Жыццё, вартае пакланення

Часта так здараецца, што, пакуль жыве побач з табой чалавек, сустракаешь яго на вуліцы, вітаешся, перамаўляешся некалькімі словамі, заўсёды па звычцы спяшаючы, не задумваешся пра велічыню і непаўторнасць яго асобы. І толькі калі чалавека не стане, а ты не паспеў сказаць тое, што хацеў, не выслухаў, не выказаў належнай павагі, хоць шмат разоў збіраўся зрабіць гэта, толькі тады разумееешь значнасць страты. Бо пайшоў з жыцця не проста чалавек, з жыцця пайшла эпоха, лепшы прадстаўнік той кагорты настаўнікаў, якіх мы называем “старой савецкай школай”.

Сёлета пайшла  з жыцця Арцемія Міхайлаўна Чурыла, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1. Пайшла ціха, сціпла, як і жыла, так і не апрытомеўшы пасля інсульта.

Калі да музея даляцела чутка, што Арцемія Міхайлаўна ў бальніцы, мы з Ірынай Якаўчык тут жа вырашылі адведаць, але пагутарыць не давялося: яна ляжала ў цяжкім стане, непрытомная, побач увесь час знаходзілася дачка Ніна. Разрывалася сэрца ад усведамлення, што больш ніколі не давядзецца пагутарыць з ёй, наведаць з чарговай дэлегацыяй нашых землякоў-яўрэяў, якім яна расказвала пра расстрэл  у Курпешскім лесе, не давядзецца пасядзець з кубкам гарбаты ў яе ўтульным доме, дзе заўсёды было крыштальна чыста, па- старасвецку камфортна і душэўна.

Пазнаёміліся мы з Арцеміяй Міхайлаўнай дзякуючы маёй сяброўцы, а яе вучаніцы Нагавонскай Жанне Славаміраўне. Яшчэ працуючы ў сярэдняй школе №3, Жанна, настаўніца гісторыі, зацікавілася жыццём яўрэйскага насельніцтва на Дзятлаўшчыне, Халакостам. Падключыла і мяне. Мы пачалі шукаць сведкаў трагедыі дзятлаўскага яўрэйства. Адной з іх была Арцемія Міхайлаўна, якая нарадзілася, вырасла і ўсё жыццё, акрамя вучобы ў Гродзенскім педагагічным інстытуце, пражыла ў доме на вуліцы Савецкай. Тады, у далёкім 1998 годзе, я ўпершыню трапіла ў яе дом з высокім мураваным ганкам, акружаны старым садам.

Яна расказала нам усё, што помніла, а помніла, на дзіва, шмат, хоць было дзяўчынцы Арцеміі на пачатку вайны ўсяго восем гадоў. Помніла, як звалі суседскіх хлопчыкаў і дзяўчынак яўрэйскай нацыянальнасці, з якімі яна сябравала, помніла, чым займаліся іх бацькі, якія ў Дзятлаве былі прадпрыемствы, калі праходзілі базары, у якіх школах вучыліся дзеці, як бавілі вольны час. А яшчэ помніла, як гналі яўрэяў па вуліцы Савецкай на расстрэл  скрозь крыкі, плач, страляніну. Людзі ішлі доўга, а паліцаяў было няшмат, некалькі чалавек з аўтаматамі. Бацька загадаў сядзець ціха, у акно не глядзець, бо могуць выстраліць па цікаўных, але дзеці ёсць дзеці. На ўсё жыццё засеў у памяці вобраз суседа, трохі ненармальнага яўрэйскага падлетка Лейбы, які ішоў без шапкі, з растрапанымі валасамі. Яўрэі развітваліся з суседзямі-беларусамі, прасілі прабачэння, крычалі.

Успаміны Арцеміі Міхайлаўны давялося слухаць не раз, аднойчы яе нават здымалі для амерыканскага дакументальнага праекта пра Халакост у Еўропе. Здзіўляла яснасць розуму гэтай жанчыны, якой тады было ужо за восемдзесят.

Працоўная дзейнасць настаўніцы Чурыла Арцеміі Міхайлаўны скончылася ў 1991 годе, а да гэтага трыццаць сем гадоў працы ў школе—настаўніцай Ахонаўскай школы, намеснікам дырэктара СШ№1, настаўніцай рускай мовы і літаратуры СШ№1. Трыццаць сем гадоў добрасумленнай, самаадданай працы, якая давала не толькі радасць і задавальненне, але і адзначалася на самых высокіх дзяржаўных узроўнях: 1968—званне “Выдатнік асветы БССР”; 1975—“Заслужаны настаўнік БССР”; 1984—“Выдатнік асветы СССР”. Такіх настаўнікаў у нашым раёне адзінкі. І не толькі таму, што мела яна высокія званні, а, у першую чаргу, таму, што была сапраўды настаўнікам з вялікай літары: патрабавальным і цярплівым, шчырым і прынцыповым, прафесіяналам, які дасканала ведаў свой прадмет, умеў зацікавіць ім вучня і перадаць веды, развіўшы прыродныя здольнасці. Менавіта Арцемія Міхайлаўна дала раёну найбольшую колькасць пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд на рускай мове. Яе не баяліся, яна ніколі на ўроку не павышала голас, але парушаць дысцыпліну ніхто не адважваўся. Гэта было няпісаным законам.

Памяць чалавечая… Яна, безумоўна, не вечная, але пакуль жывуць вучні і помняць свайго настаўніка, датуль жывы і настаўнік. А добрыя справы чалавека не паміраюць ніколі, а множаць дабро на зямлі. І сёння, напярэдадні дня нараджэння Арцеміі Міхайлаўны, хочацца сказаць: “Светлая памяць Вам, дарагая Арцемія Міхайлаўна, мы Вас помнім і любім”.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Читайте также: