Роднай зямлёй сілкаваліся думкі і імкненні

      

Роднай зямлёй сілкаваліся думкі і імкненні

Так можна сказаць пра жыццё і навуковую дзейнасць прафесара Алены Іванаўны Ківейшы, якой 5 снежня споўнілася б 85 гадоў. Алена Іванаўна наша зямлячка, нарадзілася на хутары Львоўшчына непадалёк ад вёскі Явар у сялянскай сям’і. Некалькі гадоў таму яе не стала, архіў вучонага зараз належыць яе пляменніку Ківейшу Сяргею Іванавічу, якога і знайшоў наш музей. Сяргей Іванавіч і яго родны брат Іван Іванавіч, які жыве ў Слоніме, нядаўна прывезлі ў музей шмат экспанатаў, звязаных з жыццём іх роднай цёткі, сястры бацькі. З цікавасцю разглядалі экспазіцыі музея і расказвалі пра сваю сям’ю. Інтэлігентныя, цікавыя субяседнікі, браты пакінулі добрае ўражанне аб сабе і ўпэўненасць у тым, што ім дарагая духоўная спадчына роду.

Бацька Алены Іванаўны, Іван Рыгоравіч, паходзіў з сям’і беззямельных сялян вёскі Спудвілы  Бераставіцкага раёна. Шмат гадоў батрачыў у панскіх маёнтках у сваім і іншых раёнах, працаваў грузчыкам на парахавым заводзе ў Гродна і ўвесь час збіраў грошы, каб купіць свой кавалак зямлі, завесці гаспадарку, ажаніцца. І толькі ў сорак два гады купіў у памешчыка невялікі хутар, завёў сям’ю і пачаў весці гаспадарку. Сям’я жыла бедна. Нараджаліся дзеці, але праз  неспрыяльныя ўмовы жыцця часта хварэлі і паміралі. З дзевяці народжаных жыць засталіся толькі трое: брат Іван, сястра Ганна і Алена, самая малодшая.

Маці Ганна Іванаўна ( у дзявоцтве Рэгіневіч) паходзіла з вёскі Явар. Была  добрай, працалюбівай жанчынай, адданай жонкай і маці. Сям’я шмат працавала, падрасталі і дапамагалі дзеці. Бацька і маці не мелі адукацыі, але вельмі хацелі, каб вучыліся дзеці. І калі ў 1939 годзе памянялася ўлада, з радасцю сустрэлі нацыяналізацыю зямлі, стварэнне калгаса “Новае жыццё”. Алена запомніла словы бацькі: “Зямля- матэрыя вечная. Вечны і народ. Таму вечная зямля павінна належаць вечнаму народу”. Магчыма, гэтыя словы і з’явіліся той паходняй, што вывела дзяўчынку ў людзі і падштурхнула займацца сельскагаспадарчай навукай.

Алена Іванаўна ў сваёй аўтабіяграфіі ўспамінае цікавы эпізод з жыцця сям’і.

“На працягу трох гадоў,- піша яна,- мае бацькі ратавалі на хутары камуністку Міхайлаву Аляксандру Сельвестраўну і яе маленькую ўнучку Нэлю, дачку маёра Чырвонай Арміі Андрэева Пятра Сцяпанавіча. Напэрэдадні вайны Міхайлава прыехала да родных у вёску Яхноўшчына. Баючыся немцаў, сваякі выгналі яе з унучкай з хаты. Жанчына доўга хадзіла на вёсках, пакуль не трапіла на хутар Львоўшчына. Бацькі пашкадавалі жанчыну і яе ўнучку, не пабаяліся нават, што яна камуністка. Пасля вызвалення Беларусі Андрэеў П.С., ужо палкоўнік, адшукаў сваю сям’ю і забраў у Маскву”.

Брат Алены Іванаўны Ваня ваяваў на фронце, быў кулямётчыкам, меў шмат раненняў. Апошні раз пад Кёнігсбергам. Вярнуўся дадому інвалідам, ажаніўся, выехаў на жыхарства ў Слонім. Сястра Ганна выйшла замуж у суседнюю вёску. Алена вучылася спачатку ў няпоўнай сярэдняй школе ў Явары, потым у СШ№2 у Дзятлаве. Жыла на кватэры ў знаёмых, кожны тыдзень хадзіла пеша дадому па харчаванне на тыдзень- бульбу, капусту, хлеб, трохі сала. Так жылі ўсе. Насілі тое, што маглі пашыць ці звязаць самі.

У 1950 годзе Алена паступіла ў Мінск, у БДІНГ імя Куйбышава, на аддзяленне “Эканоміка сельскай гаспадаркі”. Для вясковай дзяўчыны гэта былі лепшыя гады юнацтва. Вучылася на выдатна. А ў вольны ад вучобы час дапамагала, як і ўсе тагачасныя студэнты, падымаць разбураны вайной Мінск. А восенню ўсім інстытутам ехалі ў вёску на бульбу. Паспявала яшчэ і мастацкія гурткі наведваць, і навуковай дзейнасцю займацца, і спортам. Лепшыя навуковыя працы студэнтаў удзельнічалі ў розных аглядах. Так, па выніках 1953-54 навучальнага года работа Алены Ківейшы ”Шляхі зніжэння сабекошту малака (на прыкладзе саўгасаў БССР)” была высока ацэнена. І гэта дало штуршок для вядзення далейшай навуковай працы, прадвызначыла лёс дзяўчыны. Пасля заканчэння інстытута  Алена была размеркавана на працу ў Інстытут эканомікі АН БССР, а з яго- у аспірантуру Інстытута эканомікі АН СССР у Маскве. Тут і абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме студэнцкай працы.

У 1958 годзе вярнулася ў Мінск, працавала  ў навуковых і навукова-вытворчых установах рэспублікі. Гэты дзесяцігадовы перыяд працы маладога вучонага быў звязаны  з даследаваннем эканомікі перадавых і адсталых саўгасаў і калгасаў рэспублікі. Мэтанакіравана, на месцы, у доўгіх камандзіроўках старалася яна прааналізаваць становішча ў гаспадарках і дапамагчы знайсці выйсце з цяжкага становішча. Шмат выступала на паседжаннях розных узроўняў, друкавалася, ездзіла з лекцыямі.

У 1967 годзе па выніках конкурсу перайшла на працу у БДІНГ імя Куйбышава, дзе  да апошніх дзён працавала на кафедры эканомікі і кіравання прадпрыемствамі АПК, атрымала званне прафесара.  Эканоміка сельскай гаспадаркі стала для Алены  Іванаўны мэтай жыцця і пуцяводнай ніткай. Ёй прафесар прысвяціла ўсе свае сілы.

Было ў жыцці прафесара Алены Ківейшы і вялікае каханне. Надзейным памочнікам і сябрам стаў для яе муж Мурас Васіль Сцяпанавіч, украінец па паходжанню, старэйшы на трынаццаць гадоў. Муж прайшоў праз выпрабаванні вайной, быў шмат разоў паранены і кантужаны. Вярнуўся з вайны інвалідам. Інжынер па ўзбраенні, ён займаўся навукай у галіне фізікі цвердага цела. За распрацоўкі у гэтай галіне ўзнагароджаны многімі відамі медалёў Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Памёр у 1994 годзе. Яго смерць Алена Іванаўна перанесла вельмі балюча, сама захварэла, была прааперыравана. Але працу не пакінула. Як піша прафесар у сваіх успамінах, падтрымалі калегі па працы, аднесліся шчыра і па-сяброўску. Тады ж і дапамаглі атрымаць кватэру ў Мінску. Да гэтага сям’я Ківейшаў жыла ў прыгарадзе.

Алены Іванаўны не стала некалькі гадоў таму. Але памяць пра вучонага, які зрабіў свой значны ўнёсак ў развіццё сельскагаспадарчай навукі, шчырую і інтэлігентную жанчыну, другую маці для пляменнікаў і таксама нашу зямлячку будзе жыць. А пакуль жывая памяць, жывы і чалавек.

 

Читайте также: