Педагагічны гонар Дзятлаўшчыны: Міхаіл Іванавіч Халопік

ПЕДАГАГІЧНЫ ГОНАР ДЗЯТЛАЎШЧЫНЫ
Шчырае слова пра шчырага чалавека
Ён мог бы быць вучоным-эксперыментатарам. Па складзе свайго розуму, па прыродных здольнасцях да адной са складанейшых навук – фізікі, па той цярплівасці і ўменні давесці пачатую справу да канца, якая з’яўляецца стрыжнем характару гэтага чалавека – настаўніка, прафесіянала з вялікай літары, цудоўнага бацькі і дзядулі, клапатлівага мужа і проста шчырага чалавека, які ніколі не адмовіць у дапамозе. Гэтыя словы пра настаўніка фізікі Міхаіла Іванавіча Халопіка, якому 11 лютага спаўняецца 70 гадоў.
З Міхаілам Іванавіч знаёмая даўно, яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі прыйшла працаваць у СШ№3. Напачатку ён падаўся вельмі сціплым і непрыкметным чалавекам, які займаўся сваім прадметам, урокамі, вучнямі, імкнучыся іх навучыць складаным і вечным законам уладкавання свету. Але паступова, ездзячы разам капаць бульбу, сустракаючыся на настаўніцкіх “капусніках”, наведваючы адкрытыя ўрокі, зразумела, што перада мной не проста фізік, а інтэлектуал з арыгінальным падыходам да жыцця, з тонкім пачуццём гумару. Помніцца, як атэставалі Міхаіла Іванавіча на першую катэгорыю, хадзілі на ўрокі, праводзілі атэстацыйнае паседжанне. Старшынёй камісіі была Наталля Георгіеўна Петрыкевіч, я ж была сакратаром, пісала пратаколы. І канешне, хадзіла на ўсе урокі. Вось тады і падумала: калі мой сын Міша захоча здаваць фізіку ў вуз, папрашу Міхаіла Іванавіча падрыхтаваць яго. У сына фізіку вёў іншы настаўнік. Ды і сам сын да гэтага ўжо пазнаёміўся з Міхаілам Іванавічам у раённым лагеры для алімпіяднікаў. Менавіта тады, у пачатку двухтысячных увайшлі ў практыку раённыя і абласныя летнія лагеры для адораных дзяцей, у іх некалькі гадоў адпачываў мой сын. У лагеры ішлі заняткі па розных прадметах, фізіку выкладаў Міхаіл Іванавіч. Рэзюмэ майго алімпіядніка было наступнае: “Вось гэта настаўнік, мама! Як ён ведае прадмет, як умее зацікавіць! Колькі я даведаўся новага – не расказаць. Хацеў бы, каб ён у нас выкладаў”.
Сапраўды, Міхаіл Іванавіч Халопік – настаўнік не для ўсіх. Ён настаўнік для адораных, для рабят, у якіх ёсць прыродныя здольнасці да матэматыкі і фізікі, якія любяць прадмет і імкнуцца самі і з дапамогай выкладчыка спасцігаць яго.
Напэўна, таму, калі ў 2003 годзе адчыняла дзверы адзіная на той час гімназія ў раёне, выкладаць фізіку запрасілі Міхаіла Іванавіча Халопіка. Інакш і быць не магло: у гімназію сабралі самых здольных дзяцей не толькі з горада, але і з раёна. Ізноў пачалася наша сумесная праца ўжо ў сценах гімназіі, толькі цяпер я магла як завуч наведваць урокі настаўніка фізікі часцей, даваць парады па методыцы ўрока, па крытэрыях выстаўлення адзнакі. Гэта былі першыя гады, калі ў школах увялі дзесяцібальную сістэму ацэнкі ведаў.
У тыя гады набірала сілу цэнтралізаванае тэсціраванне, яму вучыліся не толькі дзеці, але і настаўнікі. Мы вялі мультыпрофіль, рыхтавалі дзяцей да ЦТ, працавалі індывідуальна. За некалькі гадоў Міхаіл Іванавіч стаў вядучым рэпетытарам па фізіцы ў раёне, ім ён застаецца і па сённяшні дзень. На заняткі да гэтага ўнікальнага настаўніка трапіць не так проста: жадаючых вельмі многа, але калі даводзілася прасіць за каго-небудзь са знаёмых, Міхаіл Іванавіч ніколі не адмаўляў.
А два гады таму, калі музей збіраў матэрыялы пра лепшых настаўнікаў раёна, выдатнікаў адукацыі, давялося пабываць дома ў Міхаіла Іванавіча і Людмілы Іванаўны Халопік, выдатніка адукацыі, цудоўнай жанцыны і маці. Цеплыня, добразычлівасць і шчырасць – вось тыя якасці, якія адрозніваюць гэту сям’ю. Рознае здараецца ў жыцці з намі і нашымі дзецьмі, але калі сям’я дружная, з’яўляецца адзіным цэлым, калі кожны стараецца не знайсці вінаватага, а падтрымаць у цяжкую хвіліну, тады і непрыемнасці не страшныя. Усё праходзіць, а каханне і дабрыня застаюцца.
Ад імя настаўнікаў СШ№3 і гімназіі №1 г.Дзятлава хочацца павіншаваць Міхаіла Іванавіча Халопіка з юбілеем, пажадаць здароўя, сіл, жадання заставацца і надалей на той вышыні, якой ён дасягнуў сваім стараннем і інтэлектам.
                                   Алена Абрамчык, былая калега, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian