Знакамітыя землякі: да юбілею Юліяна Корсака

Паэт з кагорты пачынальнікаў

Юліян Корсак… Вакол яго імя апошнім часам вялося нямала размоў. І звязаны яны былі з жаданнем паставіць на радзіме нашага вядомага земляка мемарыяльную шыльду ў сувязі з яго гадавінай – 215- годдзем з дня нараджэння. Вядома, што ён некаторы час жыў у Страле, дзе знаходзіўся маёнтак. Там пісаў вершы, займаўся гаспадаркай, ліставаўся з Адамам Міцкевічам і Антоніем Адынцом, безумоўна, сустракаўся з мясцовымі шляхціцамі. Добрая задума – ушанаваць імя паэта першай паловы 19 стагоддзя (а паэтаў тады на Беларусі было не так і шмат, толькі-толькі з’яўляліся першыя беларускамоўныя аўтары – пісалі вершы на мове народа), ды вось дзе паставіць шыльду. У Страле – няма сэнсу, там амаль не засталося жыхароў, вёска апусцела. Можна б было у Жукоўшчыне, яна таксама звязана з каленам Корсакаў. Але дзе ў Жукоўшчыне? Дощга меркавали, але так гэта пытанне і не вырашылася. Будзем спадзявацца, што праз пяць гадоў, да 220-годдзя паэта, мы ўсё ж станем сведкамі адкрыцця такога знака. Ці, можа, у Дзятлаве з’явіцца алея знакамітых землякоў, дзе кожны жыхар раёна і кожны госць зможа пазнаёміцца з імёнамі тых, хто праславіў і сёння праслаўляе нашу дзятлаўскую зямлю. Аднак вернемся ад планаў да асобы Юліяна Корсака.

Нарадзіўся ён 13 лютага 1806 года ў Слоніме, быў сынам Яна з Корсакаў герба “Ліс” і Караліны з роду Ордаў. Вядомае прозвішча. Тут і становіцца зразумелым, чаму прыехаў на Дзятлаўшчыну знакаміты Напалеон Орда, чаму маляваў палац Радзівілаў, маёнтак у Страле. Прыгожы, між іншым, быў маёнтак, невялікі, але вельмі акуратны, дагледжаны. Пад’езды да яго ўладкаваныя, тэрыторыя абгароджаная, прысады вабілі вока зелянінай і кветкамі, асабліва вылучаліся таполі, падобныя на свечкі – гожыя і велічныя. Глядзішь на малюнак Напалеона Орды – і ўзгадваецца карціна “Двор у Нагародавічах” Вікенція Дзьмахоўскага. Падобная планіроўка двара, ды і будынкі таксама нібы блізняты. Тут, у Страле, Юліян Корсак правёў амаль усё сваё дарослае жыццё.

Вучыўся малады шляхціц спачатку ў школе езуітаў у Шчучыне, а ў 1823 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Тут пасябраваў з вядомымі прадстаўнікамі філаматаў і філарэтаў, з некаторымі быў на сувязі ўсё жыццё. Асабліва прываблівала Юліяна асоба Адама Міцкевіча, земляка з Навагрудка. Да того часу Міцкевіч ужо скончыў універсітэт, працаваў у Коўна, але сувязь з альма-матэр не перарываў, ды і з маладымі землякамі таксама. За ім цягнуліся і астатнія, таксама спрабавалі пісаць. Магчыма, каб не сяброўства са старэйшым на восем гадоў Адамам, Юліян Корсак ніколі не стаў бы паэтам. А яшчэ ў 1823 годзе Міцкевіча арыштавалі па “Справе філаматаў”, пасадзілі ў турму. Уявіце сабе, які быў рэзананс у студэнцкім асяроддзі, як ускалыхнула гэта падзея маладыя душы. У наступным годзе Міцкевіча выпусцілі са зняволення на парукі, ён з’ехаў у Санкт-Пецярбург, там сустракаўся з перадавой моладдзю Расійскай Імперыі. Жаданне акунуцца ў вір тагачасных культурных працэсаў прывяло ў Пецярбург і Юліяна Корсака. Але доўга ён там не затрымаўся, неўзабаве вярнуўся на радзіму і з 1830 года пастаянна жыў у Страле на Дзятлаўшчыне.

Тут адбылося яго станаўленне як паэта і перакладчыка, тут прайшлі лепшыя гады яго жыцця. Родныя краявіды, гістарычная спадчына роднага краю, вядомыя  землякі, у прыватнасці Вікенцій Дзьмахоўскі, які часта наведваўся ў Нагародавічы, з’явіліся крыніцай мастацкага натхнення. Была і сям’я, якой аддаваў нямала часу: любімая жонка Юзэфа з Мацкевічаў. Пра дзяцей згадак нідзе няма, але, напэўна, і нашчадкі ў Юліяна Корсака былі.

Апошнія гады паэт жыў у Навагрудку, тут і памёр 30 жніўня 1885 года.

Юліян Корсак быў паэтам-рамантыкам. Ды гэта і не дзіўна: рамантызм тады проста лунаў у паветры: лорд Байран, Генрых Гейнэ, Адам Міцкевіч, ранні Аляксандр Пушкін. Гэта быў стыль буртароў, рэвалюцыянераў, самаадданых патрыётаў, якія на многае былі гатовы дзеля высакародных мэтаў.  Юліян у сваіх творах імкнуўся раскрыць унутраны свет чалавека, які цесна звязаны з прыгагосцю прыроды. Яго герой успрымае жыццё праз прызму гістарычных падзей, звяртаецца да антычнасці як узору прыгожага і дасканалага. Выкарыстоўваў Корсак у сваіх вершах і фальклорныя матывы. Творы Юльяна Корсака былі выдадзены ў Вільні, Кракаве, Пецярбургу, Познані. Літаратурная спадчына паэта складаецца са зборнікаў «Вершы» (1830, у 1836 годзе кніга перажыла другое выданне), «Новыя вершы» (1840 год, у двух тамах). У гэтых зборніках змешчаны творы, якія найбольш звязаны з Дзятлаўшчынай – «Да Нёмана», «Да Ігната Дамейкі».

Юліян Корсак пераклаў на польскую мову Вяргілія, Гарацыя, Піндара, Дантэ, Шэкспіра, Шылера, Байрана. Творчасць паэта не абышлі ўвагай кампазітары і літаратурныя крытыкі. Станіслаў Манюшка паклаў на музыку яго вершы «Пілігрым» і «Баркарола». Уладзіслаў Сыракомля прысвяціў Корсаку артыкул «Нататкі з дзіцячых уражанняў» (1853г.).

Юльян Корсак быў чалавекам вельмі адукаваным, цікавіўся культурнымі набыткамі свайго часу, быў асабіста знаёмы з многімі дзеячамі культуры, падтрымліваў творчыя сувязі з імі. Знакаміты мінскі мастак Валенцій Ваньковіч, аўтар вядомай карціны «Партрэт Адама Міцкевіча на скале Аю-Даг», у 20-я гады 19 стагоддзя напісаў партрэт маладога Юліяна Корсака.

Літаратурная творчасць Юліяна Корсака – яркі прыклад беларуска-польскага культурнага ўзаемадзеяння, якое было характэрна для першай паловы 19 стагоддзя, калі пісьменнікі і паэты пісалі па-польску, але пра Беларусь і беларускі народ. Напрыклад, Нёман у вершы «Да Нёмана» паэт паказвае чытачу як гістарычнай «Літвы люстэрка», у якое глядзяцца палі, лугі, дубровы роднай зямлі. Замілаванасць родным краем, дабрынёй і шчырасцю народа, нейкай яго дзіцячай непасрэднасцю – лейтматыў вершаў Юліяна Корсака. Імя нашага земляка стаіць у адным шэрагу з імёнамі Яна Баршчэўскага, невядомага аўтара “Энеіды навыварат”, Яна Чачота, Вікенція Дуніна-Марцінкевіча. І гэтым можна па праву ганарыцца.

                                              Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

     

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian