Знакамітыя землякі-юбіляры: Кацярына Кірэенка

Знакамітыя землякі-юбіляры

Геаграфія пачыналася на Дзятлаўшчыне

Кірэенка Кацярына Рыгораўна – наша зямлячка, вучоны, вядомы беларускі географ і эканаміст. Родам яна з г.п.Казлоўшчына. Тут у 1957 годзе скончыла школу. Якім было дзяцінства дзяўчынкі? Ды, відаць, такім жа, як і ва ўсіх дзяцей канца 40-х – пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Не заўсёды сытым, не заўсёды радасным, у пастаяннай працы, бо даводзілася дапамагаць бацькам і вучыцца адначасова. А падрасла, хацелася выглядаць прыгожа, модна, а купіць не заўсёды была магчымасць. Але ўсё гэта кампенсавалася жаданнем вучыцца, прагай да ведаў, цікавым школьным жыццём. Школа расла, вучняў большала. Мерапрыемствы, піянерскія зборы, канцэрты, спектаклі – усё вабіла і захапляла. Ды і вучылася выдатна, старалася. Аднак не адразу пачаўся шлях Каці Кірэенка ў навуку. Спачатку паступіла ў школу ФЗВ у Оршы (1957-1958) пры мясцовым ільнокамбінаце, затым некаторы час працавала прадзільшчыцай.  Ды цягнула вучоба, хоцелася новых гарызонтаў. Была яна дзяўчынай дапытлівай, шукала сябе. З дзяцінства падабалася геаграфія, незвычайныя, экзатычныя краіны, жыццё людзей на іншых кантынентах. Тэлевізары толькі пачыналі з’яўляцца, радыё не перадасць прыгажосці мораў і акіянаў. А вось кніга! Чытала начамі і ўяўляла снежныя вяршыні Гімалаяў, пустыні Афрыкі, насельнікаў вільготных джунгляў. Так і вырашыла паступаць на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла ў 1964 годзе.

Спачатку настаўнічала ў Капыльскім раёне на Міншчыне. Праца падабалася: любіла свой прадмет, хацела данесці дзецям новыя веды, з захапленнем расказвала не параграф з падручніка, а казку пра незвычайныя падарожжы ў далёкую Аўстралію, на Паўночны полюс, у лясы Амазонкі. Ды ці мала на планеце Зямля такіх месцаў, пра якія можна так расказаць? Але асабліва падабалася маладой настаўніцы адкрываць вучням родную Беларусь, наладжваць экскурсіі на бліжэйшую рэчку ці возера, а, калі пашчасціць, то і выехаць далей, у іншы горад, схадзіць у музей.

Адпрацаваўшы ў школе, прыняла запрашэнне на пасаду навуковага супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага музея (1966-1970), занялася эканамічнай навукай, з 1970 па 1987 гады працавала малодшым, затым старшым  навуковым супрацоўнікам Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі (у 1980 годзе завочна скончыла аспірантуру). З 1987 года – дацэнт кафедры эканамічнай геаграфіі Беларускага педагагічнага ўніверсітэта.

Педагогіка стала для Кацярыны Рыгораўны сэнсам жыцця, той зоркай, якая вяла, дапамагала трымацца ў любой жыццёвай сітуацыі. Любіла студэнтаў, радавалася, калі добра ведалі прадмет, цікавіліся навукай, хацелі паступаць у аспірантуру, з задавальненнем і шчырым сэрцам дапамагала кожнаму, хто звяртаўся. Выхавала шмат прадаўжальнікаў – і настаўнікаў, і навукоўцаў.

І, канешне, сама займалася навукай. Пачала друкавацца ў 1977 годзе, спачатку ў Беларусі, потым у Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі. Глыбока і грунтоўна даследавала праблемы эфектыўнасці развіцця і размяшчэння вытворчых сіл, рацыянальнага прыродакарыстання. Выдала манаграфію “Водныя рэсурсы – фактар размяшчэння прамысловасці” (1981). Стала сааўтарам многіх даследаванняў на рускай мове, у тым ліку “Сацыяльнаяінфраструктура – вынік і фактар эфектыўнасці вытворчасці” (1982), “Сацыяльная інфраструктура і сацыялістычны лад жыцця” (1983), “Рэгіянальныя праблемы развіцця вытворчай інфраструктуры і міжгаліновых вытворчасцяў” (1985), “Сацыяльная інфраструктура рэгіёну” (1986), “Спалучэнне галіновага і тэрытарыяльнага кіравання эканомікай саюзнай рэспублікі” (1991). За гады плённага навуковага жыцця Кацярына Рыгораўна Кірыенка выдала шмат дапаможнікаў для студэнтаў і школьнікаў, напісала ў сааўтарстве некалькі значных прац па геаграфіі Беларусі – “Эканамічная і сацыяльная геаграфія Рэспублікі Беларусь” Ч. І-ІІ (1993), “Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь” (1997).

У верасні Кацярыне Рыгораўне Кірыенка спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння. Мы ганарымся сваёй зямлячкай, беражом памяць пра яе ў нашым музеі і гатовы падзяліцца інфармацыяй з кожным наведвальнікам.

               Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея


 

Читайте также:

BelarusianEnglishRussian