Аб музеі

Установа культуры «Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей»

Дзятлаўскі музей быў створаны рашэннем Гродзенскага аблвыканкама №353 ад 29 жніўня 1966 года. Музей атрымаў назву — Дзятлаўскі дзяржаўны музей народнай славы. Ініцыятарамі яго арганізацыі былі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама С.Ц.Кабяк і першы сакратар райкама КПБ І.В.Крыжаноўскі, непасрэдным стваральнікам і першым дырэктарам М.Ф.Петрыкевіч.

Музей размясціўся ў двухпавярховым будынку агульнай плошчай 416 кв. м. Экспазіцыя музея адкрылася для наведвання 5 мая 1968 года.

У 1984 годзе было закончана стварэнне новай экспазіцыі. Цяпер яна размяшчаецца ў 8 залах, агульная плошча якіх складае 284 кв. м., з якіх 48 кв.м. выдзелена пад часовыя выставы. Фонды займаюць 47 кв. м. У апошнія гады вядзецца работа па пашырэнню тэматычнай накіраванасці экспазіцыі. Быў створаны раздзел старажытнай і сярэдневяковай гісторыі краю, абноўлена зала этнаграфіі, працуе пастаяннадзеючая выстава твораў народных і прафесійных майстроў, нашых землякоў. У экспазіцыі экспануецца больш 1.6 тысяч адзінак асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў. Яны знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй Дзятлаўшчыны са старажытных часоў да 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

Першая зала расказвае пра гісторыю края з часоў каменнага веку да ХХ стагоддзя. Экспануюцца каменныя прылады працы і палявання першабытных людзей: сякеры, скрабкі, нажы, наканечнікі стрэлаў. Паказаны рэшткі жывёл, на якіх палявалі першабытныя людзі: зуб і бівень маманта, рог тура. Сярэдневяковый перыяд прадстаўлены матэрыяламі археалагічных раскопак Дзятлава, партрэтамі яго ўладароў, дыярамай мястэчка, прадметамі розных рэлігійных канфесій, якія дзейнічалі ў Вялікім Княстве Літоўскім: іконамі, арнатам, бібліяй, торай, скульптурай. Айчынная вайна 1812 года паказана цікавай калекцыяй ваеннага рыштунку таго часу. Асобны стэнд прысвечаны вучоным-землякам: І.Дамейку, В.Дмахоўскаму, Т.Жаброўскаму.

У другой зале наведвальнікі знаёмяцца з матэрыяльнай культурай жыхароў нашага края ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст. Паказаны прылады працы земляроба і жывёлавода, рамеснікаў: ганчара, ткача, каваля, краўца; тых хто займаўся апрацоўкай дрэва: цесляра, столяра, бондара. Асобныя стэнды расказваюць аб побыце сялян і мяшчан. Тут можна ўбачыць рэчы, якімі штодзённа карысталіся людзі: посуд, адзенне, мэбля, пісьмовыя прыналежнасці і г.д.

Адна зала прысвечана нацыянальна-вызваленчаму руху 20-30-х гадоў ХХ ст. у Заходняй Беларусі. Музей валодае ўнікальнымі калекцыямі экспанатаў, якія можна ўбачыць толькі ў музеях калішняй Заходняй Беларусі.

Тут прадстаўлены транспаранты, падпольныя выданні: газеты, лістоўкі, брашуры, якія выдаваліся КПЗБ, фота, дакументы, асабістыя рэчы членаў КПЗБ і КСМЗБ. Шырока раскрыта дзейнасць Беларускай сялянска-рабочай Грамады, беларускага пасольскага клуба «Змаганне», у арганізацыі і рабоце якога прымаў удзел ураджэнец Дзятлаўскага раёна І.С.Дварчанін. З Дзятлаўшчынай звязана дзейнасць С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка і іншых вядомых  падпольшчыкаў-рэвалюцыянераў. Багаты матэрыял раскрывае дзейнасць легальнай арганізацыі «Таварыства беларускай школы (ТБШ). Асобны стэнд прысвечаны пісьменнікам Заходняй Беларусі — удзельнікам барацьбы за вызваленне. Завяршае экспазіцыю цікавы куток школьных прыналежнасцяў таго часу.

Экспазіцыя, прысвечаная тэме Вялікай Айчыннай вайны, размешчана ў трох залах на плошчы 120 кв.м з 1200 экспанатамі асноўнага фонду. Тут экспануюцца фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы ўдзельнікаў абарончых баёў на р.Шчара, 14 савецкіх воінаў, якія загінулі пры абароне Дзятлава, землякоў-абаронцаў Масквы, Ленінграда, Сталінграда, у тым ліку генерал-лейтэнанта С.Г.Караля. Паказаны фатаграфіі, зброя, узнагароды, прадметы побыту, асабістыя рэчы партызан, у тым ліку Герояў Савецкага Саюза Б.А.Булата, Ф.М.Сінічкіна. Макет помніка (скульптар А.Салятыцкі) і карціна «Подзвіг І.Ю.Філідовіча» (мастак П.Свентахоўскі), прысвечаны селяніну-патрыёту І.Ю.Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І.Сусаніна. Экспануюцца матэрыялы пра разгортванне падполля і злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне. Шырока раскрыта тэма вызвалення Дзятлава. Фатаграфіі, дакументы і іншыя матэрыялы экспазіцыі раскрываюць перыяд аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі.

Пастаянна працуе выстава мастацкай керамікі члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага. Разнастайны густ, неардынарныя прыёмы і формы работы з глінай дазволілі стварыць майстру непаўторныя керамічныя кампазіцыі. На выставе можна ўбачыць фігуры людзей, жывёл, вазы розных форм і аб’ёмаў, маскі, якія адлюстроўваюць розныя пачуцці людзей. М.Л.Несцярэўскі — адзін з аўтараў дэкаратыўных керамічных пластоў, якія ўпрыгожваюць станцыю метро «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. На выставе паказаны першыя вырабы гэтых пластоў.

Адна з залаў экспазіцыі адведзена для правядзення часовых выстаў.

У 1998 годзе было прынята рашэнне аб змене назвы музея. Ён стаў называцца Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей. У 2006 годзе музей атрымаў статус юрыдычнай асобы і назву Установа культуры «Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей».

Фонды музея налічваюць 14624 экспанатаў асноўнага і 2925 экспанатаў навукова-дапаможнага фонду.

Кожны год музей наведвае больш 7,5 тысяч чалавек, праводзіцца больш 300 экскурсій.

У музеі вы можаце набыць сувенірную прадукцыю і зрабіць фотаздымкі.

Наш адрас:
Установа культуры «Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей»,
231471, г. Дзятлава, вул. Першамайская, 12, т. 8-01563- 21-3-41,
эл.пошта: muzeydz@mail.grodno.by
сайт: http://museum.Dzyatlava.by


Музей працуе з 8.00 да 17.00
панядзелак – выхадны

Платныя паслугі музея:

Індывідуальнае наведванне музея:

для дзяцей — 5000 руб.,  для студэнтаў і пенсіянераў — 7000 руб., для дарослых — 10000 руб.

Наведванне выставы:

для дзяцей — ад 3000 да 5000 руб.,  для дарослых — ад 5000 да 7000 руб.

Кошт экскурсійнага абслугоўвання:

для дзяцей — 20000 руб., для дарослых — 30000 руб., тэматычная экскурсія -30000 руб., музейны занятак — 70000 руб.

Складанне гістарычнай даведкі — 15000 руб., фатаграфаванне індывідуальна — 5000 руб., з групы — 25000 руб.

Вясельны абрад «Вяселле па-дзятлаўскі» — 250000 руб.
Па пытаннях арганізацыі экскурсій, заняткаў, мерапрыемстваў просім звяртацца па тэлефону — 21-3-41.