёна. Калі хлопчыку споўнілася два гады, памерла маці. Бацька Віталя спачатку працаваў псаломшчыкам у царкве, а потым, у 1939 годзе, калі ўсталявалася савецкая ўлада, пайшоў працаваць на чыгунку. Аднойчы ў іх дом зайшлі людзі ў цывільным адзенні з наганамі, зрабілі ў хаце вобыск, ператрэслі ўсе кнігі, але нічога крымінальнага і падазронага не знайшлі. Тым не менш бацьку Віталя – Міхася Губарэвіча – арыштавалі. Больш ні сын, ні родныя ніколі Губарэвіча-старэйшага не бачылі, нават нічога не змаглі даведацца пра яго далейшы лёс.

Калі пачалася вайна, Віталь працягваў вучобу ў вячэрняй школе, а таксама працаваў у вольны час на чыгунцы, каб дапамагчы сям’і. Немцы тады арганізоўвалі рэйды, вылоўлівалі моладзь для адпраўкі ў Германію, запрыкмецілі і юнака. Так Віталь Губарэвіч быў вывезены на працу ў Германію. Па іншай інфармацыі, Віталь быў арыштаваны ў Вільні, там ён знаходзіўся ў роднай сястры. Выйшаў на рынак і трапіў у аблаву, дзе яго і схапілі. У Германіі ён цяжка працаваў на ваенным заводзе.

На Дзятлаўшчыну хлопец вярнуўся вясной 1945 года. Адразу пайшоў працаваць, а таксама працягваў вучобу ў вячэрняй школе. Вельмі любіў чытаць, асабліва творы беларускай літаратуры, сам пісаў вершы, але нікому іх не паказваў. На радзіме шукаў аднадумцаў, сяброў, якія зразумелі б яго, з якімі мог бы падзяліцца сваімі думкамі і планамі.

У 1946 годзе Віталь Губарэвіч становіцца сябрам Саюза вызвалення Беларусі (СВБ), упаўнаважаным СВБ на Дзятлаўшчыне. Супрацоўнікі НКУС яго часта затрымлівалі, выклікалі юнака на допыты, але стопрацэнтных доказаў знайсці не змаглі. І хоць Віталю было толькі 20 гадоў, за гэты час ён шмат перажыў, набыў несалодкі жыццёвы вопыт. Улады хацелі зламаць яго дух: бацька быў ворагам народа, сам Віталь падчас вайны знаходзіўся ў Германіі, вярнуўся дамоў і заўсёды размаўляў па-беларуску, пісаў вершы – і пакінуць яго ў спакоі. Па тым часе такое было немагчымым.  За Віталем пастаянна сачылі. І неяк сярод сяброў СВБ знайшоўся здраднік, які іх выдаў НКУС. Сяброў арыштавалі: адных саслалі ў Сібір, іншых расстралялі. Не ўдалося тады арыштаваць толькі Губарэвіча.

Але аднойчы дайшла чарга і да Віталя. У вячэрняй школе, дзе ён вучыўся, вісеў партрэт Сталіна. Аднойчы нехта з вучняў выкалаў Сталіну вочы. Доўга шукалі вінаватага, пакуль нарэшце сын дырэктара школы не сказаў, што гэта зрабіў Губарэвіч, хаця ён да гэтага здарэння ніякага дачынення не меў. Хутка Віталя арыштавалі і далі яму 10 гадоў, адправіўшы ў Варкуту, а потым у Інту. Адбылося гэта ў маі 1947 года.

У сталінскіх лагерах хлопцу з Дзятлаўшчыны было невыказна цяжка, у яго пачаліся сухоты, але дух юнака зламаць не ўдалося. Ад сухотаў і ад цяжкай працы паміралі дзясяткі людзей. Але Віталь абапіраўся на сваіх землякоў, якія падтрымлівалі адзін аднаго, імкнучыся выжыць. Там ён пазнаёміўся з Ларысай Геніюш, перадаваў для яе праз сяброў свае вершы, спрачаўся, разважаў. Адзін з вершаў нават прысвяціў паэтцы.

Віталю Губарэвічу пашчасціла вярнуцца дадому ў 1956 годзе, тады яму было толькі 30 гадоў. У Наваельні на Дзятлаўшчыне ён здаў экзамен за курс сярэдняй школы і паступіў на фармацэўтычны факультэт Ленінградскага хіміка-фармацэўтычнага інстытута, скончыў яго і атрымаў спецыяльнасць правізара-фармацэўта. Працаваў у аптэках Наваельні, Навагрудка, а потым яго прызначылі аптэкарам ў вёску Дварэц.

Вясцоўцам пашанцавала, бо, акрамя сваёй працы, Віталь вёў актыўнае грамадскае жыццё. Ён іграў у Новаяльнянскім духавым аркестры, арганізаваў тэатральны гурток у мясцовым клубе ў Дварцы. Вясковыя артысты часта паказвалі пастаноўкі па творах беларускіх драматургаў. Сам Віталь выдатна іграў камедыйныя ролі, пісаў розныя вершаваныя гумарэскі на тэмы вясковага жыцця і выконваў іх на сцэне. У вольны час ён спрабаваў пісаць вершы, займаўся перакладамі гумарэсак з польскага часопіса «Шпількі», які выпісваў. Збіраў і запісваў у вёсках Дзятлаўшчыны легенды і паданні.

Але праца ў Германіі і 9 гадоў лагераў не прайшлі бясследна. Віталя Губарэвіча не стала ў 1976 годзе. Яго пахавалі на могілках у вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна, дзе і сёння стаіць сціплы помнік, які нагадвае землякам пра сілу духу гэтага чалавека. Сёлета ў студзені споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння нашага земляка. Хочацца, каб з цягам часу імя гэта не забылася, а стала прыкладам таго, як чалавек умее любіць жыццё ва ўсіх яго праявах і ў любых абставінах.

                                                  Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

 

     Віталь Губарэвіч, 1960-я гады

  Віталь Губарэвіч, 1954 год

Магіла Віталя Губарэвіча ў в.Дварэц Дзятлаўскага раёна     Хата, у якой жыў Віталь Губарэвіч, г.п.Наваельня   Віталь Губарэвіч з сябрамі,в.Дварэц Дзятлаўскага раёна, аптэка

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian