Аднаўленне Дзятлаўшчыны пасля Вялікай Айчыннай вайны

Праз тры месяцы пасля выгнання фашыстаў пачаў дзейнічаць райбыткамбінат, у якім працавалі 12 чалавек, запушчаны ў эксплуатацыю цагеньны завод. У кастрычніку 1944 года на патрэбы дзятлаўчан працавалі кравецкая майстэрня і майстэрня галаўных убораў, наладжана вытворчасць ганчарных вырабаў. Раён налічваў 20 дзеячых млыноў, меў тэлефонную станцыю на 20 нумароў. Рыхтавалі да пуску лесапільню і спірта-гарэлачны заводы ў вёсцы Парэчча.

У кастрычніку таго ж 1944 года ў Дзятлаўскім раёне мелася 8210 сялянскіх гаспадарак. У іх было 1542 кані, 6614 кароў, 5107 коз і авечак. Плошча пасяўных культур склала 29 тысяч гектараў. Дапамагала сялянам апрацоўваць палеткі створаная ўвосень Міроўшчынская машана-трактарная станцыя, якая мела 2 трактары, малацілкі і іншы сельскагаспадарчы рыштунак. З 10 па 20 ліпеня 1944 года, незважаючы на нястачу прадуктаў для ўласнага харчавання, сяляне здалі ў фонд абароны больш за 70 тон хлеба і 65 тон мяса. Хлебанарыхтоўкі 1944 года склалі 1400 тон збожжа і 3063 тоны бульбы. Пачала развівацца сацыяльная сфера. У кастрычніку 1944 года ў раёне дзейнічалі 75 школ, 2 сярэднія, 4 няпоўныя сярэднія, 69 пачатковых. Іх наведвалі 5637 чалавек, якіх навучалі 130 настаўнікаў.

Да канца 1944 года ў гарадскім пасёлку пачала працаваць раённая бальніца на сто ложкаў, былі адчынены амбулаторыя і аптэка, у вёсках меліся 3 медыцынскія пункты. Аднаўленне савецкай улады і народнай гаспадаркі праходзіла ва ўмовах барацьбы з непрыяцелямі савецкай улады.

Як вынікае з палітданясення сакратара Казлоўшчынскага РК КП(б)Б ад 30 лістапада 1944 года, у лістападзе на тэрыторыі раёна дзейнічалі 5 узброеных груп, якія налічвалі 40 мужчын. Яны ўхіляліся ад мабілізацыі ў Чырвоную Армію. У лістападзе 1944 года нежадаючых папоўніць шэрагі РККА было да 900 чалавек, яны і сталі асяроддзем пасіўнага, а нярэдка ўзброенага супраціўлення новай уладзе. Ад іх рук загінулі сакратар Дзятлаўскага сельскага савета І.І.Пацаль, старшыня Данілавіцкага сельскага савета М.Р. Савін.

З канца 1944 года і пачатку 1945 года ў раёне працавала надзвычайная камісія па расследаванню і ўстанаўленню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мясцовае насельніцтва шырока інфармавалі пра вынікі яе работы, з якіх паўстала абагуленая карціна злачынстваў гітлераўцаў на акупіраванай імі ў 1941-1944 гадах тэрыторыі.

Інфармацыю распаўсюджвалі дзятлаўская раённая газета “За новую вёску” і казлоўшчынская раённая газета “Сцяг Перамогі”.

На пачатак 1945 года ў раёне жылі 39338 чалавек. Дзяржаўную ўладу здзяйснялі 1 пасялковы і 15 сельскіх саветаў, тэрыторыі якіх уключалі 2 пасёлкі і 145 вёсак.

Паступова пашырыла сферу дзейнасці і свой уплыў раённая камуністычная арганізацыя. У сакавіку 1945 года яе складалі 5 пярвічных арганізацый і партыйна-кандыдацкая група, якія налічвалі 40 членаў і 25 кандыдатаў у члены партыі.

У сакавіку 1945 года ў раёне працавала 26 млыноў, з іх 12 мелі вадзяныя турбіны вытворчай магутнасцю 10-12 тон у дзень. МТС налічвала 5 трактароў, мела 3 электрастанцыі магутнасцю 162 кілаваты. Пачаў дзейнічаць мылаварны завод, была арганізавана вытворчасць колаў, створана мэблевая арцель, 3 шавецкія майстэрні, адчынена 18 гандлёвых кропак.

Да канца 1945 года працавалі 1 сярэдняя, 2 няпоўныя сярэднія і 78 пачатковых школ. Былі створаны 2 дзіцячыя дамы, у першым выхоўвалі 75 дзяцей, у другім 49. Дзіцячыя дамы апекавала вайсковая часць, расквартаваная ў Дзятлаве.

Мелася 2 бальніцы на 75 ложкаў, 5 медыцынскіх пунктаў, 2 клубы, дзейнічалі 15 хат-чытальняў. У 1945 годзе больш за 250 сем’яў перасяліліся з шалашоў і зямлянак у цёплыя памяшканні. Аднак жыллёвая праблема заставалася вострай.

Читайте также: